Школа, якая вучыцца

 
Дваццаць восьмы раз на пачатку ліпеня на беразе ракі Страчы ў Альхоўцы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці сабраліся актыўныя, неабыякавыя настаўнікі, кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і метадысты на аўтарскія курсы прафесара кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалая Іванавіча Запрудскага. Сярод удзельнікаў — педагогі з усіх рэгіёнаў краіны.
 
Трапіць на курсы не проста — толькі па папярэдніх заяўках і па спецыяльных запрашэннях. Перавага аддавалася тым настаўнікам, якія ўпершыню прымалі ўдзел у летніку. У навічкоў у вачах чыталася здзіўленне ад карціны, якую яны ўбачылі: мноства прыпаркаваных аўтамабіляў, шатры паўсюль, уладкаваны зялёны клас у сасновым лесе на беразе дзівоснай ракі Страчы. Удзельнікі летніка маглі жыць у шатрах на беразе ракі або ў альхоўскай школе, дзе былі створаны найлепшыя ўмовы для заняткаў, харчавання і начлегу.
 
Дзякуючы сяброўскім адносінам і клопату старажылаў, трывога першагодкаў хутка знікла. Пасля “Кола знаёмства” яны ўжо адчувалі сябе прынятымі ў добразычлівую сям’ю альхоўцаў.
 
Сёлета тэма курсаў павышэння кваліфікацыі была надзвычай актуальнай: “Метадычная работа ў школе як механізм прафесійнага развіцця настаўнікаў”. Адной з найбольш важных праблем сучаснай адукацыі з’яўляецца ўвядзенне ў навучанне кампетэнтнаснага падыходу. Важна ўдасканаліць усе складнікі адукацыйнага працэсу ў цэлым, якасна змяняючы яго сутнасць. У сувязі з гэтым неабходна змяняць не толькі тое, што адбываецца ў вучэбных аўдыторыях, але і метадычную работу ва ўстановах адукацыі. Неабходна выбіраць новыя падыходы да навучання педагогаў і іх самаразвіцця. Метадычная работа ў школе з’яўляецца адным з самых важных элементаў развіцця педагога. Супрацоўніцтва, узаеманавучанне, самаразвіццё і самарэалізацыя ва ўстанове адукацыі — вось вырашэнне многіх пытанняў сучаснай школы. Ёсць слушнае выказванне: “Якасць адукацыі вучняў не можа быць вышэйшай за якасць адукацыі настаўнікаў”.
 
Уменне вучыцца — адна з ключавых кампетэнцый, якая з’яўляецца актуальнай для сучаснага чалавека. Гэтая кампетэнцыя фарміруецца ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу праз прымяненне актыўнай ацэнкі, перавернутага навучання, даследчага і праектнага навучання і іншых тэхналогій. Школа, якая вучыцца, як адзначыў Пітэр Сэнге, — гэта арганізацыя, дзе людзі на ўсіх узроўнях калектыўна бесперапынна нарошчваюць здольнасць ствараць тое, што яны сапраўды хочуць ствараць. Кіраўнікі школы павінны лічыць прыярытэтам адукацыйны працэс: вывучаць тое, што адбываецца ў класах, дапамагаць настаўнікам, асабліва пачаткоўцам, у планаванні ўрокаў, заахвочваць педагогаў да вывучэння эфектыўных тэхналогій і метадаў навучання, арганізоўваць узаемнае навучанне, падтрымліваць ініцыятывы настаўнікаў, ствараць умовы для прыняцця імі рашэнняў аб напрамках і спосабах прафесійнага і асобаснага самаразвіцця.
Аб гэтым сведчыць як замежны, так і лепшы айчынны вопыт павышэння кваліфікацыі педагогаў непасрэдна ва ўстановах адукацыі.
 
 

Лекцыя М.І. Запрудскага

Адметнасць курсаў і ў тым, што Мікалаю Запрудскаму дапамагалі кансультанты, ролю якіх паспяхова выконвалі настаўнікі-метадысты Алена Ананчыкава, Галіна Сухава і Эла Якубоўская. Цікава было пачуць ад удзельнікаў уражанні ад летніка і курсаў. На мае пытанні пагадзіліся адказаць кансультанты.
 
