Надзея Нікалаева, zviazda.by
У Аркадзя Райкіна была некалі вельмі папулярная мініяцюра. Артыст прыходзіць да дырэктара атэлье і спрабуе высветліць, хто пашыў яму крывы касцюм. «— Мы! — Хто гэта «мы»? — У нас вузкая спецыялізацыя. Адзін прышывае кішэню, адзін — пройму, я асабіста прышываю гузікі. Да гузікаў прэтэнзіі ёсць?» Да гузікаў прэтэнзій няма, але касцюм — крывы!!!
Гэту гісторыю прыгадаў, выступаючы на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. «Нам сёння трэба «вучыць не таго, каго ўмеем, а таго, хто патрэбны, — падкрэсліў ён. — Дырэктар МТЗ расказаў, што ўвёў сістэму прыёму выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў з патрабаваннем наяўнасці сярэдняга бала не ніжэйшага за «8». Да яго прыйшлі 11 чалавек, больш іх проста няма. Гэта сведчыць аб тым, што мы не падрыхтавалі, не выхавалі, не вывучылі добрага інжынера, маркетолага, эканаміста... Калі маладыя спецыялісты прыходзяць на вытворчасць пасля заканчэння навучальнай установы, першае, што яны чуюць, — параду «забудзьцеся ўсё, чаму вас вучылі». Але чамусьці нікога не засмучае гэта акалічнасць...»
Назад у мінулае?
Каго сёння трэба рыхтаваць для рынку працы і якімі кампетэнцыямі павінны валодаць на выхадзе з установы адукацыі выпускнікі, каб быць запатрабаванымі наймальнікамі, — адказы на гэтыя пытанні сёння шукаюць не толькі ў нашай краіне. У лістападзе мінулага года ў Політэхнічным універсітэце г. Валенсія (Іспанія) быў дадзены старт новаму міжнароднаму праекту FОSTЕRС у рамках праграмы Эразмус +. Праект рэалізуецца кансорцыумам у складзе 15 партнёраў з Іспаніі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі і Беларусі.
Ад нашай краіны ў праекце прымаюць удзел Белдзяржуніверсітэт, БДЭУ, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы.
Мэта праекта FОSTЕRС — рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў вышэйшай адукацыі і паглыбленне сувязяў з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Нядаўна ў Мінску прайшоў міжнародны семінар, на якім якраз і абмяркоўваліся гэтыя праблемы.
Усе эксперты пагаджаюцца, што адукацыя, арыентаваная толькі на атрыманне ведаў, — учарашні дзень.
У свеце, які імкліва змяняецца, сістэма адукацыі павінна фарміраваць такія новыя якасці ў выпускніка, як ініцыятыўнасць, інавацыйнасць, мабільнасць, гнуткасць, дынамізм і канструктыўнасць. Будучы прафесіянал павінен імкнуцца да самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця, валодаць новымі тэхналогіямі і разумець магчымасці іх выкарыстання, умець прымаць самастойныя рашэнні, хутка адаптавацца ў сацыяльнай і прафесійнай сферы, працаваць у камандзе, быць гатовым да перагрузак, стрэсавых сітуацый і ўмець хутка з іх выходзіць. Натуральна, што выхаванне такой сацыяльна і прафесійна актыўнай асобы патрабуе ад педагогаў вышэйшай школы прымянення цалкам новых метадаў, прыёмаў і формаў работы. Каб сфарміраваць кампетэнтнага ва ўсіх патэнцыйна значных сферах прафесійнай адукацыі выпускніка, трэба выкарыстоўваць актыўныя метады навучання, тэхналогіі, якія развіваюць перш за ўсё пазнавальную, камунікатыўную і асобасную актыўнасць цяперашніх студэнтаў.
Адукацыя з арыентацыяй на рынак
Кампетэнтнасны падыход да навучання студэнтаў змяняе сучасныя адукацыйныя мэты. Вышэйшая адукацыя на постсавецкай прасторы традыцыйна грунтавалася на фундаментальнасці ведаў і падрыхтоўцы спецыялістаў шырокага профілю, што калісьці лічылася яе перавагай. Але сёння рынак усё больш актыўна патрабуе практыка-арыентаваныя кадры.
З 2013 года ў беларускай вышэйшай школе дзейнічаюць адукацыйныя стандарты трэцяга пакалення, але ўжо сёння вядзецца работа над наступным пакаленнем стандартаў 3+.
— Новыя стандарты будуць уведзены ў прававое поле разам з новым Кодэксам аб адукацыі, — тлумачыць прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Ігар ЦІТОВІЧ. — Зыходзячы з расійскага і еўрапейскага досведу, можна сцвярджаць, што кампетэнтнасны падыход у адукацыі будзе рэалізаваны ў поўнай меры толькі пры цеснай узаемасувязі ўстаноў адукацыі з заказчыкамі кадраў, у тым ліку і з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці. Менавіта работадаўцы павінны фармуляваць тыя кампетэнцыі, якія патрабуюцца спецыялістам заўтрашняга дня, з прыцэлам на будучыню, а не быць проста пасіўнымі спажыўцамі вынікаў працы вышэйшай школы. Для прафесійнай экспертызы адукацыйных стандартаў быў створаны спецыяльны партал еdustаndаrt.bу, дзе размяшчаюцца стандарты пакалення 3+ для бакалаўрыяту і магістратуры. І ўсе зацікаўленыя, у тым ліку і работадаўцы, могуць пакінуць там свае прапановы, пажаданні і думкі. Шчыра кажучы, нам бы хацелася больш актыўнага дыялогу з імі.
