Знаёмства са школай Даніі

Аўтар: Наталля Ільініч

У лютым 2017 г. група беларускіх настаўнікаў з навучальнымі мэтамі наведала Данію, г. Капенгаген. Візіт адбыўся дзякуючы шматгадоваму супрацоўніцтву беларускіх праваабаронцаў з Дацкім Інстытутам па правах чалавека (ДІПЧ)  Danish institute for human rights.  Паездка была звязаная з падрыхтоўкай выдання па правах дзіцяці, якое распрацавана  Дэпартаментам адукацыі ДІПЧ і адаптуецца зараз да беларускага кантэксту.

Беларускія настаўнікі наведалі ДІПЧ, мелі сустрэчу з супрацоўнікамі інстытуту: кіраўніцай аддзелу ўстановы Сесіліяй Дэкара і праграмным мэнэджарам Яўгеніяй Кліменцьевай. Адбылася цікавая гутарка, з якой мы даведаліся, якія справы робіць інстытут.

Пасля гэтага  педагогі паехалі ў школу Энсгтранд, дзе  маглі пабачыць, як працуе школа падоўжанага дня, як там  рэалізуюць правы дзіцяці. Выхавацель Петэр паказаў нам сваю ўстанову, расказаў пра школьную  адукацыю ў Даніі.

Назаўтра беларускія госці накіраваліся ў школу Лангелінье – “школу, у якой паважаюць правы чалавека”. Тут педагогі з Беларусі мелі сустрэчу з настаўнікамі і вучнямі, прайшліся па класах, мелі магчымасць назіраць урокі, задаць пытанні.

Наведванне ўніверсітэцкага  педагагічнага каледжа UCC , сустрэча з выкладчыцай, студэнтамі, знаёмства з сучасным навучальным комплексам, дзе атрымліваюць адукацыю 10 тысяч будучых настаўнікаў, дапамагло скласці ўяўленне пра сістэму адукацыі  Даніі і праблемы рэалізацыі  правоў чалавека ў школе.

Наталля, настаўніца біялогіі

Мяне ў дацкіх школах здзівіла вялікая колькасць памяшканняў без дзвярэй, што з дзецьмі займаюцца пенсіянеры у школе – дапамагаюць настаўнікам, настаўнікі на працы у джынсах і красоўках,  а малыя дзеці з 6 год самастойна у прадоўжанцы адзначаюць сваю прысутнасць, ці што яны сыходзяць. Гэта адносіны даверу і адказнасці. 

     

 

Пра Дацкі інстытут правоў чалавека

ДІПЧ з’яўляецца дзяржаўнай установай, якая прадастаўляе кансультацыі, справаздачы, маніторынгі і рэкамендацыі па пытаннях, звязаных з абаронай правоў чалавека найперш у Даніі. Ён таксама ажыццяўляе правабарончую працу на міжнародным узроўні з партнёрамі ў Афрыцы, Азіі,  Еўропе і Цэнтральнай Амерыцы, з партнёрамі сярод дзяржаўных структур і грамадскай супольнасці.

Усе законы, што прымае парламент, праходзяць экспертызу ў Інстытуце: ці адпавядае закон заканадаўству аб правах чалавека? Калі праваабаронцы бачаць парушэнні, то даюць рэкамендацыі, што трэба выправіць. Не заўсёды дзяржава, прадпрыемствы прыслухоўваюцца, але часцей праблемы вырашаюцца станоўча.

Адной з важных спраў ДІПЧ лічыць навучанне правам чалавека, асабліва настаўнікаў і вучняў. Дзякуючы дыялогу Інстытута з міністэрствам адукацыі, мэты навучання правам чалавека цяпер уключаны ў кодэкс аб адукацыі, рэкамендавана ўводзіць гэтыя пытанні ў навучанне з 0 да 9 класа. Курс пра правы чалавека ўключаны ў абавязковую праграму педуніверсітэтаў – цэлы модуль аб правах чалавека, які “важыць” 10 крэдытаў. Супрацоўнікі ДІПЧ распрацавалі і размясцілі на на сваім сайце сістэму электроннага навучання, каб настаўнікі маглі карыстацца.

