«Актыўная ацэнка як аснова кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучняў»

Для павышэння матывацыі і вучнёўскіх дасягненняў

У межах XV Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Адукацыя і кар’ера”прайшлі майстар-класы сталічных педагогаў па розных вучэбных прадметах. Тэматыка іх была сапраўды цікавай і разнастайнай: выкарыстанне метаду арт-тэрапіі ў развіцці і карэкцыі эмацыянальна-асобаснай сферы дашкольнікаў, развіццё часавых уяўленняў у малодшых школьнікаў з цяжкасцямі ў навучанні пры дапамозе тэхналогіі інтэрактыўнай папкі лэпбук, нестандартныя задачы як сродак развіцця лагічнага мыслення і творчых здольнасцей навучэнцаў, выкарыстанне актыўнай ацэнкі на ўроках хіміі і інш. Пазнаёміцца з некаторымі з іх мы прапаноўваем вашай увазе.

На мове навучэнца

Настаўніца хіміі гімназіі № 35 Алена Фёдараўна Цынкевіч правяла майстар-клас “Актыўная ацэнка як аснова кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучняў”. Яго мэты — атрымаць першасныя навыкі фармулявання крытэрыяў — аднаго з элементаў актыўнай ацэнкі, а таксама даведацца, якія асаблівасці мае фармуляванне крытэрыяў і як давесці гэтыя крытэрыі да навучэнцаў.

Як вядома, актыўная ацэнка — тэхналогія навучання, заснаваная на якаснай зваротнай сувязі. Яна прызнана найлепшай для паляпшэння матывацыі і вучнёўскіх дасягненняў, асабліва для тых вучняў, хто мае праблемы з вучобай. Актыўная ацэнка эфектыўна рыхтуе маладых людзей вучыцца на працягу ўсяго жыцця, браць адказнасць за сваё навучанне.

З самага пачатку майстар-класа Алена Фёдараўна нагадала, што актыўная ацэнка — гэта інтэрактыўная ацэнка прагрэсу вучня і яго разумення матэрыялу такім чынам, каб можна было абазначыць, як вучань будзе вучыцца далей і якімі метадамі яго лепш вучыць. Іншымі словамі, актыўная ацэнка — гэта прадстаўленне інфармацыі, якая дапамагае школьніку вучыцца.

У стратэгіі актыўнай ацэнкі ёсць некалькі асноўных элементаў: пастаноўка мэт, вызначэнне крытэрыяў дасягнення мэты, ключавыя пытанні, зваротная сувязь, узаемаацэнка і самаацэнка, узаемадзеянне з бацькамі.

Па словах А.Ф.Цынкевіч, мэты ў актыўнай ацэнцы ставяцца дыягнастычна і канкрэтна, мовай настаўніка і мовай вучня (абрэвіятура “НаШтоБуЗу” расшыфроўваецца “на што буду звяртаць увагу”). Напрыклад, па тэме “Электралітычная дысацыя­цыя” мэты для настаўніка гучаць так: навучэнцы к канцу ўрока будуць ведаць азначэнне электралітычнай дысацыяцыі, умець характарызаваць працэс дысацыяцыі рэчываў з іоннай і кавалентнай палярнай сувяззю, умець складаць ураўненні рэакцыі дысацыяцыі; для навучэнцаў — к канцу ўрока я даведаюся, што такое электралітычная дысацыяцыя і дзе з гэтым працэсам можна сустрэцца. Альбо па тэме “Будова атама” мэта настаўніка наступная: к канцу ўрока вучні будуць ведаць будову атама, фізічны сэнс хімічнага элемента, змогуць вызначаць склад атама; мэта навучэнца — на гэтым уроку я даведаюся, з якіх частак складаецца атам, навучуся вызначаць іх колькасць. Практычная накіраванасць у пастаноўцы мэты павышае інтарэс навучэнцаў.

Як адзначалася, у актыўнай ацэнцы шырока выкарыстоўваюцца пытанні, якія стымулююць у вучняў жаданне шукаць на іх адказы і актывізуюць пазнавальную цікавасць і актыўнасць, прыцягваюць увагу, садзейнічаюць засваенню вучэбнага матэрыялу, правакуюць дыскусію, ствараюць праблемную сітуа­цыю. Ключавое пытанне — гэта той своеасаблівы кручок, які чапляе ўвагу вучня і не адпускае яе датуль, пакуль адказ на пытанне не знойдзены. Так, на ўроку па тэме “Сумесь газаў. Склад паветра” вучням прапаноўваецца пытанне: “У Італіі ёсць вядомая пячора, якая называецца сабачай. Чалавек, які трапляе ў яе, можа знаходзіцца там доўгі час, а сабака, які трапляе туды, задыхаецца і гіне. Чаму?” Не ведаючы складу паветра, не ведаючы, што газ лягчэйшы за паветра, адказаць на гэтае пытанне дзіця не зможа. І гэтае пытанне з’яўляецца зыходным пунктам да новых ведаў. Альбо ў 7 класе па тэме “Чыстыя рэчывы і сумесі” арганізоўваецца дэманстрацыйны дослед: выстаўляюцца тры шклянкі: вада водаправодная, вада “Дарыда” і дажджавая вада. Вучням неабходна адказаць, якая вада чыстая. Увазе школьнікаў можна прапанаваць і такія пытанні: “Якімі аргументамі можна давесці ці аспрэчыць сцвярджэнне, што шкло не раствараецца?”, “Ты запляміў кашулю алеем. Чым лепш прыбраць пляму: вадой з мылам ці бензінам?”, “ Чаму вада з вапнай мутнее, калі ты праз трубку надзьмеш у яе паветра?”, “Што адбудзецца, калі кіслотны дождж пральецца на мармуровы помнік і на асфальтавую дарогу?”.

