Прыёмы і метады работы з крыніцамі інфармацыі ў адукацыйным працэсе

                                                                  Эла Якубоўская,
настаўніца фізікі гімназіі № 1 г.Жодзіна

Звычайна, пачынаючы заняткі па медыяграматнасці, я прапаную слухачам даведацца па характарыстыцы, пра каго ідзе гаворка. Складнікі характарыстыкі наступныя:

  • амаль не карыстаецца гарадскім тэлефонам, не памятае нумары сяброў, не выбірае: тэлефон або інтэрнэт, не піша ад рукі, а звыкла набірае на клавіятуры;
  • кожны дзень карыстаецца камп’ютарам, планшэтам, смартфонам і даволі часта прыстаўкай для гульняў;
  • дрэнна запамінае, бо вырас у асяроддзі, дзе пра ўсё можна спытаць у інтэрнэце, але адначасова можа паспяхова выконваць некалькі задач;
  • лепш разумее вобраз, чым слова, так як сталеў ва ўмовах дэматыватараў, інфаграфікі і фота сяброў і коцікаў;
  • мае сотні сяброў у сацыяльных сетках, не засяроджваецца на трывалых зносінах і лёгка развітваецца, калі адчувае сябе некамфортна;
  • галоўная матывацыя – цікавасць, калі не цікава –  нічога не будзе рабіць, таму што ў яго ўсё ёсць (бацькі забяспечылі);
  • не амбіцыйны, але прывык да пахвалы, лайкаў і рэпостаў.

(Па матэрыялах: Штурвалов А. Как ставить задачи нынешним 20-летним?)

Адказы вельмі розныя: ад бяскрыўдных: «Гэта ж нашы школьнікі» да агрэсіўных: «Гэта нейкія непаўнацэнныя людзі». А гэта ўсяго толькі характарыстыка пакалення Z. Тэорыю пакаленняў распрацавалі Ўільям Штраўс і Нэйл Хоўв. Штраўс і Хоўв вызначаюць пакаленне як сукупнасць усіх людзей, народжаных у прамежак часу, які складае прыкладна 20 гадоў. Пакалення Z  - гэта тыя, хто нарадзіўся пасля 2003 г. Пра іх яшчэ кажуць: «народжаныя лічбавай рэвалюцыяй». Яны выраслі ў эпоху сацыяльных сетак і не ўяўляюць сваё жыццё без лічбавых гаджэтаў. Яны ўспрымаюць інтэрнэт як навакольнае асяроддзе. 90% з іх штодня карыстаюцца інтэрнэтам (сярод іх бацькоў гэта робіць кожны другі). У сучасных дзяцей сацыялізацыя адбываецца ў інтэрнэце, тады як бацькі ў іх узросце мелі зносіны асабіста. Псіхолагі сцвярджаюць, што ў іх іншы тып мыслення, іншае ўспрыманне. І гэта трэба ўлічваць пры іх навучанні і выхаванні.

Пакаленне Z жыве ў інтэрнэце, карыстаецца лічбавымі прыладамі лепш за бацькоў і настаўнікаў, але ж часам не разумее, якому кантэнту можна давяраць, а якому – не. Паводле апошніх даследаванняў Стэнфардскага універсітэта, большасць падлеткаў не можа адрозніць рэкламныя матэрыялы ў СМІ ад класічных навін. Навукоўцы хацелі высветліць, як вучні ацэньваюць інфармацыю з вэб-сайтаў. Эксперты апыталі 7 804 вучні з сярэдніх школ і каледжаў. Высветлілася, што 82% не бачаць розніцы паміж аплачаным кантэнтам і звычайнымі тэкстамі. Як правіла, вучні арыентаваліся на тое, ці былі да артыкулу прымацаваныя вялікія яркія малюнкі і на колькасць падрабязнасцяў, а не на крыніцу інфармацыі, піша The Wall Street Journal. Пры пошуку якой-небудзь інфармацыі па тэме вучні хапаюцца за першы матэрыял, які ім патрапіў па тэме і не клапоцяцца пра тое, каб праверыць, прааналізаваць крыніцу. Як мы вучым дзяцей правілам дарожнага руху, таксама ж трэба іх вучыць і правілам руху ў інфармацыйных плынях. І тыя, і іншыя маюць вялікі ўплыў на захаванне бяспекі.

Шмат звестак дзеці бяруць з інтэрнэта, часам не бачачы розніцы паміж якаснай і няякаснай інфармацыяй, слепа давяраюць навінам, атрыманым з сацыяльных сетак, бульварнай прэсы. Таму перш за ўсё неабходна навучыцца правяраць дакладнасць. Яскравы прыклад некарэктнай падачы інфармацыі –  выкарыстанне шакавальных ці сенсацыйных загалоўкаў, якія выдатна працуюць на прыцягненне ўвагі, прычым самі навіны пры гэтым могуць быць самыя звычайныя. Напрыклад «Ірына Дарафеева прысмерці!» – навіна пра тое, як у нейкай далёкай вёсцы цёзка вядомай спявачкі трапіла ў ДТЗ. Але чалавек рэагуе не на саму навіну, а на загаловак, публікуючы гэта ў сваёй сацыяльнай сетцы, у блогу і г.д. Калі ж перапост робіць вядомы чалавек і яго меркаванню многія давяраюць, то навіна разыходзіцца імгненна.

Для вызначэння дакладнасці інфармацыі можна карыстацца наступнымі фармальнымі індыкатарамі:

  1. Надзейнасць крыніцы.
    • Наяўнасць спасылак на крыніцы інфармацыі. Самым лепшым індыкатарам надзейнасці інфармацыі з'яўляецца наяўнасць спасылак на зыходны матэрыял. Даволі часта ў інтэрнэце ідзе перадрукоўка дадзеных з аднаго сайта на іншыя. Чым больш спасылак на зыходны матэрыял утрымлівае артыкул, тым вышэй яго аўтарытэт сярод іншых рэсурсаў. Пацверджанне факту трэба шукаць, як мінімум, у дзьвух незалежных адна ад адной крыніцах. Напрыклад, у дзяржаўным і незалежным інфармацыйных агенцтвах, або ў навуковым часопісе і энцыклапедыі.  
    •  Месца знаходжання вэб-сайта. Калі URL-адрас сайта ўтрымлівае дамен .gov, хутчэй за ўсё гэта надзейны ўрадавы вэб-сайт. Напрыклад, адрас сайта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь edu.gov.by і загад міністра лепш спраўдзіць там.  Калі назва сайта заканчваецца на .edu, то хутчэй за ўсё, сайт належыць установе адукацыі. Часцей за ўсё матэрыялы на такіх сайтах з'яўляюцца праверанымі і значнымі. Качатак сайта .сom сведчыць аб прыналежнасці да камерцыйнай арганізацыі. Канчатак .org - cайту некамерцыйнай арганізацыі. Канчаткі .by, .ua, .ru сведчаць аб нацыянальнасці дамена. Канчатак .net часта маюць сайты сеткавых правайдэраў, адміністрацыйныя сайты інтэрнэту. Аднак у беларускай інтэрнэт-прасторы гэтыя правілы не заўсёды выконваюцца.
    • Рэйтынг рэсурсу, на якім размешчана інфармацыя. У гэтым могуць дапамагчы вядомыя інфармацыйна-пошукавыя сістэмы, напрыклад «Google». Ён пакажа  індэкс цытавання рэсурсу, выдасць праз пошукавы запыт інфармацыю пра яго. Дастаткова ў пошукавым радку набраць link: адрас вэб-сайта.
    • Актуальнасць і навізна. Трэба звярнуць увагу на дату публікацыі інфармацыі, праверыць, ці з’яўляюцца рабочымі спасылкі, ці ёсць на сайце звесткі, якія ўказваюць, калі сайт быў створаны, калі былі апошнія абнаўленні. Паказчыкі таго, ці працягвае аўтар або распрацоўшчык сайта падтрымліваць старонку, сведчаць аб магчымасці атрымаць свежыя навіны.
  2. Аўтарства
    • Для таго каб зразумець, ці варта давяраць якому-небудзь артыкулу, можна пашукаць інфармацыю аб статусе і кампетэнтнасці яе аўтара. Напрыклад, азнаёміцца з іншымі яго публікацыямі, каментарамі і водгукамі чытачоў. Калі аўтар артыкула мае добры журналісцкі вопыт, ганаровую пасаду або навуковую ступень, шанцы на праўдзівасць яго довадаў ўзрастаюць. Акрамя таго, у інтэрнэце могуць быць яго блогі, старонкі сацыяльнай сеткі і іншая інфармацыя, якая дапаможа скласці меркаванне пра аўтара.
    • Кваліфікацыя аўтара артыкула менавіта ў гэтай тэме. Дастаткова ў радку пошуку набраць: імя аўтара + тэма.
    • Наяўнасць зваротнай сувязі з аўтарамі. Гэта можа быць спасылка на хатнюю старонку (Home).   Ці наяўнасць спасылкі:"Пра нас"(About us), "Пра сябе" (Who Am I), «Кантакты» (Contacts), “Пытанні, якія часта задаюць”(FAQ), “Яшчэ” (More), “Інфармацыя аб кампаніі” (Company Information), “Профілі” (Profiles), “Персанал” (Our staff) або іншыя індыкатары, з дапамогай якіх можна знайсці інфармацыю пра аўтара.
  3. Якасць падачы інфармацыі
    • Інфармацыя пададзеная граматна, без граматычных, сінтаксічных або пунктуацыйных памылак.
    • Адпаведнасць наяўных фатаграфій або малюнкаў зместу сайта. Карыснасць прыведзеных малюнкаў.
    • Адпаведнасць назвы адрасу сайта яго зместу.
    • Спасылкі, размешчаныя на гэтым сайце, вядуць на іншыя карысныя рэсурсы.
    • Ацэнка інфармацыі на праўдзівасць. Для гэтага можна скарыстацца саветам Крыса Шэрмана і Гэры Прайса [1]. Ён наступны: скарыстайце тыя ж самыя «фільтры» пры ацэнцы інфармацыі, якія вы ўжываеце пры чытанні інфармацыі ў оф-лайне. Спытаеце сябе: «Як бы я адрэагаваў, калі б прачытаў пра гэта ў газеце ці ў лісце, які прыйшоў па пошце?». Той факт, што інфармацыя змяшчаецца ў інтэрнэце, яшчэ не служыць доказам яе праўдзівасці, роўна як і наадварот. Тым не менш, часта людзі падсвядома лічаць, што прачытанае ў інтэрнэце друкаванае слова праўдзіва.