Алена, настаўніца гісторыі

Калі мы наведвалі дацкія школы і універсітэцкі педагагічны каледж, то мне адразу ўзгадаўся стары анекдот пра трамвай, які зусім не падобны на восліка. І, калі б мяне запыталі, ці падобныя дацкія школы на беларускія, адказ быў бы прыкладна такі: “Такія ж, але зусім не падобныя”. Уражвае ў іх школах усё:  даступнасць аргтэхнікі, наяўнасць інтэрактыўных дошак і камп’ютараў ў кожным класе, вялікая колькасць расходных матэрыялаў для працы настаўнікаў і вучняў у кожным кабінеце, вольная рассадка вучняў на ўроку, адсутнасць кратаў на вокнах і дзвярах кабінетаў інфарматыкі – такіх кабінетаў проста няма, вялікія адкрытыя прасторы і г.д. У тых школах, што мы наведалі, вучні ходзяць без абутку, а некаторыя, нават босымі на ўроку сядзелі, але гэта ніяк не перашкаджала вучыцца вучню і навучаць настаўніку.

Галоўнае ў гэтых школах не паказуха, а павага да сяброў-аднакласнікаў, настаўнікаў, гасцей. Але больш за ўсё ўразіў мяне дух школы: сяброўскія, абсалютна раўнапраўныя стасункі паміж вучнямі і настаўнікамі – яны адзінае цэлае, яны роўныя. Ветлівасць, дабразычлівасць і  адкрытасць вучняў, іх шчаслівыя і задаволеныя тварыкі цяжка апісаць, там трэба пабываць і акунуцца ў атмасферу той школы, каб да канца зразумець аб чым ідзе гаворка. Такі дух выхоўвае людзей вольных, годных, адкрытых.

Пытанні, якія цікавілі беларускіх настаўнікаў

- Ці баяцца датчане бежанцаў? Ці прыносяць яны праблемы Даніі?

Яўгенія Кліменцьева адказвае: “Не, не баімся. У мінулым годзе ў Данію прыехала 5,5 тысяч чалавек. Хіба такая колькасць не будзе прынята і “пераварана” 5,5-мільённым дацкім народам?

У свеце зараз 6 млн. бежанцаў. 98% з іх перайшлі толькі адну граніцу, гэта значыць, што знаходзяцца на тэрыторыі Грэцыі, Італіі, Іспаніі – тых дзяржаў, што блізкія да іх тэрытарыяльна. У іх, канечне, больш праблемаў, а да нас няшмат даехалі.

Акрамя таго, у Даніі прыняты законы, што ўскладняюць прыезд вялікай колькасці бежанцаў. Напрыклад, закон аб тым, што асобы, якія маюць значныя каштоўнасці, абавязаны іх здаць дзяржаве, толькі пасля гэтага можна атрымаць статус бежанца.

Яшчэ адзін закон аб тым, што недатчане не могуць жаніцца і выходзіць замуж да 24 гадоў. Гэта паставіла бар’ер на шляху тых мігрантаў, што дасылалі сюды сваіх дзяцей-падлеткаў, тыя  хутка прыжываліся, браліся шлюбам, атрымлівалі грамадзянства і перавозілі свае сем’і. Праваабаронцы, канечне, крытыкавалі гэтыя законы, але заканадаўцы ў дадзеным выпадку паставілі на першы план бяспеку грамадства, дзяржавы, а не правы чалавека”.

На фота - настаўніцкі пакой

- Як працуюць школьныя настаўнікі?

У Даніі настаўнікі маюць вялікую свабоду выбару дапаможнікаў і метадаў навучання. Міністэрства  перад педагогам ставіць толькі мэту навучання і выхавання, прадастаўляе прыкладныя па змесце зборы матэрыялаў, на якія можна абаперціся. Ад творчасці, адукаванасці, энергіі настаўніка шмат залежыць.

- Хто правярае, як настаўнік працуе? Ці выконвае ён пастаўленыя мэты?

У канцы кожнага года праводзяцца нацыянальныя тэсты па ўзору PISA. Адзнакі ставяцца па 12-бальнай сістэме. Калі дзіця не спраўляецца, можа быць пакінута на другі год. Робяцца замеры і пра сацыяльныя навыкі: ці адчувае дзіця павагу ад настаўнікаў і вучняў, ці добрыя адносіны паміж аднакласнікамі.

- Ці ёсць класы, школы для адораных вучняў?

“Не, класы вельмі інклюзіўныя.  Я сама вучылася ў дзяржаўнай школе і хацела, каб мой сын вучыўся ў звычайнай дзяржаўнай школе”, - гаврыць Сесілія Дэкара. -  Напаўняльнасць класаў не больш за 28 чалавек, але пераважаюць меншыя – 20-25 вучняў. У некаторых класах назначаюць дадатковага педагога, калі такое рашэнне прымаюць мясцовыя ўлады і дырэктар”.

