Алена Маслюкова: "Я сказала адміністрацыі, што ні сваё прозвішча, ні погляды я мяняць не буду."

Анастасія Александровіч
 
Напярэдадні 1 верасня "Беларускі партызан" даведаўся, як змянілася жыццё Алены Маслюковай са Светлагорска, з якой ў 2014 годзе па ідэалагічных прычынах не працягнулі кантракт. Настаўнік года, з 32-гадовым стажам працы, без спагнанняў па працы ў нейкі момант перастала задавальняць беларускую сістэму адукацыі. Людзей з актыўнай пазіцыяй, якія да таго ж крытыкуюць уладу, сістэма любіць выплёўваць, без права на вяртанне.
 
Непажаданыя людзі. Прынцыповая экс-настаўніца са Светлагорску сышла ў праваабарончую дзейнасць
 
Так здарылася і з Аленай Маслюкова, якая працавала ў сярэдняй школе №10 Светлагорска. Яе выбіралі лепшай настаўніцай раёна, ўзнагароджвалі граматай Гомельскага абласнога ўпраўлення адукацыі. Усё гэта не перашкодзіла раптам не працягнуць кантракт, нават не даўшы магчымасць выпусціць 11-ы клас. Ідэолагаў не задавальняла многае: Алена актыўна крытыкавала папяровую працу, якой нагружаюць настаўнікаў, прымусовую падпіску на дзяржаўныя газеты. А яшчэ і яна, і яе муж - Тэльман Маслюкоў - з'яўляюцца членамі Партыі БНФ.
 
- Мне муж сказаў: "Я табе дазваляю пасумаваць па школе толькі 2 тыдні. Пасля гэтага трэба ісці далей". Я спрабавала звярнуцца ў аддзел адукацыі, каб мне далі працу. Мне адказалі, што месца гісторыка няма. А калі я так хачу працаваць, то мяне могуць уладкаваць выхавальніцай у дзіцячы сад. Але, каб выхоўваць маленькіх дзяцей, трэба мець адпаведную адукацыю і кваліфікацыю. Я ж  - настаўніца гісторыі і грамадазнаўства. Як я зразумела, для мяне месца ў школе ўжо дакладна не будзе. Так што не чакаю званка ад ідэолагаў з прапановай вярнуцца. Нават цяпер я прыношу праблемы тым, хто запрашае мяне на мерапрыемствы. Нядаўна быў выпадак у мясцовай бібліятэцы, які ледзь не скончыўся звальненнем дырэктара.
Фота: Светлагорскія навіны. На фота Алена Маслюкова на конкурсе "Настаўнік года"
 
Зараз у Алены іншае жыццё, звязанае з праваабаронай. Сумаваць па школе не даводзіцца, хоць былыя вучні не забываюць яе. Па словах Алены, праваабарончая дзейнасць дазволіла паглядзець на парушэнні правоў настаўнікаў пад іншым вуглом. Яе былыя калегі рэгулярна выказваюць незадаволенасць школьнымі рэформамі, падручнікамі. У яе асобе бачаць своеасаблівую камізэльку, якая і выслухае, і падкажа, і абароніць.
 
- Нашы настаўнікі, на жаль, вельмі непісьменныя ў пытаннях сваіх правоў, правоў чалавека ў цэлым і заканадаўства. Не ўсе могуць абараняць сябе. І не вельмі імкнуцца да гэтага. Прысутнічае і страх.
Адно з асноўных парушэнняў правоў настаўнікаў - прымус адміністрацыі да выканання неўласцівых прафесійных абавязкаў. Шмат пабочнай працы, якая не аплачваецца. Шмат лішняй пісаніны, якая ў школе не патрэбна. Настаўнікі згаджаюцца ўсё гэта рабіць. Але хто ж будзе вас абараняць, калі вы самі сябе не абараняеце?
Салідарнасць у настаўніцкім асяроддзі як быццам ёсць, але і няма яе. Мае калегі заўсёды пры сустрэчы мне казалі: "Алена, нам вельмі сорамна, што мы не пайшлі цябе абараняць". Але яны ж не пайшлі мяне абараняць! Я магу іх зразумець, яны жывуць у такіх абставінах. Шмат у каго няма мужоў, трэба гадаваць дзяцей, патрэбна праца. Многіх загналі ў сітуацыю безвыходнасці. Гэта я іншая. Для мяне прынцыповыя мае погляды. Я сказала адміністрацыі адразу, што ні сваё прозвішча, ні погляды я мяняць не буду. У анкеце на ўдзел у конкурсе "Настаўнік года" я паказала, што з'яўляюся сябрам Партыі БНФ. Сваіх вучняў я вучыла быць адкрытымі, аналізаваць інфармацыю, быць актыўнымі. Сістэма не прымае такіх людзей.
 
