Надзея НІКАЛАЕВА, zviazda.by
Днямі сталі вядомыя вынікі апошняга міжнароднага даследавання адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PISA (Program for International Student Assessment).
У многіх краінах іх абвяшчэнне становіцца адной з галоўных падзей для нацыянальнай сістэмы адукацыі. І калі краіна аказваецца вельмі далёка ад сусветных лідараў, гэта разглядаецца як нацыянальная пагроза і сігнал, што ў сістэме адукацыі трэба тэрмінова штосьці мяняць: пераглядаць патрабаванні да адукацыйных стандартаў, уносіць карэктывы ў вучэбныя праграмы і планы, мяняць падыходы да выкладання вучэбных дысцыплін і гэтак далей.
Новыя акцэнты
PISA - найбуйнейшая міжнародная праграма па ацэнцы вучэбных дасягненняў, якая рэалізуецца пад эгідай Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Маніторынгавае даследаванне, якое ахоплівае 15-гадовых падлеткаў, заклікана даць адказ на пытанне, ці выконвае адукацыя сваю асноўную функцыю — падрыхтоўку да самастойнага жыцця? Таму і заданні ў тэстах абапіраюцца на сітуацыі, якія аўтары бяруць з рэальнага жыцця. Правяраюцца не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў, колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі, здольнасць вучняў устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, іх уменне супастаўляць факты і аналізаваць, хутка прымаць рашэнні.
Даследаванне РІSА праводзіцца кожныя тры гады, а затым на працягу яшчэ аднаго года аналізуюцца вынікі тэстаў, перш чым яны будуць прадстаўлены сусветнай грамадскасці. Першы рэйтынг быў складзены ў 2000 годзе. Вынікі апошняга агучаны 5 снежня 2016 года. У даследаванні, што праходзіла летась, удзельнічалі 536 тысяч школьнікаў з 72 краін, у тым ліку Расія, Эстонія, Літва, Латвія, Малдова, Казахстан.
Кожны раз акцэнты ў даследаванні змяшчаюцца. Асноўная ўвага падчас апошняга маніторынгу ўдзялялася прыродазнаўчанавуковай адукаванасці і выяўленню тэндэнцый развіцця прыродазнаўчанавуковай адукацыі ў свеце за апошнія гады. Даследаванне PISA-2015 праводзілася цалкам на камп’ютарнай аснове з выкарыстаннем новага тыпу інтэрактыўных задач. Працэдура ўяўляла сабой двухгадзіннае тэсціраванне па матэматыцы, прыродазнаўстве і чытацкай адукаванасці (разуменні тэкстаў), а таксама выкананне заданняў з вобласці вырашэння комплексных праблем. Даследчыкаў цікавіла здольнасць навучэнцаў працаваць у камандзе. Дадатковым кампанентам стала вывучэнне фінансавай дасведчанасці падлеткаў. Вынікі даследавання па вырашэнні комплексных праблем і фінансавай адукаванасці будуць агучаны ў першай палове 2017 года.
Дзе наша месца?
Ужо сёння вядома, што ў 2018 годзе галоўны акцэнт будзе зроблены на чытацкую адукаванасць плюс дадаткова будуць вывучацца кампетэнцыі, неабходныя для эфектыўнага ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі розных краін і розных культур. Да міжнароднага даследавання PISA павінна далучыцца ў 2018 годзе і Беларусь. Удзел у ім дасць беларусам магчымасць убачыць сябе на фоне дасягненняў сістэм адукацыі іншых краін. Праўда, як сведчыць практыка, тыя краіны, якія толькі далучыліся да міжнароднага даследавання, як правіла, аказваюцца ўнізе сусветнага рэйтынгу. Ёсць нават тэрмін “РІSА-шок”. Але для навічкоў іх вынік становіцца, так бы мовіць, пунктам адліку і прымушае рухацца наперад, арыентуючыся на досвед самых паспяховых краін. Вымярэнні выкарыстоўваюцца для таго, каб удасканаліць сістэму, бо як можна быць упэўненым, што адукацыя развіваецца ў правільным кірунку, калі не параўноўваць свае поспехі з адукацыйнымі дасягненнямі іншых краін? Менавіта PISA дазваляе зразумець, якая краіна будзе больш канкурэнтаздольнай у будучыні за кошт патэнцыялу падрастаючага пакалення.