- Калі вынікі экзаменаў нізкія, хто адказвае за гэта? Ці караюць настаўніка?

За нізкія вынікі адказвае не толькі настаўнік, а найперш мясцовыя ўлады. Дырэктар павінен распрацаваць меры па паляпшэнню працы школы. Настаўніка ў Даніі звольніць цяжка – яны працуюць па бестэрміновых дагаворах, а не па кароткіх кантрактах. Звальняюць толькі ў выпадку нейкага надзвычайнага ўчынка. Моцны настаўніцкі прафсаюз абараняе настаўнікаў ва ўсіх сітуацыях.

- Які заробак школьнага настаўніка?

У Даніі лічыцца, што не вельмі вялікі – 3-4 тысячы еўра ў месяц. Памер заробку залежыць толькі ад стажу і колькасці ўрокаў. Катэгорый у дацкіх настаўнікаў (як у Беларусі – другая, першая, вышэйшая і настаўнік-метадыст) няма.

Вольга, настаўніца гісторыі

Адукацыйная сістэма Даніі дае шмат свабоды  настаўніку, магчымасцей для  творчасці. Ён вольны ў выбары методык і падручнікаў, галоўнае -  канчатковы вынік. У класах ёсць усё для працы: месца настаўніка з камп'ютарам, дошкі, схемы, табліцы, розная папера і г. д. Вучні апрануты вольна, няма "дрэс-коду", малыя ходзяць па классе нават без абутку і натуральныя ў паводзінах. Усе перапынкі дзеці  гуляюць на школьным двары. Вялікія вокны і шкляныя сцены ў класах даюць магчымасць паглядзець, што адбываецца на занятку. Вучні за партамі сядзяць групамі.  Адказнасць настаўніка спыняецца пасля таго як вучань пакідае межы школы, далей - адказнасць бацькоў. Субота, нядзеля - адпачынак для ўсіх.
У Капенгагене і зараз, зімой, шмат людзей рухаюцца на роварах. У пятніцу рэстараны і кавярні запоўнены людзьмі, сустракаюцца калегі, пары, сем'і. На беразе канала, недалёка ад знакамітай скульптуры Русалачка, стаіць манумент  Маці-Даніі.  Як нам патлумачылі, “яна нікуды не пасылае сваіх сыноў і дачок, але заўседы чакае іх вяртання дамоў”.

Структура адукацыі

Абавязковай з’яўляецца базавая  школа з 0 па 9 клас,  вучацца дзеці з 6 да 16 гадоў. Пасля гэтага адбываецца падзел. Акадэмічна арыентаваныя класы (гімназіі) прымаюць тых, хто збіраецца далей вучыцца ва ўніверсітэтах ці ўніверсітэцкіх каледжах. У гімназіі маладыя людзі выбіраюць профілі-спецыялізацыі, вучацца 2 гады.

Астатнія могуць абраць практычна-арыентаванае навучанне – каля 200 спецыяльнасцей у прафесійных вучэльнях, дзе працягласць 2-4 гады ў залежнасці ад прафесіі. Гэта, напрыклад, будаўнікі, цырульнікі, кухары і інш.

Цікавае ўтварэнне пры базавых школах - дадатковы неабавязковы 10 клас. Туды могуць пайсці тыя,  хто яшчэ не зрабіў выбар або хоча палепшыць свае вынікі для паступлення ў гімназію.

У дзяржаўных (муніцыпальных) школах навучаецца 82% вучняў, астатнія ў прыватных. Але і прыватныя школы атрымліваюць фінансаванне ад дзяржавы. Рэпетытарства ў Даніі не атрымала распаўсюджвання, бо школа спраўляецца са сваімі задачамі.

Усё навучанне ў Даніі бясплатнае. Студэнты каледжаў і ўніверсітэтаў атрымліваюць стыпендыю. Калі студэнт жыве асобна ад бацькоў, то памеры стыпендыі нашмат павялічваюцца.

Ва ўніверсітэцкіх каледжах атрымліваюць ступень бакалаўра,  вучацца 4 гады - на настаўнікаў (базавай школы), медсясцёр, сацыяльных работнікаў і інш.

Ва ўніверсітэтах вучацца 5 год, атрымліваюць ступень магістра. Каб працаваць у гімназіі, напрыклад, трэба скончыць універсітэт, а для базавай школы дастаткова каледжа.