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска Галіна Сухава правяла майстар-клас, на якім удзельнікі летніка пазнаёміліся з новай формай навучання — урокам для дарослых — і тэхнікай АА-назірання. Частка прысутных выконвала ролю вучняў на ўроку па апосвесці Васіля Быкава “Жураўліны крык”, астатнія — ролю назіральнікаў за працай вучняў і настаўніка.
 
Я спытала ў Галіны Анатольеўны, якія, на яе думку, крытэрыі эфектыўнай метадычнай работы ў школе і чаму так важна ўмець назіраць за працай настаўніка і навучэнцаў. Настаўніца адказала: “Ёсць меркаванне, што паказчыкам эфектыўнай метадычнай работы ў школе з’яўляецца правільна занатаваная, скрупулёзна сабраная папка, у якой на паперы знайшлі адлюстраванне і адкрытыя ўрокі, і пратаколы пасяджэнняў МА з выступленнямі педагогаў у дадатках. Усе гэтыя каштоўныя метадычныя знаходкі займаюць пачэснае месца на выставах педагагічных нарад, жнівеньскіх канферэнцый, аднак ніхто з настаўнікаў не бярэ ў рукі такія артэфакты метадычнай работы. І не таму, што нецікава, а таму, што беглы агляд нічога не дасць, а ўдумліва прачытаць няма часу. Сёлетняе мерапрыемства паказала, што метадычная работа можа быць не толькі выніковай, але і эфектыўнай, можа і павінна выводзіць настаўнікаў з канкурэнцыі да супрацоўніцтва, вырашаць праблемы сучаснай педагагічнай практыкі."
 
На занятках мы вучыліся назіраць за работай настаўніка на ўроку, на майстар-класе. Менавіта назіраць, а не наведваць з мэтай даць рэкамендацыі, ад якіх, бывае, настаўніку хочацца змяніць прафесію. Назіранне адзначае перш-наперш станоўчыя моманты працы педагога, не суб’ектыўна станоўчыя, на думку тых, хто назірае, а вызначаныя на аснове фіксацыі фактаў, метадаў і прыёмаў работы.
 
Заняткі вучылі назіраць не толькі за працай настаўніка, але і за працай вучняў на ўроку. Няхай у іх ролі выступалі настаўнікі, але на ўроку для дарослых ім аводзілася
проста быць самімі сабой, адчуваць на сабе важнасць росту ведаў і ўменняў, каб упэўніцца, што часам паспяховасць вучняў залежыць не ад цікавай тэмы, а ад дыягнастычна сфармуляванай мэты на ўроку, заданняў серыі “цяжка, але можна”, ад эфектыўнай зваротнай сувязі, якую дае настаўнік.
 
Нягледзячы на тое, што многія прапановы Мікалая Запрудскага аб паляпшэнні метадычнай работы ў школе часам здаваліся прысутным ідэалістычнымі, практычная частка курсаў пацвердзіла, што толькі сумеснымі намаганнямі, толькі праз абмен педагагічным вопытам можна выйсці на якасна новы віток метадычнай работы ў школе”.
 
