Ён амаль не карыстаецца гарадскім тэлефонам, не памятае нумары сяброў. Не піша ад рукі, а звыкла набірае тэксты на клавіятуры. Кожны дзень карыстаецца камп'ютарам, планшэтам, смартфонам і даволі часта прыстаўкай для гульняў. Дрэнна запамінае, бо вырас у асяроддзі, дзе пра ўсё можна даведацца ў сеціве, але адначасова можа паспяхова выконваць некалькі задач. Лепш разумее вобраз, чым слова, бо сталеў ва ўмовах дэматыватараў, інфаграфікі, фота равеснікаў і коцікаў. Мае сотні сяброў у сацыяльных сетках, аднак не засяроджваецца на трывалых адносінах і лёгка развітваецца з «фрэндамі», калі адчувае сябе некамфортна. Галоўная яго матывацыя — цікаўнасць: калі яму не цікава — нічога не будзе рабіць, таму што ў яго ёсць усё (бацькі забяспечылі). Ён не амбіцыйны, але прызвычаіўся да пахвалы, «лайкаў» і рэпостаў.
— Звычайна, пачынаючы заняткі па медыяадукаванасці, я прапаную сваім калегам вызначыць па гэтых характарыстыках, пра каго ідзе размова? І чую ад іх самыя розныя адказы: ад нейтральных «гэта нашы школьнікі» да агрэсіўных: «...нейкія непаўнацэнныя людзі». Між іншым, гэта ўсяго толькі характарыстыка пакалення Z, — расказвае настаўнік фізікі жодзінскай гімназіі №1 Эла ЯКУБОЎСКАЯ.
У рамках Рэспубліканскага каляднага фестывалю прафесійнага майстэрства педагогаў яна разам са сваім калегам і мужам Аляксандрам Якубоўскім (Аляксандр Уладзіміравіч выкладае фізіку ў Жодзінскай жаночай гімназіі, абодва маюць кваліфікацыйную катэгорыю «настаўнік-метадыст» і ўваходзяць у Асацыяцыю настаўнікаў метадыстаў «Імкненне». — Аўт.) правялі майстар-клас па медыяадукацыі для калег, каго цікавіць гэта тэма.
Феномен дзіцячай шматзадачнасці
Тэорыю пакаленняў распрацавалі Вільям Штраўс і Нэйл Хоўв. Яны вызначаюць пакаленне як сукупнасць людзей, народжаных у прамежак часу, які складае прыкладна 20 гадоў. Гэта людзі, якія выхоўваліся пад уздзеяннем адных і тых жа падзей, з падобнымі каштоўнасцямі.
— Згодна з іх тэорыяй, да пакалення Z адносяцца тыя, хто нарадзіўся пасля 2003 года. Пра іх яшчэ кажуць «народжаныя лічбавай рэвалюцыяй». Яны выраслі ў эпоху сацыяльных сетак і не ўяўляюць свайго жыцця без лічбавых гаджэтаў. Інтэрнэт успрымаюць як натуральнае асяроддзе пражывання. 90% з іх штодня карыстаюцца прыладамі камунікацыі і сацыяльнымі сеткамі. Іх сацыялізацыя адбываецца ў сеціве, тады як бацькі ў іх узросце мелі асабістыя стасункі. Псіхолагі сцвярджаюць, што ў іх іншы тып мыслення, па-іншаму функцыянуе памяць. Сярэдняя працягласць канцэнтрацыі ўвагі ў параўнанні з тым, што было 10—15 гадоў назад, зменшылася ў дзясяткі разоў, — падкрэслівае Эла Якубоўская. —У прадстаўнікоў пакалення Z — кліпавае мысленне і ўспрыманне свету. Яны гіперактыўныя і схільныя да аўтызацыі (любяць заставацца сам-насам). Дзеці мультымедыйных тэхналогій засяроджаны пераважна на кароткатэрміновых мэтах, хутчэй сталеюць, займаючыся самаадукацыяй у інтэрнэце. Нават маркетолагі заўважылі, што дзеці з малодшых класаў не жадаюць насіць футболкі з качанятамі і гуляць з Барбі. Пры гэтым шалёнай папулярнасцю карыстаецца сайт «Віртуальны свет Барбі», дзе можна самастойна прыдумляць свой уласны вобраз лялькі.
Для іх уласцівы феномен дзіцячай шматзадачнасці. Седзячы за камп'ютарам, дзіця адначасова кантактуе ў чаце, займаецца пошукамі ў сеціве, спампоўвае музыку, спрабуе рабіць дамашняе заданне і пры гэтым п'е сок ці жуе бутэрброд. Ім трэба шмат убачыць, зрабіць, на многае адрэагаваць. Шматзадачнасць прымушае працаваць іх мозг у іншым рэжыме, павышаецца хуткасць псіхічных працэсаў. І ўсё гэта трэба ўлічваць пры іх навучанні і выхаванні. Але ці заўсёды мы гэта робім? Да таго ж у школе сёння прадстаўлены два пакаленні: вучні старшых класаў — пакаленне Y і «зэты».
Вучоба са «скокамі і бубнамі»
Навукоўцы раяць: для таго, каб вучыць пакаленне Z, трэба казаць коратка. Вусную задачу трэба ўціснуць у 25 слоў, а потым разгорнута патлумачыць яе пісьмова і па пунктах. Кожны пункт таксама павінен складацца не больш, чым з 25 слоў. Пісьмовая задача дапамагае прыгадаць нюансы. Пакаленне Z дрэнна запамінае, таму што яго прадстаўнікі раслі ў асяроддзі, дзе ўсё можна ўдакладніць у інтэрнэце.
Малюйце. Пакаленне Z лепш успрымае вобразы, чым словы. Яны хутчэй зразумеюць «карту», а не пералік пунктаў.
Стаўце «лайкі». Пакаленне Z не можа працаваць без «пагладжванняў». Пахвала і ўзнагароды не матывуюць пакаленне Z, але іх адсутнасць выбівае іх з каляіны.
Не адбірайце гаджэты. Лепш фармулуюйце задачы, выкарыстоўваючы розныя сэрвісы і праграмы, змяняйце інструменты, выкарыстоўвайце як мага больш тэхналогій. Не пазбаўляйце магчымасці выкарыстыння сацыяльных сетак.
Вучыце, гуляючы і развіваючы. Прадстаўнікі пакалення Z не жадаюць, каб іх вучылі, але... вельмі любяць вучыцца. Пакаленне Z прызвычаілся да забаў з дзяцінства, бо інфармацыю ім падавалі са «скокамі і бубнамі».
Нягледзячы на тое, што пакаленне Z літаральна жыве ў інтэрнэце, карыстаецца лічбавымі прыладамі лепш за бацькоў і настаўнікаў, яго прадстаўнікі не заўсёды разумеюць, якому кантэнту можна давяраць. Паводле апошніх даследаванняў Стэнфардскага ўніверсітэта, падлеткі не могуць адрозніць рэкламныя матэрыялы ў СМІ ад класічных навін. Навукоўцы хацелі высветліць, як вучні ацэньваюць інфармацыю з вэб-сайтаў. Эксперты апыталі каля 8 тысяч навучэнцаў сярэдніх школ і каледжаў. Высветлілася, што 82% з іх не бачаць розніцы паміж аплачаным кантэнтам і звычайнымі тэкстамі. Як правіла, вучні арыентаваліся на тое, ці былі да артыкула прымацаваныя вялікія яркія малюнкі, а не на крыніцу інфармацыі. Пры пошуку якіх-небудзь звестак па тэме вучні цытуюць першы тэкст, які трапіўся ім на вочы, не клапоцячыся пра тое, каб праверыць і прааналізаваць дакладнасць і праўдзівасць яго зместу.
«Вось чаму дзяцей сёння трэба вучыць не толькі правілам дарожнага руху, але і таму, як арыентавацца ў інфармацыйных плынях. І тыя, і іншыя веды вельмі актуальныя для забеспячэння бяспекі новага пакалення, — падкрэслівае Эла Якубоўская. — Калі мы даём нашым вучням заданне — падрыхтаваць рэферат, як вы думаеце, куды па інфармацыю звернуцца нашы дзеці? Канешне, у інтэрнэт, але ці будуць яны правяраць здабытую такім спосабам інфармацыю? Прызнаемся, што нават мы, дарослыя, не заўсёды ўмеем гэта рабіць».
Дылема: давяраць ці правяраць?
