"Дзецям трэба даваць больш свабоды. Тады яны самі знойдуць свой твор"

Вольга Дубоўская, Настаўніцкая газета

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Глыбоцкай раённай гімназіі Таццяна Фёдараўна Барткевіч у педагогіцы 37 гадоў. На маё “Ого!” з гонарам заўважыла: “А вы думалі!”, а на пытанне “Чаму беларуская мова і літаратура?” адказала проста і шчыра: “Гэта проза жыцця. Мы з вясковымі сяброўкамі пайшлі туды ў Віцебскім педагагічным інстытуце, дзе быў меншы конкурс”. Адчуванне, што абраны кірунак — прызванне, прыйшло ў інстытуце. Як адзначыла Таццяна Фёдараўна, атмасфера і выкладчыкі зрабілі сваю справу. Вучыцца было цікава, і рабілася гэта з патрэбай. З таго часу мая суразмоўніца ні на хвіліну не пашкадавала, што стала настаўніцай роднай мовы і літаратуры. “Маё настаўніцтва — боская воля. Так было патрэбна. Гэта цалкам мая справа, справа па душы”, — адзначыла Таццяна Фёдараўна.

Магчыма, наша размова з Таццянай Фёдараўнай таксама была наканавана. Чытацкая культура цяперашніх школьнікаў — пытанне балючае і актуальнае. У кожнага з нас свае стасункі з літаратурай, і складваліся яны ва ўсіх па-рознаму. Таццяна Фёдараўна хварэе за кожнага свайго вучня, бо разумее, што без літаратуры чалавек ніколі не стане асобай. Сёння яна дзеліцца сваім досведам і напрацоўкамі.

— Таццяна Фёдараўна, многія настаўнікі вашага ўзросту любяць параўнаць колішніх вучняў і сённяшніх. Вы так робіце?

Самае цікавае на свеце — гэта чалавек.

— Не. Яны — вучні, і не важна, тады ці зараз. Яны ўсе і заўсёды цікавыя. Мне здаецца, што самае цікавае на свеце — гэта чалавек, ва ўсіх яго праявах, пачуццях, асацыяцыях. Днямі ехала ў маршрутцы разам з нашай выпускніцай, яна выйшла і на развітанне памахала рукой. Сэрца зашчымела і ўзрадавалася адначасова. Ад таго, што маю магчымасць сустракацца з такімі чыстымі, адкрытымі і шчырымі людзьмі, як гэтае дзяўчо. У школе ўсякага хапае: і няпростых у зносінах падлеткаў, і шчырых, цікаўных дзетак, і такіх класных старшакласнікаў, з якімі ўжо ёсць пра што пагаварыць, паспрачацца. Гэта такі энергаабмен! Мне вельмі падабаецца.

— А наколькі за гады працы змяніліся вы?

— У чалавечым плане змены адбыліся каласальныя. Некалі ў школе я была сакратаром камсамольскай арганізацыі і шчыра верыла ва ўсё тое, што тады гаварылася. Нават не ўяўляла, што можа быць па-іншаму. І калі ўсё змянілася і пачалося будаўніцтва новага чалавека, светапогляд мой памяняўся.

Многае мне дала нефармальная адукацыя.

Я памятаю, як упершыню загаварылі пра педагогіку супрацоўніцтва. Загучалі ідэі Шаталава, Аманашвілі. Мяне гэта зачапіла, і я імкнулася будаваць адносіны на аснове супрацоўніцтва. Пасля я зразумела, што, будучы настаўнікам, адказваю за якасць засваення вучнямі свайго прадмета: я цябе вучу, таму адказваю за ўзровень тваіх ведаў, а таму павінна быць патрабавальнай. Я цябе, дарагі вучань, люблю і паважаю як чалавека, але твае веды на ўроку магу ацаніць толькі зыходзячы з тваёй працы. На перапынку мы можам і ў абдымку з табой хадзіць, а на ўроку, калі ласка, адкажы, зрабі, выканай. Я была патрабавальным настаўнікам. Думаю, што ім і засталася. Адзінае, цяпер я вучняў больш шкадую. Напэўна, таму, што знаходжуся ва ўзросце бабулі. Некалі была вучням сяброўкай, потым перайшла ва ўзрост маці, а ва ўзросце бабулі на вучняў гляджу па-іншаму, хоць знешне гэта стараюся не праяўляць.

— Таццяна Фёдараўна, ці закранула эвалюцыя вашы ўрокі?