— Ці спраўдзіліся вашы чаканні ад курсаў у Альхоўцы? — спытала я ў настаўніка-метадыста, намесніка дырэктара сярэдняй школы № 13 Жлобіна, кансультанта Алены Ананчыкавай.
— Мікалай Іванавіч прапанаваў мне быць кансультантам. Натуральна, я разумела, што перада мной стаяла адказная задача, — гаворыць Алена Аляксандраўна. З кожных курсаў у Альхоўцы я вярталася з новымі ведамі і ўменнямі. Гэтую патрэбу мне хацелася задаволіць і сёлета. Пытанні ўдзельнікаў летніка, на якія я адказвала, далі мне магчымасць глыбей паглядзець на ўрок для дарослых, на АА-назіранне. Я зразумела, што тое, што можа здавацца мне простым, у кагосьці выкліча  цяжкасці.
Падчас дыялогу вымалёўваліся адпаведныя структурныя схемы той ці іншай формы работы. У працэсе супрацоўніцтва з’яўлялася глыбіня разумення. І я вызначыла для сябе наступныя кірункі дзейнасці, што вельмі важна. Чаканні спраўдзіліся.
— У чым вы бачыце эфектыўнасць метадычнай работы ў школе?
— Адзіны фактар эфектыўнасці я, мабыць, назваць не змагу. Гэта сістэмная праца ўсяго калектыву, выразная метадычная задача школы, матываваная адміністрацыя, якая ўмее зацікавіць педагогаў і якая дазваляе ім эксперыментаваць (даваць свабоду пошуку і спроб), стварэнне ўмоў для рэалізацыі прынцыпу “роўны вучыць роўнага”, прымяненне актыўных форм метадычнай работы. І ўсё гэта — з апорай на сучасныя, актуальныя адукацыйныя тэхналогіі, на вынікі навуковых даследаванняў. Не баяцца спроб у сумеснай дзейнасці.
 
— Што такое, на вашу думку, урок для дарослых? — пацікавілася я ў настаўніка-метадыста Элы Якубоўскай, настаўніцы фізікі гімназіі № 1 Жодзіна.
— Даць вызначэнне ўрока для дарослых часам складана. Гэта новая форма работы, калі метадычныя прыёмы, тэхнікі адпрацоўваюцца ўдзельнікамі падчас засваення новага матэрыялу. Яны выступаюць у ролі вучняў. Гэта ўрок ва ўроку. Можна казаць аб розных формах яго правядзення. Я бачыла тры варыянты, і ўсе яны маюць свае адрозненні, але эфектыўнасць па засваенні новых методык вельмі высокая. Настаўнікі рэдка ставяць сябе на месца вучня (калі толькі ў думках). Прайшоўшы праз гэта выпрабаванне, многія пачынаюць па-іншаму глядзець на сваю дзейнасць. Такая форма метадычнай работы мае практыка-арыентаваны і кампетэнтнасна арыентаваны характар.
— Якія асаблівасці майстар-класа як вучэбных заняткаў з калегамі вы бачыце?
— На маю думку, асаблівасць майстар-класа ў тым, што ўдзельнікі не толькі знаёмяцца з практыкай майстра, але і самі ствараюць уласны прадукт або засвойваюць новую для сябе тэхналогію. Абавязковай з’яўляецца зваротная сувязь. Важна не толькі тое, што даў і паказаў настаўнік-майстар, але і што атрымалася, што стала карысным для ўдзельнікаў. Майстар-клас першапачаткова накіраваны на выніковасць працы яго ўдзельнікаў.
 
Сярод слухачоў курсаў былі і ўдзельнікі будучага фіналу конкурсу “Настаўнік года — 2017”. Так, на пытанне “Ці спраўдзіліся чаканні ад курсаў павышэння кваліфікацыі?” Настаўніца фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 9 Бабруйска Святлана Здаранкова адказала так: “Чаканні спраўдзіліся. Калі падводзіць папярэднія вынікі, можна сказаць, што я не толькі пазнаёмілася з эфектыўнымі формамі метадычнай работы ў школе, атрымала навыкі праектавання розных відаў адукацыйнай дзейнасці, але і бачу перспектыву іх выкарыстання. Акрамя таго, на курсах былі разгледжаны варыянты правядзення адкрытых урокаў, мадэлі майстар-класаў, АА- назіранне, урокі для дарослых, коўч-аналіз урока намеснікам дырэктара. Такім чынам, курсы прайшлі эфектыўна, ярка і якасна. Да найбольш значных заняткаў можна аднесці лекцыі і практыку, дзе былі прадстаўлены варыянты правядзення адкрытых урокаў,мадэлі майстар-класаў, урок для дарослых і падрабязны яго аналіз, а таксама групавая работа па выкананні практычных заданняў.  Мы з іншымі канкурсантамі выбралі заданне па складанні адкрытага ўрока. Працаваць было цікава, паколькі ўрок атрымаўся інтэграваным (у групе былі два фізікі і біёлаг). Мы навучыліся правільна ставіць мэту, задачы, складаць тэхналагічную карту ўрока, рабіць яго самааналіз”.
 
