"Дыванок ідэй" – адзін з метадаў вырашэння праблем. Ён дазваляе перайсці ад аналізу прычын з'явы да індывідуальных дзеянняў удзельнікаў, накіраваных на рашэнне гэтай канкрэтнай праблемы.
Яго можна выкарыстоўваць, калі вырашэнне прабемы залежыць таксама і ад удзельнікаў заняткаў (напрыклад: вучні не хочуць вучыцца, настаўнікі у школе не супрацоўнічаюць у навучанні, праблемы экалогіі, і г.д.).
Этапы працы:
I этап - разуменне праблемы (чаму такая праблема існуе)
II этап - пошук рашэнняў (што можна зрабіць, каб змяніць існуючую сітуацыю)
III этап - індывідуалізацыя дзейнасці (што я асабіста зраблю, каб змяніць існуючую сітуацыю, якія пэўныя дзеянні прымем разам).
IV этап - эвалюацыя (ацэньванне) ідэй (індывідуальнае прыняцце рашэння: што зраблю напэўна, а што паспрабую зрабіць для вырашэння гэтай праблемы).
Ход заняткаў:
Перад пачаткам заняткаў падрыхтуйце: палоскі паперы (трох розных колераў, па 30-40 кожнага колеру), 3-4 вялікія аркушы паперы, клей (1-2 на групу), налепкі двух колераў (дзве налепкі кожнага колеру для кожнага ўдзельніка).
1. Скажыце, якой праблемай мы будзем займацца на гэтым занятку, аб’яднайце ўдзельнікаў у 3- 4 групы, пасадзіце іх за асобныя сталы.
2. Скажыце, што I этапам працы будзе разуменне праблемы. Паспрабуем адказаць сабе на пытанне: чаму такая праблема існуе? (Напрыклад, чаму вучні ў класе дрэнна сябе вядуць). Кожная група атрымлівае 10 каляровых палосак і вялікі аркуш паперы. Заданне для групы: адказаць на пастаўленае пытанне, напісаць свае адказы на атрыманых палосках паперы (на адной палосцы адзін адказ, пры гэтым не абавязкова выкарыстоўваць усе палоскі), а пасля гэтага зрабіць на вялікім аркушы паперы "дыванок", наляпляючы ўсе палоскі такім чынам, каб усё напісанае можна было прачытаць. На работу групам дайце прыблізна 10 хвілін.
3. Пасля заканчэння работы групы прадстаўляюць свае "дыванкі" і зачытваюць адказы.
4. Скажыце, што ўжо ведаем чаму (вучні дрэнна сябе вядуць), і таму можам перайсці да
II этапу - пошуку рашэнняў. Падумаем, што можна зрабіць, каб змяніць існуючую сітуацыю. Кожная група атрымлівае 10 каляровых палосак паперы (іншага колеру) і, памятаючы пра прычыны, запісвае свае ідэі (як вырашыць дадзеную праблему) на каляровых палосках (на адной палосцы адзін адказ, пры гэтым не абавязкова выкарыстоўваць усе палоскі - як і на папярэднім этапе), а потым наклейвае гэтыя новыя палоскі да свайго "дыванка". На працу групам дайце 10-15 хвілін.
5. Пасля заканчэння этапу групы прадстаўляюць свае "дываныкі" і зачытваюць ідэі.
6. Скажыце, што ўжо ведаем прычыны і ведаем, што можна зрабіць, каб гэта змяніць. Неабходна перайсці да III этапу, гэта значыць да індывідуалізацыі дзеянняў. На гэтым этапе кожны з нас адкажа сабе на пытанні: Што асабіста я зраблю на працягу гэтага года (месяца, тыдня…), каб змяніць існуючую сітуацыю. Кожны піша запланаваныя ім дзеянні на палосцы паперы (на адной палосцы адно дзеянне, калі хтосьці вырашыць зрабіць больш - бярэ ў вядучага наступную палоску). Група збірае разам індывідуальныя палоскі, але не лепіць іх гэтым разам да "дыванок".
7. Скажыце, што цяпер агучым нашы дзеянні. Будзем гэта рабіць такім чынам: па чарзе кожная група будзе чытаць 1 палоску, калі ў іншай групе ёсць такая ж ідэя, яна адкладаецца ў бок. Групы па чарзе чытаюць, вядучы занятак бярэ ў іх палоскі і клеіць іх на дошку так, каб потым можна было лёгка прачытаць. Калі ідэі вычарпаны, папрасіце групы прыклеіць пакінутыя палоскі да сваіх "дыванкоў" і павесіць іх на сцяну.
8. Скажыце, што пачынаем IV этап – ацэнку ідэй. Гэта той момант, калі мы ацэньваем рэалістычнасць нашых намераў. Кожны ўдзелнік атрымлівае 2 чырвоныя налепкі і 2 зялёныя. Чырвоны колер азначае, што зраблю гэта напэўна, а зялёны - што паспрабую гэта зрабіць. Удзельнікі прымацоўваюць налепкі на выбраных імі ідэях (не абавязкова выкарыстоўваць усе налепкі). Запрасіце ўдзельнікаў прачытаць ідэю і прыляпіць налепку.
9. Падводзячы вынікі, скажыце, што такім чынам у нас была магчымасць падумаць, што кожны з нас зробіць, каб дапамагчы ў вырашэнні агульнай праблемы.
Фота Анатоля Аўсейчыка з метадычнага летніка "Альхоўка-2017".
Настаўнікі працавалі над праблемай недастатковага супрацоўніцтва настаўнікаў у школе.