Падрыхтавана Nastaunik.info
Дзеці шмат часу праводзяць у сацыяльных сетках, дзе на іх мэтава дзейнічае вірусная рэклама, а апошнім часам і прапаганда. Прапануем невялікі сцэнар для інфармацыйнай ці класнай гадзіны, дзе дзеці разгледзяць прыклад віруснай рэкламы і абмяркуюць, як весці сябе ў сацыяльных медыя, каб не стаць яе ахвярай.
1. Папрасіце вучняў узгадаць, хто з іх праходзіў цікавыя тэсты ў інтэрнэце? Што яны пра сябе даведаліся з іх?
2. Запытайцеся, якія артыкулы, карцінкі, фота, відэа яны найчасцей перапошчваюць у сацыяльных медыя, каб убачылі іх "сябры". (Пра што гэтыя артыкулы? Чым іх зачапілі?). Ці звяртаюць увагу, ці мае цікавы артыкул пазнаку "рэклама"?
3. Распавядзіце вучням, што насамрэч пад відам тэстаў-апытанак тыпу "даведайся свой узрост", або "якой птушкай (жывёлай, дрэвам, палітыкам) ты быў у мінулым жыцці" і г.д., збіраецца інфармацыя для мэтавай рэкламы. Асабліва ў тых тэстах, дзе трэба зарэгістравацца на сайце, каб атрымаць да іх доступ. Такім чынам, чалавек сам дае дазвол на выкарыстанне яго персанальных дадзеных. Гэтыя дадзеныя аналізуюцца, і карыстальнікі пачынаюць бачыць на сваіх старонках рэкламу і прапаганду, разлічаную менавіта на іх: адным будуць прапаноўваць набыць яхту, другім - касметыку, трэцім - падтрымаць пэўную палітычную ідэю.
Другі спосаб - вірусны маркетынг. Вірусны - таму што рэкламу распаўсюджваюць самі атрымальнікі. Для гэтага створаны адмысловыя сайты з усякімі "цікавосткам", відэаролікамі. Гэтыя сайты мэтава навязваюць кідкія загалоўкі, фота коцікаў-люцікаў, відэакліпы і нават часам спекулююць на самых добрых памкненнях і просяць распаўсюдзіць абвестку, што нехта аддае новы інвалідны вазок і нават кватэру ў добрыя рукі. Насамрэч, такім чынам нехта зарабляе грошы на паказах, або мае больш далёкія мэты.
4. Разгледзьце прыклад артыкула "Удивительные карты Европы, которые помогут взглянуть на этот мир несколько иначе (14 фото)".
Яго за суткі распаўсюдзілі каля 40 тыс. чалавек.
Пытанні для аналізу:
- Ці карысная гэта інфармацыя?
- Што ў артыкуле не так? ( Крым, Беларусь, Латвія і левабярэжная Украіна замаляваны як Расійскія тэрыторыі, хаця пра гэта не гаворыцца наўпрост)
- Што хацеў ад мяне аўтар? Якая сапраўдная мэта гэтага артыкула?
- Якія прыёмы выкарыстаў аўтар? (Колер замалёўкі краін, кідкі загаловак, прыцягненне ўвагі праз цікаўнасць да моваў, назваў месяцаў, святаў, яркія карцінкі-мапы...)
- Ці вядома, хто заплаціў за рэкламны распаўсюд гэтай інфармацыі ў сетках?
- Каму гэта можа быць выгадна?
- Што можна зрабіць, каб засцерагчыся ад віруснай рэкламы ў сетках? (Уважліва пераглядзець наладкі сваіх старонак і забараніць распаўсюд персанальных дадзеных, забаніць сайты з віруснай рэкламай, не распаўсюджваць, расказаць сябрам і бацькам, каб яны ведалі пра прыёмы распаўсюду рэкламы, праз вірусныя відэа-ролікі, артыкулы, тэсты, апытанкі)