Адукацыйныя стандарты ўстанаўліваюць патрабаванні да зместу прафесійнай дзейнасці спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, зместу адукацыйных праграм, формаў і тэрмінаў атрымання вышэйшай адукацыі, арганізацыі адукацыйнага працэсу, максімальнага аб'ёму вучэбнай нагрузкі на студэнтаў, узроўню падрыхтоўкі выпускнікоў і выніковай атэстацыі. Пры распрацоўцы адукацыйных стандартаў 3+ ставіцца таксама задача сфармуляваць кампетэнцыі для бакалаўраў і магістраў: універсальныя — для ўсіх, базавыя прафесійныя — для бакалаўраў, паглыбленыя прафесійныя — для магістраў і спецыялізаваныя. Спецыялізаваныя кампетэнцыі будуць вызначацца ўстановамі вышэйшай адукацыі з улікам патрабаванняў рынка працы, кансультацый з аб'яднаннямі работадаўцаў, з улікам замежнага досведу і прыцягнення іншых крыніц. Галоўная задача адукацыйных стандартаў 3+ — забяспечыць сувязь з рынкам працы і аператыўна рэагаваць на яго запыты.
Кодэкс і новыя падыходы
Па словах начальніка ўпраўлення вышэйшай школы Міністэрства адукацыі Сяргея КАСПЯРОВІЧА, асноўныя прынцыпы Балонскага працэсу і «дарожнай карты» знайшлі адлюстраванне ў праекце Кодэкса аб адукацыі. У прыватнасці, у новай яго рэдакцыі будзе замацавана шматступеньчатасць вышэйшай школы, а таксама магчымасць для арганізацыі новых формаў адукацыйнага працэсу, такіх як дыстанцыйнае навучанне (зараз яно існуе толькі як адна з формаў завочнага навучання, а не як самастойная форма) і сеткавае ўзаемадзеянне. У прыватнасці, сеткавае ўзаемадзеянне дазволіць розным установам адукацыі і іншым арганізацыям ажыццяўляць сумесную падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй як у рамках двайных дыпломаў, так і ў рамках адукацыйных кластараў, прадстаўленых рознымі арганізацыямі. Акрамя таго, прадугледжваецца істотнае пашырэнне акадэмічнай аўтаномнасці ВНУ за кошт пераходу ад тыпавой вучэбна-праграмнай дакументацыі да прыкладнай.
— Увогуле ў кодэксе закладваецца модульны падыход да зместу адукацыйных праграм (аб'яднанне дысцыплін у модулі. — Аўт.). Будзе замацавана сістэма заліковых адзінак, якая дазволіць у будучыні больш эфектыўна рэалізоўваць інтэграваныя праграмы і сеткавую падрыхтоўку, прычым не толькі ў рамках Беларусі, але і з замежнымі партнёрамі, што павысіць мабільнасць студэнтаў. Будзе пашырана практыка выбару студэнтам вучэбных дысцыплін. Частка паўнамоцтваў, звязаных з фарміраваннем адукацыйных праграм, перадаецца на ўзровень універсітэтаў, — звяртае ўвагу Ігар Цітовіч.
Абавязковы кампанент, зафіксаваны на ўзроўні адукацыйнага стандарту, будзе складаць у адукацыйных праграмах бакалаўрыята да 50 працэнтаў. Астатнія 50 працэнтаў зместу будуць фарміраваць непасрэдна ВНУ з улікам тых задач, якія яны вырашаюць ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў. А ў магістарскіх адукацыйных праграмах на ўзроўні стандарту будзе фіксавацца і ўвогуле толькі 30 працэнтаў іх напаўнення, а 70% — аддаецца ВНУ.
Не сакрэт, што сёння ў навучальным працэсе ў вышэйшай школе дамінуе лекцыйная форма заняткаў, што зусім не спрыяе фарміраванню ў студэнтаў прафесійных кампетэнцый. Навучанне павінна быць больш практыка-арыентаваным, гэта канстатуюць усе спецыялісты. Да таго ж пры атэстацыі студэнтаў пакуль што пераважае праверка акадэмічных ведаў, а не дыягностыка сфарміраваных кампетэнцый. Сур'ёзнай праблемай застаецца і нявызначанасць статуса магістра на рынку працы. Бакалаўрыят фактычна зойме месца цяперашняй І ступені вышэйшай школы, добра зразумелай наймальнікам. Таму пазнавальнасць дыпломаў бакалаўраў у будучыні забяспечана, чаго не скажаш пра дыпломы магістраў...
Цяпер у беларускіх ВНУ — занадта шырокі спектр спецыяльнасцяў і спецыялізацый: на першай ступені — каля 400 і больш як тысяча спецыялізацый і больш як 300 спецыяльнасцяў прапануюць у магістратуры. Натуральна, што прафесійна-кваліфікацыйная структура вышэйшай адукацыі павінна быць аптымізаваная. Таму актыўна вядзецца работа над новым Класіфікатарам спецыяльнасцяў і кваліфікацый і адначасова — над стварэннем Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый.