На сайце unesco.org апублікаваныя асноўныя палажэнні пяці прынцыпаў медыйнай ды інфармацыйнай пісьменнасці.
Новая стратэгія UNESCO аб'ядноўвае інфармацыйную і медыйную пісьменнасці (Laws of Media and Information Literacy, MIL). Гэтыя дзве сферы падаюцца як камбінацыя кампетэнцый, неабходных сёння для жыцця і працы.
Прынцыпы MIL датычаць усіх відаў СМІ ды іншых крыніц інфармацыі (бібліятэкі, архівы, музеі, інтэрнэт, незалежна ад выкарыстаных тэхналогій).
Асаблівую ўвагу мяркуецца надаваць падрыхтоўцы настаўнікаў, каб матываваць іх да ўкаранення MIL ў працэс навучання, а таксама каб даць ім адпаведныя педагагічныя метады, навучальныя праграмы і рэсурсы.
Прынцыпы MIL ад ЮНЕСКА:
Прынцып 1. Інфармацыя, камунікацыя, бібліятэкі, медыя, тэхналогіі, інтэрнэт павінны выкарыстоўвацца грамадствам крытычна. Яны роўныя ў статусе, і ніводную з гэтых крыніц не варта лічыць больш значнай, чым іншыя.
Прынцып 2. Кожны грамадзянін з'яўляецца стваральнікам інфармацыі / ведаў. Кожны мае права на доступ да інфармацыі / ведаў і права на самавыяўленне. Медыйная і інфармацыйная пісьменнасць павінна быць для ўсіх мужчын і жанчын, і шчыльна звязаная з правамі чалавека.
Прынцып 3. Інфармацыя, веды і паведамленні не заўсёды з'яўляюцца нейтральнымі, незалежнымі або бесстароннімі. Любая канцэптуалізацыя, выкарыстанне і прымяненне MIL мусяць зрабіць гэтую праўду празрыстай і зразумелай для ўсіх грамадзян.
Прынцып 4. Кожны грамадзянін хоча ведаць і разумець новую інфармацыю, веды і пасланні, а таксама ўваходзіць у камунікацыю, нават калі яна/ён не ўсведамляе, не прызнае ці не выяўляе, што ён / яна робіць. Яго / яе правам, аднак, ніколі не павінна нічога пагражаць.
Прынцып 5. Медыйная ды інфармацыйная пісьменнасць не набываецца за адзін раз. Гэта пастаянны і дынамічны вопыт і працэс. Яго можна лічыць завершаным, калі ён уключае ў сябе веды, уменні і ўстаноўкі наконт выкарыстання, стварэння і перадачы інфармацыі, наконт медыя і тэхналагічнага кантэнту.