Тэхналогія актыўнай ацэнкі ўключае крытэрыі ацэнкі як ­адзін з найважнейшых яе элементаў. Вызначыць крытэрыі дасягнення мэты — гэта дакладна акрэсліць тыя паказчыкі, дзя­куючы якім настаўніку і вучню будзе бачна, у якой меры атрымалася дасягнуць мэты ўрока.

— Крытэрыі ацэнкі дапамагаюць дзецям адмесці лішняе, звярнуць увагу толькі на тое, што неабходна, — гаворыць Алена Фёдараўна. — Крытэрыі — прыкметы, на падставе якіх фарміруецца ацэнка якасці адукацыі. Выкарыстанне крытэрыяў мае вялікі педагагічны эфект: яны канкрэтызуюць работу настаўніка і вучня на ўроку, удзельнікі адукацыйнага працэсу дакладна прымаюць правілы гульні, фарміруюцца партнёрскія адносіны паміж настаўнікам і вучнем, не ўзнікаюць стрэсавыя сітуацыі. Каб зрабіць паспяховым нават самага страшэннага гультая, можна ўключыць заданне, з якім не справіцца нельга, і тады гэта стварае сітуацыю поспеху нават у слабага навучэнца. Дзеці лёгка вызначаюць межы свайго ведання ці няведання.

Крытэрыі звязаны з мэтай, з’яўляюцца вымяральнікамі дасягнення мэты, фармулявацца яны могуць праз якасныя і колькасныя характарыстыкі, а могуць і праз тыповыя памылкі, прад’яўляюцца або ў гатовым выглядзе, або выпрацоўваюцца сумесна. Гэта павышае адказнасць вучняў за ўласнае навучанне. Так, крытэрыямі да практычнай работы “Хімічная колькасць” з’яўляюцца наступныя: ці выкананы па формулах разлікі хімічнай колькасці рэчыва, малярнай масы, масы і аб’ёму рэчыва, ці ўзважана на вагах пэўная маса рэчыва, ці адмераны з дапамогай мернага цыліндра пэўны аб’ём рэчыва, ці аформлена справаздача аб рабоце, ці зроблены вывад, ці захаваны правілы бяспечных паводзін. І калі дзіця выканала гэтыя правілы, то атрымлівае 10 балаў.
Крытэрыі могуць быдь дадзены да дамашняга задання, да напісання рэферата. Для вучняў сярэдняга звяна іх распрацоўваецца 3—4, для старшых — не больш за 6. У адваротным выпадку рассейваецца ўвага і навучэнец ўтрымаць яе не можа.

А.Ф.Цынкевіч прывязала крытэрыі выканання практычнай работы да дзесяцібальнай сістэмы ацэньвання. Яны гучаць прыкладна так: ці напісаны мэты, выкананы і падпісаны малюнкі (плюс адзін бал), ці прыведзены хімічныя рэакцыі і правільна запісаны прыкметы (плюс бал), ці правільна складзена ўраўненне (плюс два балы), ці сфармуляваны высновы па кожным доследзе (плюс бал), ці сфармуляваны агульны вывад, які адпавядае мэце практычнай работы (плюс бал), ці дадзены адказы на кантрольныя пытанні і выканана суперзаданне (плюс два балы). Калі парушана тэхніка бяспекі — да мінус пяці балаў, неакуратна аформлена работа — мінус бал, дапушчаны памылкі ў хімічнай тэрміналогіі — мінус бал. Крытэрыі ацэнкі звычайна прапісваюцца настаўніцай на дошцы.

Удзельнікі майстар-класа паспрабавалі сфармуляваць крытэрыі да ўрока па тэме “Рэакцыі іоннага абмену”, адштурхоў­ваючыся ад тыповых памылак. Педагогі прыгадалі, што звычайна па гэтай тэме вучні не ведаюць моцных і слабых электралітаў, няправільна складаюць малекулярнае, а потым і іоннае ўраўненні, блытаюць ступень акіслення і зарад іона, няправільна ўказваюць колькасць іонаў (індэксы, каэфіцыенты не стыкуюцца). У выніку крытэрыямі па гэтай тэме будуць: ці правільна склаў малекулярнае ўраўненне; ці ведаю моцныя электраліты і ўмею іх распісваць у выглядзе іонаў; ці магу вызначыць зарад іона; ці магу правільна вызначыць колькасць іонаў; ці магу вызначыць іоны, якія ўдзельнічаюць у хімічнай рэакцыі.

— Практычная значнасць крытэрыяў ацэньвання яшчэ і ў тым, што ацэньваецца не асоба навучэнца, а толькі яго работа, — патлумачыла Алена Фёдараўна. — Паколькі крытэрыі загадзя вядомы, вучань можа падрыхтавацца да работы. Навучэнцам вядомы алгарытм вывядзення адзнакі, па якім ён сам можа вызначыць узровень валодання тэмай.

Наталля Калядзіч, portfolio.ng-press.by