Чым кампетэнцыі адрозніваюцца ад Ведаў-Уменняў-Навыкаў

Тамара Мацкевіч

Словы «кампетэнтнасны падыход» увайшлі ў настаўніцкую лексіку і нават узгадваюцца ў інструкцыях і праграмах. Гэта вельмі добры знак. Засталося толькі зразумець, што гэта такое і навошта нам іх фармаваць у вучняў.

Часта ад настаўнікаў можна пачуць, што кампетэнцыі – гэта тое самае, што і Веды-Уменні-Навыкі (ВУН), мы іх і так фармуем. Нехта ўпэўнены, што кампетэнцыі  гэта так званая функцыянальная граматнасць  г.зн. узровень адукаванасці, які дазваляе вырашаць стандартныя задачы у сваім соцыюме[1]. Давайце разбяромся.

Тут мы спынімся на ключавых (базавых) кампетэнцыях, бо менавіта яны (а не прафесійныя ці якія яшчэ) пакладзены ў аснову для арганізацыі сучаснага навучальнага працэсу.

https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/key_comprtences.jpg

Ключавыя кампетэнцыі, паводле вызначэння, дадзенага ў Рэкамендацыях Еўрапарламента і Рады Еўропы,  гэта сістэма ведаў, уменняў і каштоўнаснага стаўлення, патрэбная для самарэалізацыі, персанльнага развіцця, актыўнага грамадзянства, сацыяльнай інклюзіі і працаўладкавання ў сучасным грамадстве. Да гэтай сістэмы яшчэ дадаецца крытычнае мысленне, крэатыўнасць, уменне вырашаць праблемы, прымаць рашэнні, кіраваць эмоцыямі і г.д. Ключавыя кампетэнцыі могуць перасякацца і ўзаемна дапаўняць адна адну, аднак асноўныя ключавыя кампетэнцыі  такія, як моўная, матэматычная, інфармацыйная  служаць грунтам для ўсіх астатніх кампетэнцый[2].

Найперш настаўніку трэба зразумець, што кампетэнцыі не адмяняюць ведаў-уменняў-навыкаў, якія ён фармуе ў межах свайго прадмету, а пашыраюць іх, бо яны звязаныя з паводзінамі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі вучня. Можна прывесці ў прыклад двух вучняў, якія маюць аднолькавыя ВУН у біялогіі, але па-рознаму вядуць сябе ў лесе: адзін збірае сухастой для вогнішча, каб не шкодзіць жывой прыродзе, а другі не задумваючыся спілуе дзікую вішню, бо да ягад цяжка дацягнуцца.

Гэтыя паводзіны ў сітуацыі выбару і адрозніваюць кампетэнцыі ад ВУН, а таксама вызначаюць і агульную атмасферу ў грамадстве. Ад школы залежыць, які доктар атрымаецца з тых двух вучняў у будучыні: які імкнецца вылечыць, дакапацца да дыягназу, ці фармальна выпісаць пілюлю, якая хоць не лечыць, але абавязковая для прапісвання як прадукт «айчыннага вытворцы».

Каштоўнасныя ўстаноўкі, прыкладам, у матэматычнай адукацыі,  гэта жаданне даведацца праўду, дэманстрацыя логікі і выкарыстанне матэматычных выкладак пры аргументацыі. У прыродазнаўчых навуках – экалагічныя паводзіны, жаданне захаваць прыроду.

Каб не заглыбляцца ў тэорыю, давайце разгледзім адну з кампетэнцый на практыцы.

Дапусцім, беларусы, складаючы свой спіс ключавых кампетэнцый, адной з іх пазначылі працоўную кампетэнцыю. (Так зрабілі ў многіх краінах, каб прадухіліць моладзевае беспрацоўе.) Як гэта паўплывала б на праграмы, методыкі выкладання, крытэры ацэнкі якасці школы?

Працоўная кампетэнцыя, як і іншыя, складаецца з ведаў, навыкаў, актыўнай пазіцыі і каштоўнасцяў.