Расія, у адрозненне ад Беларусі, бярэ ўдзел ва ўсіх буйнамаштабных міжнародных даследаваннях TІMSS, РІSА і РІRLS, якія ўзаемна дапаўняюць адно аднаго і даюць больш поўную інфармацыю аб сістэме адукацыі, ацэньваючы яе з розных бакоў. У даследаванні PISA Расія ўдзельнічае з 2000 года і ўжо неаднойчы перажыла PISA-шок. З трывогай усе чакалі і вынікаў апошняга даследавання. Аднак у параўнанні з 2012 годам сярэднія вынікі расійскіх навучэнцаў па матэматычнай і чытацкай адукаванасці падраслі, але па прыродазнаўчанавуковай - практычна не змяніліся.
Сярэдні бал расійскіх навучэнцаў па прыродазнаўчанавуковай адукаванасці склаў 487 балаў, а сярэдні бал па краінах АЭСР – 493 балы. Самыя высокія вынікі тут прадэманстравалі навучэнцы Сінгапура – у іх 556 балаў. Высокімі вынікамі таксама могуць пахваліцца навучэнцы чатырох краін: Японіі, Эстоніі, Фінлядыі і Канады.
У міжнародным тэсце былі прадстаўлены тры раздзелы: “Жывыя сістэмы”, “Фізічныя сістэмы” і “Зямля і касмічныя сістэмы”. На думку расійскіх экспертаў, змест заданняў PISA па наборы неабходных прадметных ведаў не выходзіў за межы расійскіх школьных праграм па фізіцы, хіміі, біялогіі, фізічнай геаграфіі, але ад навучэнцаў патрабавалася актыўнае прымяненне ведаў. Таму даволі прагназавана ў расійскіх школьнікаў “правіслі” заданні, дзе ад падлеткаў патрабавалася прымяняць метады даследавання. Ва ўменні фармуляваць навуковыя гіпотэзы, вызначаць план даследавання, інтэрпрэтаваць іх вынікі назіраецца найбольшае адставанне.
Новы тып інтэрактыўных заданняў уяўляў сабой камп’ютарную сімуляцыю. Напрыклад, вывучалася тэрмарэгуляцыя арганізма чалавека падчас забегу на доўгія дыстанцыі ва ўмовах павышанай тэмпературы і (ці) вільготнасці паветра. Камп’ютарная сімуляцыя давала магчымаць навучэнцам змяняць тэмпературу паветра і ўзровень вільготнасці, а таксама вар’іраваць умовы - спажывае бягун ваду ці не спажывае і гэтак далей.
Асэнсаваць і ацаніць
Самыя высокія вынікі па матэматычнай адукаванасці прадэманстравалі зноў-такі навучэнцы Сінгапура. За імі следам ідуць школьнікі з Ганконга, Макаа (Кітай) і Тайваня. З еўрапейскіх краін у першую дзясятку ўвайшлі толькі Швейцарыя і Эстонія. За гады ўдзелу ў праграме PISA назіраецца павышэнне вынікаў расійскіх навучэнцаў па матэматычнай адукаванасці на 26 балаў. У параўнанні з 2012 годам сярэднія вынікі расійскіх школьнікаў у гэтай сферы падраслі на 12 балаў (з 482 да 494), а па чытацкай адукаванасці – на 20 балаў (з 475 да 495).
Школьнікі Сінгапура трымаюць пальму першынства і ў чытацкай адукаванасці. Крышачку адстаюць ад іх 15-гадовыя падлеткі з Ганконга, Канады, Фінляндыі, Ірландыі і Эстоніі. Расіяне “падраслі” за гады ўдзелу ў даследаванні PISA на 33 пункты. Уменне асэнсаваць і ацаніць інфармацыю з тэксту развіта ў расійскіх падлеткаў не горш, чым у іх равеснікаў з краін АЭСР.
