Круглы стол, на якім абмяркоўвалася стварэнне сістэмы беларускамоўнага навучання, быў арганізаваны Міністэрствам адукацыі пры ўдзеле дэпутата Алены Анісім. Мерапрыемства адбывалася ў галоўным корпусе БДПУ імя М. Танка 12 красавіка 2017 года.
Вёў круглы стол першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. На пасяджэнне былі запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, педагагічнага ўніверсітэта, дырэктар Дзераўнянскай школы, загадчыца 187 садка, прэса (“Настаўніцкая газета”) а таксама прадстаўнікі дзвюх грамадскіх арганізацый: Таварыства беларускай мовы (Алена Анісім) і Таварыства беларускай школы (Тамара Мацкевіч).
Вадзім Богуш у вітальным слове зазаначыў, што існуе Комплексны план па падтрымцы беларускай мовы, у адпаведнасці з якім і дзейнічае Мінстэрства адукацыі. Аднак адукацыя сёння мае шмат выклікаў, якія звязаны не толькі з пашырэннем сферы ўжытку беларускай мовы. Напрыклад, інтэрнэт адкрыў вучням магчымасці доступу да вялікага аб’ёму інфармацыі, сярод якой шмат фэйкавых звестак. У дадатак масмедыя выкарыстоўваюць маніпулятыўныя тэхналогіі, і нашая моладзь павінна мець навыкі, каб ім супрацьстаяць. Прарэктар па выхаваўчай рабоце БДПУ Святлана Копцева працягнула думку, што фармаванне ідэнтычнасці беларусаў можа быць тым каштоўнасным фільтрам, які абароніць іх ад маніпуляцыйнага ўздзеяння медыя. Яна распавяла пра тое, што робіць педагагічны ўніверсітэт для пашырэння ўжытку беларускай мовы і вывучэння нацыянальнай культуры, і што гэта выклікае толькі станоўчыя эмоцыі ў студэнтаў і выкладчыкаў.
Алена Анісім агучыла прапановы, падрыхтаваныя Таварыствам беларускай мовы, якія былі перададзены першаму намесніку міністра адукацыі Вадзіму Богушу:
1. Ва ўсіх педагагічных універсітэтах адкрыць групы з беларускай мовай навучання для падрыхтоўкі будучых настаўнікаў-прадметнікаў
2. У ВНУ павялічыць колькасць гадзін на выкладанне гісторыі на беларускай мове з увядзеннем абавязковага экзамену (а не закліку)
3. Гісторыю Беларусі і геаграфію Беларусі выкладаць на беларускай мове.
4. У выхаваўчым і адукацыйным працэсе выкарыстощваць беларускамоўныя фільмы кінастудыі “Летапіс”, а таксама прадукцыю канала АНТ.
5. Адкрыць у гарадах па адной гімназіі з беларускай мовай навучання.
6. Забяспечыць абавязковае тэсціраванне на абедзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь.
Удакладнення патрабаваў апошні пункт прапановаў. Што ТБМ мела на ўвазе: абавязковы тэст на валоданне абедзвюма мовамі, ці магчымасць выбару мовы пры здачы ЦТ па розных прадметах?
Святлана Уклейка, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, агучыла статыстыку: колькасць беларускамоўных школ на цяперашні момант складае 49%, аднак гэта, у асноўным, сельскія малакамплектныя школы, у якіх па-беларуску вучацца толькі 13% вучняў. Пры гэтым, яна адзначыла, існуе 17 беларускамоўных гімназій. Ніводную з іх не закрылі, хаця выпадкі закрыцця рускамоўных гімназій былі. Святлана Уклейка адзначыла, што яны спрабуюць пашыраць беларускую мову праз пашырэнне яе ўжытку ў інструктыўнай базе.
Тамара Мацкевіч, намесніца старшыні Таварыства беларускай школы, найперш падзякавала Мінстэрству адукацыі за прызнанне і падтрымку інавацыйных навучальных тэхналогій і праграм, якія вядуць грамадскія арганізацыі. У першую чаргу гэта тычыцца праграм па стратэгіі актыўнай ацэнкі і медыяадукацыі, паволе якіх Міністэрства зацвердзіла працу інавацыйных пляцовак у школах.
ТБШ пагадзілался з прапановамі ТБМ і ўнесла наступныя прапановы:
З улікам кампетэнцый Міністэрства адукацыі (не Міністэрства прымае рашэнне пра стварэнне беларускамоўных навучальных установаў і класаў):
- Закласці як абавязковы пры абнаўленні навучальных праграм і напісанні сучасных падручнікаў прынцып беларусацэнтрычнасці. Г.зн. адукацыя павінна даваць практычныя, арыентаваныя на патрэбы і рынак працы Беларусі веды і ключавыя кампетэнцыі, спрыяць фармаванню мадэрнай беларускай нацыі. Толькі тады адукацыя будзе выконваць сваю сацыякультурную місію.
- Міністэрству адукацыі паказаць прыклад астатнім: пачаць са стварэння паўнавартаснай беларускамоўнай версіі сайта Міністэрства адукацыі, зрабіць яе асноўнай.
- Рыхтаваць законапраекты (напрыклад, новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі) і іншую дакументацыю на беларускай мове.
- Пазбягаць стварэння для беларускай мовы этна-культурнага гета. Спрыяць перавядзенню на беларускамоўнае выкладанне найперш самых прэстыжных гімназій і школ, падтрымліваць навучанне па-беларуску STEM-прадметаў, заахвочваць для гэтага найлепшых настаўнікаў. Беларусь будзе сучаснай, калі ўсё новае і сучаснае будзе беларускім.
- Забяспечыць беларускамоўным вучням магчымасць мець не толькі падручнікі, але і працоўныя сшыткі, атласы і да т.п.
- Забяспечыць пераемнасць беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях і арыентавацца ў найбліжэйшай перспектыве на колькасць беларускамоўных навучальных установаў у адпаведнасці з перапісам насельніцтва па прызнанні беларускай мовы роднай.
- ТБШ прапанавала Міністэрству адукацыі валанцёрскую дапамогу ў перакладах, стварэнні сучаснай тэрміналогіі, перадачы сучасных методык і зместу для павышэння кваліфікацыі педагогаў.
Кіраўнікі беларускамоўных установаў (школы і дзіцячага садка) распавялі пра свае поспехі і метады папулярызацыі беларускай мовы і беларускамоўнага навучання. Аднак адзначылі, што шмат вырашае агульная атмасфера ў грамадстве, настрой і асцярога бацькоў.
Усе ўдзельнікі круглала стала адзначылі рост папулярнасці беларускай мовы сярод моладзі, аднак пагадзіліся, што не ўсё залежыць ад Міністэрства адукацыі і яго структур. Беларуская мова павінна быць запатрабавана ў дзяржаве, ва ўсіх сферах.
Напрыканцы сустрэчы праца круглага стала перайшла ў рэжым мазгавога штурму, гучала шмат прапановаў, як падтрымаць беларускую мову. Нават прапанавалі ТБШ весці навучальную праграму на першым нацыянальным канале. (Для даведкі: ТБШ – не супраць!)
Пры падсумаванні Вадзім Богуш запэўніў: “Мы будем делать всё возможное, опираясь на права и желания, которые есть у общества”.
Nastaunik.info