Рэалізаваць кампетэнтнасны падыход можна, як вядома, праз арганізацыю праектнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў. Вялікую цікавасць выклікаў вопыт арганізацыі і правядзення Магілёўскага фестывалю навукі, прадстаўлены настаўнікамі-метадыстамі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Сяргеем Гусевым і Аляксандрам Плятнёвым. Яны правялі майстар-клас па даследчай дзейнасці.
 
Слухачы курсаў актыўна ўдзельнічалі і ў стварэнні інтэрактыўнай папкі з асаблівай формай сістэматызацыі вучэбнага матэрыялу — лэпбука (англ. lapbook). Яна ўяўляе сабой партнёрскую праектную дзейнасць настаўніка і навучэнцаў. Гэтаму вучыла Вольга Кецко. Многія з прысутных узялі на ўзбраенне метад вырашэння праблем “Дыванок ідэй”, якому вучыліся ў Тамары Мацкевіч.
 
Сустрэча ў Альхоўцы запомнілася не толькі лекцыямі, урокамі для дарослых, майстар-класамі, факультатыўнымі заняткамі па фізіцы, творчай працай на абароне праектаў, але і цікавымі вячэрнімі мерапрыемствамі. Сярод іх — фізіка-спартыўная паласа перашкод (М.Запрудскі), дзе ўдзельнікі павінны былі рашыць эксперыментальныя задачы па фізіцы, праявіць эрудыцыю і адказаць на пытанні філолага, трапіць у мішэнь з правільным адказам і прайсці па падвеснай пераправе; начное арыентаванне (А.Аўсейчык), дзе тры каманды спаборнічалі за прыз арганізатара; турыстычная лазня (А.Якубоўскі); баль пры свечках (Я.Лазарэнка і А.Шуба); свята Купалле (Ю.Паўлава і В.Колбік); “Акадэмія” (А.Ананчыкава і С.Гарбацэвіч); рэкорды “Альхоўкі-2017” (В.Жыткая і С.Цімашук); канцэрт першагодкаў.
Асабліва кранальным стала мерапрыемства “Акадэмія”, калі ў акадэмікі пасвячалі ўдзельнікаў, якія дзясяты раз праходзілі навучанне ў альхоўскім летніку. Сярод акадэмікаў — выбітныя настаўнікі Анатоль Аўсейчык, Аляксандр Сугакевіч, Галіна Унуковіч, Вольга Званцова, Аляксандр Плятнёў, Аляксандр Якубоўскі і інш. На гэты раз да гэтай плеяды далучылася Галіна Сухава.
 
Для мяне як метадыста ІРА гэтыя курсы павышэння кваліфікацыі былі вельмі значнымі для вывучэння і засваення фактараў, якія спрыяюць паспяховаму ўвядзенню ў адукацыйны працэс кампетэнтнаснага падыходу, арганізацыі праектавання эфектыўнай сумеснай дзейнасці метадыстаў РГА, кіраўнікоў МА і настаўнікаў фізікі Магілёўскай вобласці. Важна працаваць разам, вучыцца, ісці да адной мэты, вырашаючы пастаўленыя задачы.
 
На развітальным крузе ўдзельнікі летніка адзначылі, што яны атрымалі новы штуршок у прафесійным развіцці, узняліся на новую прыступку творчасці, што ўсе атрыманыя веды будуць выкарыстаны ў практыцы, а таксама падзякавалі Мікалаю Запрудскаму за магчымасць павысіць кваліфікацыю на такіх незвычайных і карысных курсах сярод калег-прафесіяналаў і энтузіястаў.
 
Яўгенія ЛАЗАРЭНКА,
метадыст аддзела фізіка-матэматычных і прыродазнаўчанавуковыхдысцыплін Магілёўскага абласнога
інстытута адукацыі.
 
Фотарэартаж Анатоля АЎСЕЙЧЫКА.