Дыдактычныя разынкі - ІІ

 

(з вопыту ментараў і студэнтаў дастанцыйнага курсу па тэхналогіі акыўнай ацэнкі)  

даслала ментар Алена Міхайлава

5 спроб палепшыць работу

Марына Ацэцкая  прапануе сваім вучням пісьмовую  работу на працягу тыдня, дае да 5 спроб. Каментар да кожнай спробы піша ў адну табліцу, якая ўклеена ў сшытак. Такім чынам, вучань бачыць “прырост” сваіх уменняў, можа зрабіць самаацэнку сваіх дасягненняў.

“З вучнямі мы дамовіліся аб умоўных пазначэннях. І да ўрокаў я друкую табліцы з рознай колькасцю слупкоў, пакуль спыніліся на пяці спробах (колькасць урокаў у тыдзень) давесці працу да дасканаласці. Першы слупок пасля першай праверкі запаўняю, другі - пасля другой спробы, калі ёсць неабходнасць і г.д. Табліцы ўклейваем у сшытак, ўлічыла магчымую страту, таму раблю ксеракопіі, але пакуль яны не спатрэбіліся”.

++

         

-

         

Δ

         

         

 

Лесвічка поспеху

Ірына Курыкша выкарыстоўвае гэты прыём на сваіх уроках матэматыкі з вучнямі 5-7 класаў. Гэта добры прыклад спалучэння НаШтоБуЗУ, зваротнай сувязі, прамежкавай рэфлексіі, самаацэнкі і  нестандартнага падыходу.

 

"На дошцы, пасля крытэрыяў НаШтоБуЗУ, малюю лесвічку з такой колькасцю прыступак, колькі на ўрок прапануецца крытэрыяў. Мы ўсе разам ацэньваем сваю працу на ўроку  і вырашаем, на якую прыступку мы  падняліся   па лесвічцы поспеху. Калі нешта было цяжка, дзеці дапускалі памылкі, то я падтрымліваю іх і кажу, што, хоць было нялёгка, але  мы ўскараскаліся  на прыступку нашай лесвічкі і можам рухацца далей. Ім вельмі падабаецца, калі чарговая прыступка пераадоленая. Калі ж уменне вучняў не адпавядае пэўнаму крытэрыю, мы не зусім  справіліся, значыць СТОП. Ісці далей нельга. Трэба яшчэ раз растлумачыць, каб вучні  змаглі выканаць заданне і падняцца па лесвічцы поспеху. Бывае так, што ў канцы ўрока мы даходзім да вяршыні лесвічкі. Тады дзяцей перапаўняюць пазітыўня эмоцыі, яны героі, яны, як у гульні "Цар гары," дасягнулі вяршыні, а значыць атрымалі максімум задавальнення і ад урока, і ад таго, як яны папрацавалі на ўроку. На дошцы па лесвічцы поспеху перасоўваем фігурку маленькага чалавечка.

А бывае і так, што ў канцы ўрока мы не змаглі падняцца на вяршыю лесвіцы. Гэта значыць, што не зусім добра працавалі, адцягвалі сваю ўвагу на нешта іншае і не паспелі зрабіць. Як кажуць мне дзеці: ведаў не хапіла. Гэта таксама вельмі добра, калі дзіця разумее, што сёння ён не змог выканаць заданні ў поўным аб'ёме, а гэта значыць, ёсць да чаго імкнуцца. Але я іх падтрымліваю і кажу, што ўсё, што не паспелі, пастараемся завяршыць на наступным уроку”.

Афіцыйная шпаргалка

Наталля Каплан складае  НаШтоБуЗУ разам з вучнямі старэйшых класаў ў закрытай групе  адной з сацыяльных сетак. Вучні самі дадаюць да крытэрыяў асноўныя тэарэтычныя пытанні і далі назву такім тэкстам “Афіцыйная шпаргалка”. Наталля і яе вучні адзначаюць, што такая праца -- добрае падспор’е для падрыхтоўкі да кантрольнай работы або да экзамену.

 

«У майго класа ёсць закрытая група ў адной з сацыяльных сетак, дзе мы выкладваем навіны класа, абмяркоўваем хатнія заданні, дзелімся сваімі цяжкасцямі і поспехамі. Менавіта туды я і выклала для абмеркавання першы раз крытэрыі поспеху да чарговага ўрока. Папрасіла азнаёміцца, пракаментаваць, па жаданні падабраць тэарэтычны і практычны матэрыял да пунктаў. Дзеці даволі актыўна адгукнуліся. Папрасіла падумаць, як мы будзем называць падобны план дзеянняў. На ўроку вучні прапанавалі назваць крытэрыі поспеху «афіцыйная шпаргалка», я не пярэчыла. Дзеці ўспрынялі ўвядзенне «шпаргалкі» з энтузіязмам. Раней мы прамаўлялі ключавыя пытанні тэмы, а цяпер гэта выразна сфармуляваныя пункты перад вачыма, прайшоўшы якія яны дасягаюць жаданага выніку. Ім спадабалася самім ствараць «шпаргалку», безумоўна з маёй дапамогай. Вырашылі побач з кожным пунктам рабіць спасылкі на тэарэтычны матэрыял і разабраныя практычныя заданні. Мае дзеці заўсёды былі інфармаваныя, што я буду патрабаваць ад іх. Цяпер жа, дзякуючы гэтаму падыходу ўсе сістэматызавана і вельмі празрыстае».