Вялікую ролю ў кіраванні школамі адыгрываюць органы мясцовага самакіравання. Менавіта яны выбіраюць дырэктара школы на конкурснай аснове. Ва ўніверсітэтах пануе самакіраванне і дэмакратычныя свабоды.

Энсгтранд. Школа падоўжанага дня

З расказа Пітэра, каардынатара школы падоўжанага дня, мы зразумелі, што ў Даніі гэты элемент вельмі важны. Пры кожнай школе абавязкова ёсць падоўжанка.

Сюды прыходзяць вучні з нулявога да 4 класа. Некаторых бацькі прыводзяць  ужо ў 6.30 раніцы. Тут малыя снедаюць, гуляюць, ідуць на ўрокі, потым зноў вяртаюцца ў падоўжанку да 17-18 гадзін. І так 5 дзён з панядзелка да пятніцы. А вось субота і нядзеля для ўсіх выходныя. Ніякага шостага дня няма!

Затое школы падоўжанага дня працуюць на ўсіх канікулах, нават летніх!  Атрымліваецца такі дзіцячы садок для 0-4 класаў, каб бацькі не ламалі галаву, з кім пакінуць малога, калі яны на працы, а ў школе канікулы. За падоўжанку бацькі плацяць 1300 крон (каля 170 еўра) у месяц, гэта толькі чвэрць ад той сумы, што выдзяляе дзяржава на ўтрыманне школы.

Школьны двор 

Вучні маюць вялікі выбар, чым заняцца. Пітэр паказвае нам расклад у выглядзе карцін-фота, на якіх выявы педагогаў і занятку, якія яны прапануюць: малюнак, лега, музыка, танцы, камп’ютар, тэатр, фізкультура, басейн, канькі і іншае. Ёсць праблема, што некаторыя дзеці хацелі б займацца камп’ютарам цэлы дзень, прыходзіцца іх абмяжоўваць.

Памяшканні-класы ў школе падоўжанага дня без дзвярэй, перагародкі паміж імі не даходзяць да столі, таму ёсць адчуванне, што усё гэта адна адкрытая вольная прастора.

- Як  у дацкай школе вырашаюць праблему з гаджэтамі?

Пітэр расказвае, што ў іх школе школьная рада прыняла рашэнне не прыносіць  свае гаджэты ў школу ва ўсе дні тыдня, акрамя пятніцы.  У пятніцу свабода, а ў астатнія дні дзеці кладуць свае тэлефоны ў спецыяльную скрыначку і забіраюць, ідучы дамоў. Калі трэба тэрмінова патэлефанаваць бацькам, вучань можа гэта зрабіць, спытаўшы дазволу ў настаўніка. Калі камп’ютары ці планшэты патрэбны для працы на ўроку, то педагог бярэ школьныя.

Пытаем у выхавацеля, як вядзецца   ўлік вучняў, ці не заблукаў малы па дарозе ў школу ці дадому. Пітэр паказвае нам экран на сцяне калідора – гэта электронная сістэма рэгістрацыі. Прыйшоў вучань у падоўжанку – націснуў пальчыкам на экран, зарэгістраваўся. Адыходзіць дадому –робіць тую ж працэдуру.

- Ці ёсць у дацкіх вучняў хатнія заданні?

Ставіцца задача перад школай, каб хатніх заданняў не было. Вучні могуць нешта рабіць дома, але не абавязаны.

- Ці наведваюць настаўнікі сем’і сваіх вучняў?

Настаўнікі па хатах не ходзяць. Перад пачаткам навучальнага года дырэктар і яго намеснікі (іх тры асобы) ходзяць па кватэрах і запрашаюць у школу, расказваюць пра сваю ўстанову бацькам і будучым вучням.

- Ці ёсць заняткі па правах дзіцяці?

Не. Такіх заняткаў у школе падоўжанага дня няма. Сваім прыкладам, паводзінамі настаўнікі і выхавацелі стараюцца паказаць, што кожны вучань будзе пачуты, што яго меркаванне важнае. Тры разы на год у школе праходзяць сходы ўсіх вучняў, на якіх яны могуць выказацца, прапанаваць сваё рашэнне па праблемах школьнага жыцця. Па ўсіх прынцыповых пытаннях праводзяць вучнёўскае галасаванне. Працуе школьная рада, у якую ўваходзяць бацькі, настаўнікі і вучні. Калі правілы створаны сумесна, то іх лягчэй выконваць.

- Ці зацікаўлены дацкія школы, каб да іх ішло больш вучняў?

