Як працаваць з відэаматэрыяламі на ўроку гісторыі, грамадазнаўства і не толькі?
Менавіта на гэтае пытанне спрабавалі адказаць удзельнікі семінара-практыкума «Работа з медыятэкстамі на ўроках гісторыі і грамадазнаўства» 26 красавіка 2017 г.
Кіраўнік дзіцяча-юнацкай тэлестудыі Мінскага дзяржаўнага Палаца дзяцей і моладзі Алена Арэшка засяродзілася на спецыфіцы аўдыявізуальных тэкстаў. Удзельнікі спачатку ўзгадалі свае любімыя кінастужкі, прааналізавалі, чаму і чым яны ім падабаліся, якія эмоцыі выклікалі. Потым у форме лекцыі са зваротнай сувяззю прааналізавалі сродкі, з дапамогай якіх аўтары кінатэкстаў выклікаюць пэўныя эмоцыі, ствараюць ілюзію рэчаіснасці.
Алена Арэшка дзеліцца сваім досведам з настаўнікамі-гісторыкамі
Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазволілі ўдзельнікам прабегчыся па ўсёй гісторыі кіно ад братоў Люм'ер да стваральнікаў "Зорных войнаў".
Працу з колерам аналізавалі на прыкладзе фрагментаў з фільмаў Сяргея Параджанава, кампазіцыю кадра і мантаж - пры праглядзе шэдэўраў Сяргея Эзенштэйна.
Аднак заглыбіцца ў тэму дапамаглі гістарычныя фільмы. Пры праглядзе фрагментаў савецкай кінакласікі пра вайну, калектывізацыю і поспехі індустрыялізацыі, можна выявіць шмат маніпуляцый: прыкладам, ніхто не ставіць пад сумнеў, што калгасы - гэта добра. Пазітыўныя героі толькі змагаюцца з "адсталымі элементамі", якія не разумеюць свайго шчасця і выпраўляюць невялікія недахопы на фоне ўсенароднай падтрымкі.
Удзельнікі прыйшлі да высноваў:
Удзельнікі прыйшлі да высноваў:
1) дзеці павінны ведаць, як ствараецца кіно, яго мову, якімі сродкамі пераканання дасягаецца эфект праўздівасці, як ствараецца ілюзія, што так і было на самой справе;
2) кіно (асабліва мастацкае) можна і трэба выкарыстоўваць як сродак развіцця крытычнага мыслення, як магчымасць паказаць элементы побытавай культуры, аднак кіно не можа быць крыніцай інфармацыі.
Напрыклад, можна даць дзецям праверыць факты, якія яны ўбачылі ў кіно, параўнаць кіно з сведчаннямі іх родных або прааналізаваць некалькі кінастужак, якія паказваюць адну гістарычную падзею з розных бакоў;
3) пасыл мастацкага кіно залежыць ад маральнасці таго, хто яго стварае.
Напрыканцы семінару метадыст НІА Алена Палейка правяла майстар-клас па працы з відэафрагментамі пры вывучэнні тэмаў па грамадазнаўстве.
Алена Палейка праводзіць майстар-клас
Напрыклад, каб вучні засвоілі паняцце менталітэт, можна скарыстацца мультфільмам студыі Беларусьфільм "Беларускія прымаўкі і прыказкі" з выкарыстаннем тэхнікі "стоп-кадр".
Вучням прапануецца праглядзець сюжэт, а потым здагадацца, якая прымаўка стаіць за ім.
Аналіз гэтых прымавак дазваляе разабрацца. якія ж рысы характару складаюць беларускі менталітэт.
Пра што, напрыклад, кажа прымаўка "Адзін пень гарэў, другі спіну грэў"? Ну вядома ж, пра наш індывідуалізм! Ці яшчэ пра што?
Алена Палейка правяла шэраг практыкаванняў, якія можна выкарыстоўваць пры вывучэнні розных тэмаў. Матэрыялы семінара-практыкума хутка будуць даступныя ў суполках Web Κλειώ на Google+ і "Медыяадукатар"на Facebook.
Далучайцеся!
Nastaunik.info