— Уменне крытычна аналізаваць інфармацыю ў інтэрнэце можна адпрацоўваць на звычайных школьных уроках, — упэўнены Аляксандр ЯКУБОЎСКІ. — А недакладныя звесткі сустракаюцца не толькі ў інфармацыйна-забаўляльнай сферы, але і ў адукацыйнай, напрыклад у розных банках рэфератаў, якімі так любяць карыстацца нашы школьнікі. Давяраць у сусветнай павуціне можна афіцыйным энцыклапедыям і слоўнікам. Але ў той жа час варта ўлічваць наступны момант. Вялікую папулярнасць апошнім часам набыла «Вікіпедыя» — свабодная энцыклапедыя. Інфармацыя, апублікаваная ў ёй, цалкам можа аказацца недакладнай, паколькі доступ да рэдагавання артыкулаў мае любы ахвотны — ад навуковага супрацоўніка да навучэнца пачатковай школы. Выкарыстоўваць «Вікіпедыю» для азнаямлення з матэрыяламі па тэме, якая зацікавіла вучня, можна, але яе нельга ўспрымаць у ролі эксперта. Калі няма неабходнасці дэталёва вывучыць тэму, то «Вікіпедыя» падыдзе. Што па-сапраўднаму карысна ў ёй, дык гэта спіс крыніц унізе артыкула. Можна паглядзець на іх і вырашыць для сябе, ці варта ім давяраць. Пачытаць гэтыя крыніцы, каб убачыць інфармацыю ў кантэксце. Калі фрагменты звестак цытуюцца недакладна, быць напагатове. Пасля таго як азнаёміліся з тэмай на «Вікіпедыі», можна пашукаць больш падрабязныя звесткі, а для пошуку выкарыстоўваць ключавыя словы, прыведзеныя ў артыкуле са свабоднай энцыклапедыі.
Педагог звяртае ўвагу на тое, што большасць падлеткаў у першую чаргу рэагуюць на навіну, якая суправаджаецца прыгожай карцінкай. Існуе нямала рэсурсаў, здольных дапамагчы правесці аператыўную праверку малюнкаў на дакладнасць. Напрыклад, Fіndexіf.com — бясплатны сэрвіс, на які можна загрузіць фатаграфію ці даць спасылку на яе. Ён вызначыць, калі было зроблена фота, якой прыладай, параметры выявы, часам можна вызначыць і месца здымак.
FotoForensіcs — сайт, які дазваляе знайсці ўстаўленыя ў фатаграфію пры рэдагаванні фрагменты. Пасля апрацоўкі праграма выдае здымак, дзе змененыя вобласці будуць вылучацца на фоне іншых.
Google Search by Іmage, пошук у «малюнках» Яндэкса і праграма TіnEye. Сюды можна загрузіць фота ці малюнак, каб знайсці яго арыгінальную крыніцу і паглядзець, дзе яны яшчэ друкаваліся.
Аляксандр Якубоўскі раіць і педагогам, і школьнікам выкарыстоўваць наступныя фармальныя індыкатары для вызначэння дакладнасці інфармацыі.
Надзейнасць крыніцы. Наяўнасць спасылак на крыніцы інфармацыі. Даволі часта ў інтэрнэце ідзе перадрукоўка звестак з аднаго сайта на іншыя. Чым больш спасылак на зыходны матэрыял знаходзіцца ў сеціве, тым вышэйшы яго аўтарытэт сярод іншых рэсурсаў.
Аўтарства. Для таго каб зразумець, ці варта давяраць якому-небудзь артыкулу, можна пашукаць інфармацыю аб статусе і кампетэнтнасці яе аўтара. Напрыклад, азнаёміцца з іншымі яго працамі, каментарыямі і водгукамі чытачоў. Калі аўтар артыкула мае добры журналісцкі вопыт або навуковую ступень, то шанцы на праўдзівасць яго довадаў узрастаюць. Акрамя таго, у інтэрнэце можна пашукаць яго блогі, старонкі ў сацыяльных сеткахі і іншыя звесткі, якія дапамогуць скласці меркаванне пра аўтара.
Якасць падачы інфармацыі. Інфармацыя падаецца пісьменна, без мноства граматычных, сінтаксічных або пунктуацыйных памылак. Адпаведнасць фатаграфій або малюнкаў зместу сайта. Карыснасць прыведзеных ілюстрацый. Адпаведнасць назвы адраса сайта яго зместу. Спасылкі, размешчаныя на гэтым сайце, вядуць на іншыя карысныя рэсурсы.
— Нават пры наяўнасці мабільных тэлефонаў і сацыяльных сетак законы Ньютана дзеці самастойна не засвояць, калі ім не раскажуць пра іх у школе.Таму наша задача — навучыць іх працаваць на ўроку фізікі з фізічнай інфармацыяй, якая сустракаецца ў розных медыякрыніцах, — падсумавала Эла Якубоўская. — І, самае галоўнае, не спрабуйце змяніць ваша дзіця. Прыміце як факт — яно іншае, у чымсьці лепшае за вас. Дапамажыце яму ўвайсці ў дарослае жыццё, падзяліцеся сваім вопытам і прыгледзьцеся больш уважліва — магчыма, вам таксама ёсць чаму ў яго павучыцца?