— З набыццём вопыту ўрокі станавіліся іншымі. Многае мне дала нефармальная адукацыя. Некалі было шмат розных курсаў, якія я па магчымасці наведвала. Захавалася шмат метадычнай літаратуры, куды заглядваю і сёння. Імкнуся ісці ў нагу з часам, бо мне павінна быць цікава. Я не магу 7 гадзін у школе, а пасля яшчэ і колькі гадзін дома проста марнаваць сваё жыццё, таму ўвесь час шукаю нешта незвычайнае для ўрокаў.

Без фундамента можна пабудаваць толькі паветраны замак. 

Спрабую ўсё: і актыўную ацэнку, і медыяадукацыю, і перавернуты ўрок, але ніколі не адмаўляюся ад таго, што было раней. Ніколі не скажу, што там было дрэнна. Без фундамента можна пабудаваць толькі паветраны замак. Усё тое, што было лепшым у школе мінулых гадоў, бяру з сабой і выкарыстоўваю. Дыскусія, гутарка на ўроках літаратуры не можа страчваць сваёй актуальнасці. Калі літаратуру абставіць усялякімі метадамі і формамі, то не будзе калі абмяркоўваць прачытанае, адчуваць твор, смакаваць яго. Урок літаратуры — гэта найперш аналіз, спрэчка, дыскусія, супастаўленне. Жывую гаворку нічым не заменіш.

Не кідаюся з галавой у нешта адно. Я закончыла курс па актыўнай ацэнцы і многае з яе выкарыстоўваю (і бачу яе карысць), але не ўсё запар. Мне падабаецца “НаШтоБузу”, мэта ўрока на мове вучня — гэта тое, што доктар прапісаў. Рэфлексія ў нас і так была. Вельмі патрэбная рэч — зваротная сувязь, але выкарыстоўваць яе так, як патрабуецца ў актыўнай ацэнцы, у мяне атрымліваецца часткова. На складанне пісьмовага аналізу выкананай працы ўсім вучням не хопіць ніякіх фізічных сіл. Таму выбіраю толькі найменш энергазатратныя метады.

— Не магу не спытаць: ці чытаюць вашы вучні?

— Усё залежыць ад класа. Сама ўвесь час думаю, што ўплывае. Задаюся пытаннем: чаму ў адным класе ўрок праходзіць на вышэйшай ноце, а ў другім — як сані па пяску. Настаўнік той

 “Дзеці як кветкі: кожная расцвітае ў свой час”

самы, прапаную тое ж, і перад сабой пхаю, і за сабой цягну, і можа нічога не атрымацца. Разам з тым да 11 класа вырастаюць добрыя чытачы. У некага чытацкая культура фарміруецца раней, у некага — пазней. Падабаецца выслоўе “Дзеці як кветкі: кожная расцвітае ў свой час”. Спакойна стаўлюся да тых, хто не прачытаў твор у старэйшых класах. Да меншых — строга: прачытаць — закон. Гаворка ладзіцца з тымі, хто ведае, і часта здараецца, што пасля нашага гарачага абмеркавання да твора звяртаюцца тыя, хто не чытаў яго. Гэта, канечне, радуе.

— Таццяна Фёдараўна, у вас не ўзнікала адчування, што некаторыя праграмныя творы па беларускай літаратуры маральна састарэлі? Сучасныя дзеці іх проста не разумеюць, а таму не ўспрымаюць.

— Сустракалася. Я не магу падняць свой настаўніцкі голас на твор класіка, бо гэта няправільна. Трэба разумець сваё месца ў гэтым жыцці. Але ж як дзецям цяжка іх чытаць!

Найлепш чытаюць у сучасным вучнёўскім асяроддзі У.Караткевіча, В.Быкава. Што цікава: на лета даю і “Чазенію”, і “Дзікае паляванне караля Стаха” У.Караткевіча. Калі “Дзікае паляванне караля Стаха” прачытаюць усе, то на “Чазенію” знойдзецца толькі некалькі чалавек, але яна для іх стане любімым творам.

У канцы навучальнага года правяла з вучнямі 10 і 11 класаў невялікую рэфлексію. Яны адказвалі на пытанні “якую кнігу паклалі б на свой працоўны стол, каб яна ўвесь час была побач?”, “якую кніжку паклалі б у шуфлядку (можа, калі і адкрыеце)?”, “а які твор (кнігу) паставілі б на самую далёкую паліцу ў кніжнай шафе?”