Аўтары праграм усіх школьных прадметаў мелі б улічыць, ці фармуюць праграмы гэтую кампетэнцыю. Напрыклад, праграма грамадазнаўства мусіла б мець тэмы, прысвечаныя працоўнаму заканадаўству дзяржавы, правам працаўніка і наймальніка, аналізу рынку працы, юрыдычным асновам вядзення бізнэсу ў Беларусі, парадку адкрыцця свайго прадпрыемства. Праграма роднай мовы вучыла б дзяцей не перапісваць практыкаванні пра «камбеды» і падобнае ў сшытак, а навучала б меншых  моўнаму этыкету, старэйшых  уменню скласці сваё рэзюмэ для прыёму на працу, правілам дзелавога ліставання і этыцы перамоваў. Матэматыка замест задач «з пункта А у пункт Б» уключала хаця б некалькі задач на разлік падаткаў паводле актуальных ставак, інфарматыка – прышчапляла б медыяпісьменнасьць, вучыла б аналізу і прагнозу курсу валют, прадмет «замежная мова» даваў бы пачаткі лінгвакраіназнаўства, знаёміў бы з аўтарытэтнымі мас-медыя, асноўнымі бізнэс-выданнямі, тэндэнцыямі змен у сусветнай палітыцы, эканоміцы, культуры, тэхналогіях… Старэйшая школа сама вызначала б профілі з улікам перспектывы развіцця рэгіёну, каб запоўніць дэфіцыт кадраў. Гэта ўсё пакуль тычыцца ведаў.

Каб сфармаваць навыкі і ўменні, трэба думаць пра методыкі. Абавязкова сярод методык школы было б праектнае і кааператыўнае навучанне, праца ў групах.

Канкурэнцыйнасць ужо не галоўная якасць для поспеху ў сучасным свеце. Усё больш працадаўцы шукаюць людзей, якія ўмеюць будаваць добразычлівыя адносіны, працаваць у камандзе, размяркоўваць абавязкі, планаваць дзейнасць. Каб умець комплексна працаваць над задачай, вучні павінны супольна зрабіць прынамсі адзін праект, напрыклад, даследавання рынку попыту/прапановаў свайго рэгіёну, або аналізу вытворчасці, паслугаў, рынку працы…

Арыентацыя на сваю краіну і на сваю мясцовасць падсвядома фармавала б жыццёвую стратэгію вучняў: навошта нешта пачынаць з нуля, калі я навучаны для жыцця тут, маю для гэтага веды і навыкі. (Дарэчы, гэта і ёсць выхаванне патрыятызму, толькі сапраўднага, без лозунгаў, БРСМаў і пілотак з бантамі.)

Каштоўнасна-дзейнасны складнік працоўнай кампетэнцыі  гэта актыўная пазіцыя, жаданне вучыцца ўсё жыццё, разуменне і ўменне стварыць для сябе працоўнае месца, стаўленне да працы як да сродку самарэалізацыі, а не як да цяжкога абавязку ці пакарання і г.д. Сёння рынак працы патрабуе актыўнага і адказнага чалавека. Яму трэба валодаць навыкамі аналізу, ацэнкі, самаацэнкі, трэба мець устаноўку, што вучыцца прыйдзецца ўсё жыццё, браць адказнасць за свае поспехі і няўдачы. Фармаванне такіх якасцяў і паводзінаў патрабуе змены функцыі ацэнкі ў школе. Якраз актыўная ацэнка (а не пагоня за баламі) спрыяе і выхаванню адказнасці, умення ставіць мэты, ацэньваць свае дасягненні.

Бачыце, наколькі лягчэй было б складаць праграмы для школы, наколькі прасцей пісаць падручнікі, калі б мы вызначылі спіс ключавых кампетэнцый беларуса!

З першага погляду, у настаўніка з’явіцца яшчэ больш абавязкаў. Гэта і так, і не так. Настаўніку, вядома, давядзецца крыху павучыцца, падвысіць кваліфікацыю, бо роля настаўніка мяняецца. Напрыклад, ацэначная функцыя, якая адымае час і сілы, ўсё больш аддаецца самім вучням (узаема- і самаацэнка) ці машынам (электронная ацэнка). У выпадку з электроннай ацэнкай вучні атрымліваюць імгненную зваротную сувязь і могуць некалькі раз перарабіць работу, каб навучыцца. А настаўнік не цягае горы сшыткаў і, галоўнае, працуе на адным баку з вучнем – дапамагае яму атрымаць добрую адзнаку. Ну і калі ацэньвацца будуць не фармальныя паказчыкі, а кампетэнцыі, якія фармуюцца ўсім педагагічным калектывам, то ніхто не здыме прэмію за афармленне школьнага журнала.

Кампетэнцыі  гэта крытэры ацэнкі якасці адукацыі. Яны прымушаюць школу трымаць руку на пульсе часу, змяняцца разам з патрэбамі грамадства і адначасова актыўна ўплываць на фармаванне гэтага грамадства, каб яно было адукаваным, добразычлівым, маральным і канкурэнтаздольным.