Так. Штогод бацькі запаўняюць анкету пра школу і мы іх ўважліва вывучаем, глядзім, якія ёсць праблемы. Калі школа страчвае папулярнасць, бацькі забяруць дзяцей. Мы зацікаўлены, каб дзяцей было столькі ж, колькі ёсць (або больш), тады нікога з настаўнікаў і выхавацеляў не трэба будзе звальняць.

- Як вучні харчуюцца ў школе падоўжанага дня?

“Прыносяць ежу з дому. Калі хто забыў, то у нас таксама ёсць што перакусіць. Толькі з дому яны могуць прынесці смачнае, а ў нас толькі хлеб і вада. Гарачае харчаванне ў Даніі ёсць у дзіцячых садках, а ў школах няма”, -  гаворыць Пітэр.

- Ці арганізаваны сон у школе падоўжанага дня?

“Не, агульнага сну няма, але калі дзіця захоча, то ёсць месца, дзе яно можа прылегчы і паспаць.”

Школа, дзе  паважаюць правы чалавека

Школа Лангелінье супрацоўнічае з ЮНІСЕФ, з 2014 г. атрымала сертыфікат “Школа, дзе паважаюць правы чалавека”, гэта значыць, што гэтай праблеме ва ўстанове надаецца больш увагі. Нас сустракаюць настаўніца Мэдэн і трое вучняў, членаў школьнага савета па правах чалавека - Андрэас, Конрад і Лукас. У Лангелінье акрамя звычайнага школьнага савета ёсць яшчэ і такі - школьны савет па правах чалавека. У яго абраныя 12 вучняў (па аднаму ад кожнага класа), адзін настаўнік-каардынатар, адзін прадстаўнік адміністрацыі і адна асоба прадстаўляе бацькоў вучняў.

Прынцыпы дзейнасці школы: роўнасць, годнасць, павага, талерантнасць і ўдзел. Галоўная задача – стварыць аптымальныя ўмовы для дзяцей і персаналу. “Штогод мы праводзім даследаванні сярод вучняў, якія праблемы ёсць у школе. Гэта можа быць любая праблема: што адбываецца на перапынках, ці ёсць ужыванне мянушак вучнямі, ці адчуваюць  вучні сябе абароненымі,  які стан школьных туалетаў і іншыя. Сёлета, напрыклад, высветлілася, што многія лічаць актуальнай праблему залішняга шуму ў школе. Вырашаем сумесна, што рабіць, і разам робім,”- гаворыць Мэдэн.

 У школе лічаць вельмі важным уцягванне бацькоў у школьныя справы на працягу ўсяго года, а ёсць тыдзень, калі бацькі могуць нават правесці ўрок.

У класах мы бачым Хартыі класа. Аказваецца, гэта адна з форм  працы па вывучэнні Канвенцыі аб правах дзіцяці і рэалізацыі яе палажэнняў у калектыве. Вучні самі выбіраюць артыкулы з Канвенцыі – пішуць-малююць іх -  і на аснове артыкулаў фармулююць правілы жыцця класа і свае ўласныя правілы. Гэты сумесна складзены дакумент – Хартыя класа - поле для творчасці і крытэрыі ацэнкі спраў, паводзін, адносін, атмасферы ў калектыве.

У нулявым  і класе працуюць  два настаўнікі. Такое рашэнне прыняло кіраўніцтва школы “каб вучні адчувалі сябе больш абароненымі”.

Кожны перапынак дзеці выбягаюць гуляць у школьны двор на вольнае паветра.

Абутак зменны, але малыя у некаторых класах сядзелі ў шкарпэтках.

Таццяна, настаўніца пачатковых класаў

Поражена отношением взрослых к детям. Дружеское, никакого давления. Мне, как учителю начальных классов, особенно удивительно было видеть как организуется учебный процесс. Дети свободны и в том, как сидят за партами, как отвечают на вопросы, с каким интересом наблюдают за происходящим. А то, что в классе два учителя... даже в мечтах не видела. Учиться без учебников и планов и получать знания? Кто вообще про это слышал? Жить без родительских собраний и их же поучений, как учителю учить детей?  Где вы такое слышали и видели? А про то, чтобы учителя лишать личной жизни в послеурочное время мы знаем лично. А в Дании этого никто сделать не смеет. Личная жизнь учителя - это личная жизнь учителя!

Універсітэцкі педагагічны каледж UCC

Тут вучацца 10 тысяч будучых настаўнікаў і выхавацеляў для базавай школы (0-10 класы). Гэта самы вялікі з шасці дзяржаўных педкаледжаў у Даніі, ёсць яшчэ сёмы, прыватны. Тэрмін навучання 4 гады.

Нас сустракае выкладчыца грамадазнаўства Лаксмі, вядзе па прыгожаму, светламу будынку на сустрэчу са студэнтамі, якія ў гэтым годзе ўпершыню скончылі курс па правах чалавека. Праграма курса па правах чалавека для педуніверсітэтаў распрацавана разам з ДІПЧ.

- Як вывучаюць правы чалавека ў школах Даніі? Ці ёсць асобны прадмет?

Не, асобнага прадмета ў школе няма. Правы вывучаюцца ў курсах этыкі, рэлігіязнаўства, іншых грамадазнаўчых дысцыплін. Але веданне правоў чалавека настаўніку патрэбна найперш для таго, каб самому ствараць у адносінах з вучнямі атмасферу павагі чалавечай годнасці.

- Чаму вы выбралі гэту спецыялізацыю па правах чалавека?

Варыянты адказаў студэнтаў такія:

1 – Мне цікава гэта, абумоўлена маёй асабістай гісторыяй. Я нарадзіўся ў Іраку, калі мне было 6 год, сям’я пераехала ў Данію.

2 – Лічу, што сёння ў свеце такая сітуацыя, што  праблема правоў чалавека становіцца самай важнай.

3- Я хачу змяніць свет сваёй працай. Не хачу, каб настаўнікі былі дыктатарамі.

- Які прадметы выкладаюць у школах выпускнікі каледжа?

Кожны студэнт выбірае спецыялізацыю з трох прадметаў, якія будзе выкладаць у школе. Напрыклад, нашы субяседнікі выбралі: 1- рэлігіязнаўства, геаграфія, англійская; 2- англійская, матэматыка, музыка; 3- матэматыка, дацкая мова, фізкультура. Таксама выбіраюць і ўзроўні: першы - ад 0 да 5 класа, другі – ад 6 да 10 класа.

Гімназійныя выкладчыкі сканчаюць універсітэт, там абіраюць спецыялізацыю з двух прадметаў – асноўны і дадатковы.

- У класах мы бачылі настаўніка і памочніка. Дзе рыхтуюць гэтых памочнікаў?

Часцей за ўсё памочнікамі працуюць студэнты, будучыя настаўнікі. Гэта яшчэ і сродак зарабіць грошы, дадатак да стыпендыі. Многія са студэнтаў так падпрацоўваюць.

- Ці прэстыжная праца настаўніка ў Даніі?

Канечне прэстыжная – іначай бы мы яе не выбралі. Гэта тая праца, якая можа змяняць свет.

Заробак сярэдні – 3-4 тысячы еўра, павялічваецца са стажам. Настаўнік заўсёды знойдзе працу.

У нас вельмі моцныя настаўніцкія прафсаюзы. Былі канфлікты настаўнікаў з уладамі, і прафсаюзы прымушалі ўлады саступіць.

- Ці ёсць у Даніі конкурсы, спаборніцтвы паміж школамі, настаўнікамі? Ці прымушаюць настаўнікаў у іх удзельнічаць?

“Мы, датчане, не любім спаборніцтваў. Самі не любім, а сілай нас не прымушаюць.  У гімназіях, праўда,  ёсць алімпіяды па прадметах,” – гаворыць Лаксмі.

- Які пенсійны ўзрост у Даніі?

68 год, аднолькавы для мужчын і жанчын.

Пра гістарычныя сувязі Беларусі і Даніі

Дачка князя менскага Валадара Глебавіча Сафія
ў 1157 годзе ўзяла шлюб з дацкім каралём Вальдэмарам І, адным з наймагутнейшых каралёў дацкай гісторыі (1131—1182) з дынастыі Эстрыдсэнаў.
Сямейнае жыцьцё Вальдэмара й Соф’і было шчасьлівым. Соф’я нарадзіла двух сыноў і шэсьць дачок. Дзве зь іх, згодна з полацкай традыцыяй, абралі кляштар. Астатнія ўзялі шлюб з тагачаснымі ўладарамі Эўропы.

Сама Соф’я не абмяжоўвалася хатнім жыцьцём, а брала актыўны ўдзел ў палітыцы. У горадзе Калундбарг Соф’я пабудавала катэдру, якая лічыцца адзінай сярэднявечнай царквой Скандынавіі, пабудаванай у візантыйскім стылі.

Пахавана побач з Вальдэмарам I у каралеўскай пахавальні г. Рынгстэда.

Крыніца: тут