Адказы былі вельмі розныя. Нехта гаварыў, што “Каласы пад сярпом тваім” У.Караткевіча не тое, што на стале трымаў бы, а насіў бы пад пахай. Другі, наадварот, схаваў бы гэтую кнігу. Тое самае і з Быкавым, Шамякіным. У кожнага свой густ.

— На чытацкі густ уплывае шмат фактараў: агульная культура, сямейнае выхаванне і нават мода. Моладзь чытае, але не грамадзянскую лірыку. Іх цікавіць фэнтэзі, містыка. У такіх умовах настаўніку трэба быць вельмі мабільным, каб падтрымліваць цікавасць да кнігі, да класічнай літаратуры.

Каб вывучыць біяграфію пісьменніка, прапаную распрацаваць буклет. Па жаданні. Для астатніх — падручнік. І такая радасць: амаль усе пайшлі па шляху творчасці! 

— Сучасныя школьнікі прагматычныя ў думках і дзеяннях, яны мабільныя і разняволеныя. Увесь час думаю, як зрабіць так, каб мой прадмет стаў і цікавым, і патрэбным. Тут шчыры дзякуй за падказку хачу сказаць нашым настаўнікам. Каб вывучыць біяграфію пісьменніка, паэта, шырэй знаёміцца з яго творамі, прапаную распрацаваць буклет і абараніць яго. Гэта па жаданні. Для астатніх — падручнік. І такая радасць: амаль усе пайшлі па шляху творчасці! І з кожным разам атрымлівалася ўсё лепш.

І яшчэ. “Інтэрнэтныя” дзеці, якія штодня чытаюць “20 лепшых цытат …”, з цікавасцю ствараюць свае цытатнікі з рамана У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, абараняюць іх, разважаюць над сэнсам сказанага, дыскутуюць. А заадно вучацца чытаць уважліва, са смакам, думаць. І радавацца таму, што могуць і самі быць творцамі.

Падчас работы інтуітыўна адчуваеш, што дзецям трэба даваць больш свабоды ў выбары. Тады яны самі знойдуць свой твор.

Не проста вывучаецца паэзія, а ў ёй жа схаваны жыццёвыя сімвалы, метафары. Ёсць вершы ў дзесяць радкоў, а працаваць з такім вершам можна цэлы ўрок. Але паэзіяй захапляюцца адзінкі, а многія аргументуюць проста: “Не маё”, а калі зрабілі цытатнікі і буклеты, то некаторыя вершы нават я не чытала, у прыватнасці гаворка ідзе пра вершы Максіма Танка. А каб зрабіць такі цытатнік, трэба пералапаціць шмат літаратуры. Адразу бачна, калі верш чытаны, а не вырваны з кантэксту радок. Падчас такой работы інтуітыўна адчуваеш, што дзецям трэба даваць больш свабоды ў выбары. Тады яны самі знойдуць свой твор і прынясуць яго.

Яшчэ паспрабавала і такое: прапанавала ва “УКантакце” стварыць старонку ад імя пісьменніка. Мы вывучалі сваіх мясцовых паэтаў, таму старонкі ствараліся ад імя Алеся Жыгунова, Віталя Гарановіча, Фамы Ляшонка. Яны зрабілі такія рэчы!

 "Паўлінку” Янкі Купалы, пакуль не паставілі інсцэні-роўку, вучні ніяк не хацелі ўспрымаць.  А калі паспра-бавалі зразумець твор праз інсцэніроўку, то ён пайшоў на ўра.

— Але ж творы, напісаныя ў гады Кастрычніцкай рэвалюцыі, пасля яе цяперашнія дзеці ніяк не ўспрымаюць. Напрыклад, у мяне няма аргументаў на карысць такой літаратуры для сваёй дачкі.

— Згодна з вамі. Я вельмі люблю творчасць Янкі Купалы, разумею яе значнасць у нашай гісторыі, але “Паўлінку”, пакуль не паставілі інсцэніроўку, вучні ніяк не хацелі разумець і ўспрымаць. Я проста фізічна адчувала, як ім было цяжка зразумець асобу Быкоўскага, Паўлінкі, Сарокі. А калі паспрабавалі зразумець твор праз інсцэніроўку, то ён пайшоў на ўра.

— Магчыма, таму, што вучні прымералі на сябе характары, пачуцці герояў.

— Можа быць. Ведаеце, што яшчэ раблю. Мы з вучнямі здымаем ролікі. Напрыклад, па вершы Анатоля Грачанікава “Як ападае ліст”. Такі класны ролік атрымаўся! Сёння ў рабоце ролік па ўрыўку з “Сымона-музыкі” Якуба Коласа.

