І.У.Каржова, намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства, прадстаўляе тыя асноўныя змяненні, якія плануецца ўнесці ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.
— Адразу хачу адзначыць, што тыя новаўвядзенні, якія ўносяцца ў кодэкс у частцы агульнай сярэдняй адукацыі, не з’яўляюцца якімісьці карэннымі рэвалюцыйнымі змяненнямі. Яны навеяны папярэдняй практыкай рэалізацыі тых ці іншых норм кодэкса. У першую чаргу гэта тычыцца прыёму нашых дзяцей у першы клас. Цяпер дзейнічаюць нормы, згодна з якімі ў першы клас прымаюцца асобы, якія на пачатак навучальнага года дасягнулі 6 гадоў альбо больш позняга ўзросту, а таксама дзеці, якім 6 гадоў спаўняецца да 30 верасня. Але ў Міністэрства адукацыі паступае дастакова многа зваротаў ад бацькоў будучых першакласнікаў з просьбай прыняць іх дзяцей у школу ў больш раннім узросце. У новай рэдакцыі кодэкса прадугледжана магчымасць прыёму ў першы клас дзяцей у больш раннім узросце па заяве аднаго з бацькоў і па рашэнні заснавальніка ўстановы адукацыі. Мы лічым, што такое новаўвядзенне дапаможа зменшыць колькасць зваротаў у наша міністэрства па гэтым пытанні і на месцы вызначыцца бацькам аб далейшым навучанні іх дзяцей у школе альбо знаходжанні ў дзіцячым садзе.
Яшчэ адным істотным змяненнем у новай рэдакцыі кодэкса з’яўляецца норма, якая тычыцца ўвядзення профільнага навучання. Сёння неабходнасць і мэтазгоднасць профільнага навучання ўжо не ставіцца пад сумненне. Яно ўведзена з 2015 года на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі і накіравана на павышэнне якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Адна з мэт профільнага навучання — развіць здольнасці і магчымасці навучэнцаў і такім чынам дапамагчы ім зрабіць правільны прафесійны выбар. Згодна са сваімі памкненнямі, частка выпускнікоў выбера для паступлення ўстанову вышэйшай адукацыі, другія накіруюцца ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, іншыя працягнуць навучанне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Прадстаўляю яшчэ адно новаўвядзенне ў кодэксе. Сёння дазволена праводзіць факультатыўныя заняткі ў шосты школьны дзень толькі для навучэнцаў 9—11 класаў. У мэтах разгрузкі навучэнцаў у вучэбны пяцідзённы тыдзень мы прапаноўваем праводзіць факультатыўныя заняткі ў шосты школьны дзень для навучэнцаў 5—11 класаў.
За час практыкапрымянення кодэкса ўзнікала шмат нараканняў наконт вялікай колькасці відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Мы плануем выправіць сітуацыю і прапаноўваем скараціць колькасць відаў устаноў. Так, у прыватнасці, плануецца вывесці з пераліку такія віды, як вячэрнія школы, вучэбна-вытворчыя камбінаты, комплексы “дзіцячы сад — школа”. Хачу заўважыць, што, хаця комплексу “дзіцячы сад — школа” як віду ўстановы адукацыі існаваць не будзе, установе агульнай сярэдняй адукацыі будзе прадастаўлена права рэалізоўваць праграмы дашкольнай адукацыі. Гэта значыць, што бацькам не трэба хвалявацца і на практыцы ўсе гэтыя пытанні будуць урэгуляваны.
Акрамя таго, у новай рэдакцыі кодэкса будзе прыменена новая норма па напаўняльнасці класаў. Сёння напаўняльнасць класаў вар’іруецца ў залежнасці ад ступені навучання. Так, на першай ступені дазваляецца да 20 навучэнцаў у класе, на другой і трэцяй ступенях — да 25 навучэнцаў. Таксама колькасць навучэнцаў у класе залежыць ад віду ўстановы адукацыі. Так, у сярэдняй школе гэтая норма складае 25 навучэнцаў у класе, у гімназіі, ліцэі — 20 навучэнцаў. У новай рэдакцыі кодэкса мы прапаноўваем прывесці ўсё да адзінай напаўняльнасці ў розных відах устаноў і ўстанавіць норму да 30 навучэнцаў у класе. Пры гэтым канчатковае рашэнне аб напаўняльнасці класаў ва ўстанове адукацыі прымае заснавальнік установы з улікам колькасці дзяцей, якія пражываюць у мікрараёне, у якім размешчана ўстанова адукацыі, а таксама з улікам выканання санітарных норм, якімі рэгламентуецца плошча вучэбнага памяшкання ў разліку на аднаго вучня. Трэба адзначыць, што павелічэнне колькасці навучэнцаў у класе ні ў якім разе не паўплывае на якасць адукацыйнага працэсу. Сёння ўжо прадугледжана дзяленне класаў на групы пры вывучэнні замежнай мовы, інфарматыкі, пры правядзенні лабараторных і практычных работ, што дазваляе ажыццяўляць індывідуальны падыход да кожнага навучэнца.
Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.