Больш за тры гады доўжыўся публічны дыялог аб стратэгіі зменаў у адукацыі Украіны. Дзясяткі дыскусій адбыліся на пляцоўцы парламенцкага Камітэта з пытанняў навукі і адукацыі, а пасля — Міністэрства адукацыі і навукі Украіны.
Адкрытасць была беспрэцэдэнтнай. Далучыліся прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых групаў — педагогаў, бацькоў, працадаўцаў, палітычных сілаў і органаў улады, незалежныя эксперты, міжнародныя арганізацыі.
У выніку шматлікіх дыскусій, часам вельмі вострых, з’явіўся праект новага базавага Закону "Аб адукацыі". Зараз гэты дакумент чакае паўторнае першае слуханне ў Вярхоўнай Радзе Украіны (законапраект № 3491-д ад 04.04.2016). Ён вызначыць асноўныя змены ў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійнай, вышэйшай адукацыі, а таксама ў адукацыі дарослых.
Гэты дакумент — Канцэптуальныя асновы рэфармавання сярэдняй адукацыі «Новая ўкраінская школа» — простай мовай тлумачыць ідэалогію зменаў, якія будзе рэалізоўваць падрыхтаваны законапраект.
Мэта дакумента — зацікавіць ідэяй рэфармавання адукацыі як мага шырэйшыя колы. Бо рэформа адукацыі павінна быць падтрымана і настаўнікамі, і бацькамі, а таксама бізнэсам, мясцовымі ўладамі і ўсімі тымі, каго адукацыйная праблематыка тычыцца непасрэдна.
Пасля напісання Канцэпцыі і паслядоўных крокаў да яе ажыццяўлення, Фінляндыя заявіла аб дапамозе Украіне у рэфармаванні яе сістэмы адукацыі.
Таварыства беларускай школы зрабіла пераклад Канцэпцыі Новай украінскай школы на беларускую мову, каб азнаёміць шырокае кола зацікаўленых беларусаў з сучаснымі тэндэнцыямі, і тымі зменамі, якія рана ці позна чакаюць і нашу адукацыйную сістэму.
Спампаваць Канцэпцыю "Новая школа" (PDF, 2,1 Mb)