- Ці ёсць у вас рэцэпт для беларускай школы, каб падняць статус настаўніка?
 
- Даць ім свабоду! Не заганяць у рамкі. На ўроках настаўнік можа рабіць усё, што заўгодна: танчыць, спяваць, маляваць. Галоўнае - вучні павінны атрымаць веды. Калі настаўнік - прафесіянал, а вы ж ўзялі прафесіянала на працу, то дайце яму свабоду дзеянняў. На маіх ўроках гучала нават музыка, але ні адзін вучань за маю педагагічную практыку, ніколі не меў дрэнных адзнак на экзамене. ЦТ здавалі нават тыя, хто патыліцай да мяне сядзеў часцей, чым тварам. Шкада, што прыходзяць і некампетэнтныя настаўнікі. Выпадковыя. Вучні, якія дрэнна вучыліся ў школе, пры нізкіх конкурсах ідуць туды, дзе іх бяруць. А потым прыходзяць - і пішуць з памылкамі. І выхваляючыся ступенню магістра філалогіі пішуць у журнале з памылкамі, якія я, гісторык, выпраўляла. І вось такія настаўнікі таксама вучаць дзяцей ...
 
- У Светлагорску склаўся імідж не вельмі паспяховага горада, мякка кажучы. Як вам бачыцца жыццё ў горадзе?
 
- Жыць у Светлагорску стала горш. Не магу сказаць, што ў гэтым вінаватыя наркаманы ці нехта яшчэ. Нармальныя людзі тут жывуць. І вучні ў мяне былі добрыя. Далёка пайшлі асабліва вучні ліцэя Якуба Коласа, у якім я таксама выкладала. Але ў асноўным усе з'ехалі з краіны і не жадаюць вяртацца.
 
- Часта кажуць, што ва ўсім вінаватая школа і настаўнікі - не даглядзелі. Што думаеце пра ролю настаўніка?
 
- Не трэба вешаць на настаўніка ўсё! У маёй калегі быў выпадак з вучнем, якога злавілі на спайсах. У пракуратуру яна хадзіла як на працу, а не бацькі. Немцы ў гэтым плане абсалютна правільна кажуць: маё дзіця пайшло ў школу, каб вучыцца і атрымаць веды, настаўнік павінен яго навучыць, а не выхоўваць. Выхаванне - гэта выключная прэрагатыва сям'і. Калі сям'я не выхоўвае, ні адзін настаўнік не зможа выхаваць. Ды і хто мне даў права ўмешвацца? Я магу выхоўваць яго праз свой прадмет ўскосна, праз гістарычныя прыклады. Але асноўны груз павінен ляжаць на сям'і.
 
- Зараз груз ідэалагічнага выхавання павесілі на школу ...
 
- Я заўсёды была катэгарычна супраць гэтага. Калі мы кажам, што палітыка павінна быць за межамі школы, так і павінна быць. Калі ў школе не дазваляюць быць скаўтам, то ў школе не павінны быць ні піянеры, ні акцябраты, ні БРСМ. Школа - установа, якая вучыць дзяцей вучыцца. Такога ідэалагічнага прэса не павінна быць. Не кожны здольны выстаяць пад ім, не зламацца. Вось і атрымліваем такіх двухаблічных Янусаў, якіх з дзяцінства вучаць прыстасоўвацца і паказваць той твар, які хочуць убачыць.