- Паляпшэнне вынікаў Расіі тлумачыцца агульным павелічэннем долі практыкаарыентаваных заданняў у школьным курсе матэматыкі. З 2013 года блок "Рэальная матэматыка" быў уключаны ў выніковую атэстацыю для дзевяцікласнікаў. Практычныя заданні з'явіліся ў профільным і базавым ўзроўні адзінага дзяржаўнага экзамену па матэматыцы, - пракаментаваў вынікі міжнароднага даследавання кіраўнік Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі Сяргей КРАЎЦОЎ. – Паляпшэнне нашых пазіцый у чытацкай адукаванасці звязана, у сваю чаргу, з увядзеннем федэральнага дзяржаўнага адукацыйнага стандарту, у якім чытацкая і інфармацыйная адукаванасць займаюць важнае месца. Гэта вельмі карыснае для атрымання агульнай адукацыі ўменне, і такое паляпшэнне вынікаў расійскіх школьнікаў не можа нас не радаваць.
Між іншым, больш за ўсё расійскіх экспертаў уразілі заданні, якія адносяцца да новага кірунку ў даследаванні – калектыўнага рашэння праблем. Падлеткам прапануюць у стасунках з нейкімі віртуальнымі партнёрамі сумесна абмеркаваць і вырашыць практычную праблему: арганізаваць, напрыклад, вытворчасць маек або стварэнне школьнай газеты і г.д. Гэта значыць, што ставіцца даволі складаная метадычная і тэхналагічная задача: змадэляваць працэс узаемадзеяння паміж людзьмі і ацаніць, наколькі прадуктыўна вучань умее ўзаемадзейнічаць. Разам з тым вынікі РІSА ўказваюць на тое, што ў расійскіх школьнікаў пакуль ёсць праблемы з прымяненнем ведаў і навыкаў у сітуацыях, якія выходзяць за рамкі вучэбных. Спецыялісты тлумачаць гэты факт празмернай акадэмічнай скіраванасцю расійскай школы, характэрнай для многіх краін на постсавецкай прасторы, у тым ліку і для Беларусі.
Цікава, што на працягу ўсіх цыклаў PISA лідарамі ў міжнародным маніторнгавым даследаванні выступаюць краіны Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі: Сінгапур, Тайвань, Карэя, Японія і іншыя. Амаль усе яны вылучаюцца хуткімі тэмпамі развіцця эканомікі. Ці не ў школе трэба шукаць прычыны іх эканамічнага дабрабыту?
Матэматычная адукаванасць – гэта здольнасць фармуляваць, прымяняць і інтэрпрэтаваць матэматыку ў разнастайных кантэкстах. Яна ўключае матэматычныя разважанні, выкарыстанне матэматычных паняццяў, працэдур, фактаў і інструментаў для апісання, тлумачэння і прадказання з’яў, дапамагае выказваць добра абгрунтаваныя меркаванні і прымаць канструктыўныя рашэнні.
Чытацкая адукаванасць - здольнасць чалавека разумець і выкарыстоўваць пісьмовыя тэксты, разважаць пра іх і займацца чытаннем для таго, каб дасягаць сваіх мэт, пашыраць свае веды і магчымасці ўдзелу ў сацыяльным жыцці.
Прыродазнаўчанавуковая адукаванасць – здольнасць чалавека займаць актыўную пазіцыю па пытаннях, звязаных з прыродазнаўчымі навукамі, і яго гатоўнасць цікавіцца навуковымі ідэямі. Адукаваны чалавек імкнецца ўдзельнічаць у аргументаваным абмеркаванні праблем, якія адносяцца да прыродазнаўчых навук і тэхналогій, што патрабуе наступных кампетэнцый: навукова тлумачыць з’явы, ацэньваць і планаваць навуковыя даследаванні, навукова інтэрпрэтаваць звесткі і доказы.