Ёсць яшчэ адна форма работы, якую, дарэчы, знайшла ў старой метадычцы. Цэнтон (з лац. — “з розных частак”) — гэта верш (найчасцей), цалкам складзены з радкоў, строф розных аўтараў або аднаго, але з розных вершаў. Ствараецца па прынцыпе звязнасці і цэласнасці, забяспечаны тэматычным адзінствам, структурным упарадкаваннем і развіццём канкрэтнай ідэі.

Ведаеце, што яшчэ раблю. Мы з вучнямі здымаем ролікі.

Бяром, напрыклад, лірыку кахання і на гэтую тэму збіраем радкі ў розных аўтараў так, каб быў пачатак, асноўная частка, заключэнне. Каб у выніку атрымаўся паўнавартасны сюжэт. У 11 класе мы такім чынам наскладалі пра Радзіму, пра каханне. Дапрацоўваем з дзесяцікласнікамі ролік-цэнтон “Свяці, кахання вечная зара”.

— Цікава. Таццяна Фёдараўна, не магу не запытацца пра спісы літаратуры на лета. Ці ёсць эфект ад такога летняга чытання?

— Эфект будзе, калі сказаць: “Ты гэта чытай, але ў новым навучальным годзе мы гэта разбіраць не будзем”. Тады ёсць шанс, што вучань атрымае задавальненне ад прачытанага. Калі даваць спіс з устаноўкай, што творы будуць разбірацца на ўроках, то малая надзея, што да часу абмеркавання нешта застанецца ў памяці. Пачнуцца ўрокі — мастацкі твор давядзецца перачытваць. Летам прачытаны твор можа захоўвацца толькі ў эмацыянальнай памяці (пры ўмове, што спадабаўся), а пры аналізе спатрэбяцца дэталі, нейкія характарыстыкі, адметнасці. Значыць, трэба будзе перачытваць. А каб прачытаць другі раз, трэба любіць тое, што чытаеш.

Спісы на лета я даю, але пасля не караю, калі не прачыталі. Адзінае, вучням 11-х класаў даю праграмныя творы, бо часу на занятках на літаратуру катастрафічна не хапае. Калі прачытаюць летам, то вельмі сабе дапамогуць на ўроках. А вось дзевяцікласнікі (і нават старэйшыя) “Урокі першага кахання” Валерыя Гапеева чытаюць з вялікім задавальненнем.

Важна, каб з-за аднаго твора вучні не закідвалі ўсяго аўтара.

— Бо чытаюць там пра тое, што хвалюе.

— Так. Яшчэ заўсёды вяду гаворку на перспектыву. Раю звяртацца да аўтараў пасля, нават калі школа закончана. Важна, каб з-за аднаго твора вучні не закідвалі ўсяго аўтара. Прыемна, калі пасля падыходзяць і просяць парады, што пачытаць. Нават калі гэта толькі адзін чалавек у класе, для мяне гэта перамога. Цяжка з літаратурай, але без літаратуры нам будзе вельмі кепска. Душу трэба карміць, і пажадана якаснай ежай, інакш засохне, зачарсцвее, загіне.

— Можа, вучні раяць што пачытаць?

— Прыносяць. Некалі мы разам з дзецьмі чыталі і абмяркоўвалі творчасць Паўла Каэльё. Могуць Ніцшэ прынесці. Я яго некалі чытала, але больш не хачу.

— А што самі чытаеце? Да якой літаратуры ляжыць душа?

— Зараз мастацкую літаратуру чытаю ў меншай ступені, чым гэта было некалі. А некалі чытала вельмі шмат і рускай, і беларускай, і замежнай літаратуры. Сачу за навінкамі беларускай літаратуры. Можа, дзіўна, але мне спадабалася кніга Андруся Горвата “Радзіва Прудок”: сучасна, характарна, незвычайна, добры гумар. Пастаянна чытаю духоўную літаратуру, літаратуру з кірункам асобаснага развіцця.

Калі гаварыць пра мастацкую літаратуру, то найчасцей перачытвала “Маленькага прынца” Экзюперы. Люблю Васіля Быкава, але пасля яго цяжка на душы. Вельмі хацелася б перачытаць усе творы Уладзіміра Караткевіча. Спадзяюся, што яшчэ хопіць на гэта часу.

— Не сумняваюся. Вялікі дзякуй, Таццяна Фёдараўна, за цікавую размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