Наяўнасць малюнка або фатаграфіі ў інфармацыйным паведамленні прыцягвае значна больш чытачоў. Большасць падлеткаў у першую чаргу рэагуюць на навіну, якая суправаджаецца прыгожай карцінкай. Існуе нямала рэсурсаў, здольных дапамагчы правесці аператыўную праверку, ці мае фота адносіны да падзеі, якую яно ілюструе: Findexif.com - бясплатны сэрвіс, які можа па спасылцы на фота вызначыць звесткі пра яго, калі было зроблена, якой прыладай, параметры выявы, часам можна вызначыць і месца здымкі. FotoForensics.com - сайт, які акрамя таго, можа знайсці ўстаўленыя ў фатаграфію пры рэдагаванні фрагменты. Пасля апрацоўкі праграма выдае здымак, дзе змененыя вобласці будуць вылучацца на фоне іншых.  Праграма TinEye  дазваляе рабіць зваротны пошук малюнка і  знайсці яго арыгінальную крыніцу. Аднак і звычайныя пашукавікі Google Search by Image, ці пошук  у “малюнках” Яндэкса могуць знайсці фота і паказаць, калі і дзе   яшчэ яно друкавалася.

Недакладная інфармацыя сустракаецца не толькі ў інфармацыйна-забаўляльнай сферы, але і ў любых іншых, уключаючы адукацыйную. Маса памылак сустракаецца ў розных банках рэфератаў, якімі так любяць карыстацца школьнікі. Давяраць у інтэрнэце можна афіцыйным энцыклапедыям, слоўнікам. Адукацыйныя рэсурсы, якія прайшлі праверку дакладнасці можна ўбачыць у розных афіцыйных калекцыях адукацыйных рэсурсаў. Прывядзём некаторыя прыклады: 

  • http://www.edu.by — Беларускі нацыянальны адукацыйны Інтэрнэт-партал;
  • http://rikz.unibel.by — Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў
  • http://www.academy.edu.by — сайт Акадэміі паслядыпломнай адукацыі
  • http://www.nlb.by — Інтэрнэт-партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
  • http://npb.unibel.by — сайт Навукова-педагагічнай бібліятэкі ГИАЦ
  • http://slounik.org/ - сайт электронных слоўнікаў

Рэсурсы, апублікаваныя там, у большасці сваёй прайшлі навукова-метадычную экспертызу.

Варта асобна ўдзяліць увагу такому папулярнаму рэсурсу як Вікіпедыя – свабодная энцыклапедыя. Інфармацыя, апублікаваная ў ёй, цалкам можа апынуцца недакладнай, паколькі доступ да напісання і рэдагавання артыкулаў мае любы ахвочы – ад навуковага супрацоўніка да навучэнца пачатковай школы.

Выкарыстоўвайць Вікіпедыю для азнаямлення з матэрыяламі па тэме, якая зацікавіла вучня можна, але не ўспрымаць яе як эксперта. Калі няма неабходнасці дэталёва вывучыць гэтую тэму, то Вікіпедыя падыдзе, але спасылкі на Вікіпедыю пры напісанні рэфератаў ці іншых работ – недапушчальныя.  Таксама можна скарыстацца абазначэннямі самой Вікіпедыі. Вікіпедыя вызначае выдатныя и добрыя артыкулы. Па дадзеных Вікіпедыі: “Выдатныя артыкулы” — артыкулы, якія ўдзельнікі Вікіпедыі лічаць аднымі з самых лепшых артыкулаў праекта. “Выдатныя артыкулы” — артыкулы, якія напісаны з веданнем пытання і раскрываюць закранутую тэму. Пры гэтым яны павінны адпавядаць пэўным патрабаванням. Перад тым, як з'явіцца на старонцы, “Выдатныя артыкулы” праходзяць адпаведную працэдуру абрання:  іх абмяркоўваюць на прадмет дакладнасці, нейтральнасці, паўнаты і стылю напісання. Існуюць таксама “Добрыя артыкулы”, якія пакуль не адпавядаюць усім крытэрыям выдатных, але набліжаюцца да іх па якасці. Усе “Выдатныя артыкулы” адзначаны знакам ✯ у верхнім правым вугле сваёй старонкі, а таксама адпаведным шаблонам ўнізе артыкула. Колькасць “Выдатных артыкулаў” у беларускай Вікіпедыі — 71.”  Але трэба  памятаць, што інфармацыя, якую хутка можна знайсці ў Вікіпедыі, можа быць няправільнай. Што па-сапраўднаму карысна ў Вікіпедыі, дык гэта спіс крыніц унізе артыкула. Можна паглядзець на пералічаныя крыніцы і вырашыць для сябе, ці варта ім давяраць. Пачытаць гэтыя крыніцы, каб убачыць інфармацыю ў кантэксце. Калі фрагменты інфармацыі цытуюцца недакладна, быць напагатове. Пасля таго як  азнаёміліся з тэмай на Вікіпедыі, можна пашукаць больш падрабязную інфармацыю. Для пошуку можна выкарыстоўваць  ключавыя словы, прыведзеныя ў артыкуле з Вікіпедыі. Калі ўвесці ў пошукавік пазнаку edu або gov, Google выдасць вынікі толькі з урадавых сайтаў або універсітэтаў. Праўда, такія крыніцы больш аб'ёмныя або цяжкія для разумення, чым артыкулы ў Вікіпедыі.

Аналізу кантэнта трэба вучыць.

Для гэтага не абавязкова ўводзіць асобны прадмет. Уменне крытычна аналізаваць інфармацыю з інтэрнэта можна адпрацоўваць на школьных уроках. Бо вельмі часта навучэнцы рыхтуюць даклады, рэфераты па розных тэмах, выконваюць навучальныя праекты, выкарыстоўваючы ў якасці крыніцы электронныя рэсурсы. Можна прапанаваць праводзіць з навучэнцамі аналіз інфармацыйных паведамленняў па наступным плане [2]:

  • На якім сайце апублікаваная інфармацыя? Што можна сказаць пра гэты сайт?
  • Ці ўказана крыніца інфармацыі? Што вы можаце сказаць пра гэту крыніцу?
  • Хто аўтар інфармацыйнага паведамлення?
  • Каму адрасавана гэтае паведамленне?
  • Якая аргументацыя выкарыстоўваецца? Ці ёсць у тэксце фактычныя памылкі?
  • Вызначыце мэту, якую нясе гэта iнфармацыйнае паведамленне.
  • Знайдзіце ў сетцы падобныя паведамленні (падобную інфармацыю па гэтай тэме), выкарыстоўваючы розныя камбінацыі ключавых слоў. Параўнайце інфармацыю з розных крыніц, прааналізуйце яе.
  • Зрабіце выснову, ці можна давяраць гэтай інфармацыі?

Не спрабуйце змяніць ваша дзіця і зрабіць з яго чалавека з такімі ж перакананнямі, ўстаноўкамі і поглядамі як у вас. Прыміце як факт – яно іншае, яно ў чымсці лепш вас. Дапамажыце яму ўвайсьці ў дарослае жыццё, падзяліцеся сваім вопытам і прыгледзьцеся ўважлівей – магчыма, вам таксама ёсць чаму павучыцца ў яго.

Выкарыстаныя крыніцы:

  1. Ющук Е.Л. Интернет-разведка: руководство к действию / Е.Л. Ющук, Интернет-разведка: руководство к действию, Москва, издательство деловой литературы "Вершина", 2007г., 256с.
  2. Якушина, Е.В. Медиаобразование: как проверить достоверность информации в Интер-нете? [Электронный ресурс] / Е.В. Якушина// Медиа. Информация. Коммуникация: Международный электронный научно-образовательный журнал. – 2013. - №6. - Режим доступа: http://mic.org.ru/6-nomer-2013/215-mediaobrazovanie-kak-proverit-dostove.... Дата обращения: 25.12.2016.

https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/clip.gif