Вольга Дубоўская, Настаўніцкая газета
Сёння ў мяне цікавы суразмоўнік. Сучасны настаўнік з неардынарнымі падыходамі, як гаворыць моладзь, са сваімі фішкамі. На ўроках паказвае вучням кіно. Не, ён не ператварае іх у кінапрагляд. Вучні настаўніка фізікі сярэдняй школы № 26 Гродна Сяргея Мікалаевіча Фадзіна разбіраюць кіналяпы. Зразумела, з пункту погляду фізікі. Арыгінальная ідэя прыйшла пасля Кіеўскіх курсаў па медыяадукацыі, на якіх у свой час давялося павучыцца Сяргею Мікалаевічу.
“Рашэнне задач на ўроках фізікі часцей за ўсё выклікае найбольшую цяжкасць у вучняў. Я задаўся пытаннем, як зрабіць гэты працэс больш зразумелым, займальным і набліжаным да інтарэсаў вучняў і іх рэчаіснасці. Немалаважную ролю ў жыцці сучасных падлеткаў займае прагляд розных фільмаў. А адным з недахопаў сучаснай кінаіндустрыі з’яўляюцца кіналяпы. Асобнай катэгорыяй ідуць навуковыя кіналяпы — тое, што з навуковага пункту гледжання не адпавядае рэчаіснасці. Часцей за ўсё сцэнарысты і рэжысёры не сябруюць з фізікай. І я паспрабаваў выкарыстаць фізічны кіналяп як умову задачы”, — пачаў размову Сяргей Мікалаевіч.
Настаўнік выкладае фізіку ў 9—11 класах і ўжо на ўласным вопыце пераканаўся, што фізіка — ідэальны для медыяадукацыі прадмет. “Насамрэч на медыяадукацыю кладзецца любы прадмет. Зварот да гэтага напрамку робіць выкладанне больш яркім, зразумелым і запамінальным. Фізіка — прадмет не лёгкі, але з дапамогай медыяадукацыі яго можна выкладаць дастаткова проста. Я свой рух у гэтым напрамку пачынаў з простых спасылак, шукаў інфаграфіку, якая тлумачыла складаныя для дзесяці-, адзінаццацікласнікаў фізічныя працэсы, відэа (асабліва для ўрокаў астраноміі). А для больш малодшых вучняў рабіў медыяазбуку, якая выдатна дапамагала актуалізаваць веды. Вось так паступова прыйшоў да выкарыстання кіналяпаў”, — працягваў Сяргей Мікалаевіч.
Хаця мне падаецца, што гэта было не паступова, ідэя з’явілася як і павінна была з’явіцца: у адзін момант да настаўніка прыйшло прасвятленне, як у таго Архімеда, і — “Эўрыка!”. Неяк, калі настаўнік пераглядваў адну з частак амерыканскага фільма “Місія невыканальная”, яму прыйшла ў галаву думка: а чаму б кіналяпы гэтага знакамітага баевіка не выкарыстаць на ўроку фізікі ў 9 класе? У выніку Сяргей Мікалаевіч распрацаваў урок па законе захавання энергіі.
“На другім этапе ўрока — арыенціровачна-матывацыйным — было зададзена праблемнае пытанне, а пасля сфармулявана адпаведная фізічная задача. Я прапанаваў вучням прагледзець сцэну з кінафільма “Місія невыканальная 2”, дзе паказана сутыкненне на матацыклах Ітана Ханта (Том Круз) і Шона Амброўза (Дугрэй Скот). Для разгляду патрэбен фрагмент з 01:40 па 02:10 хвіліны.
Такім чынам, у нас дадзена: маса Тома Круза 80 кг, Дугрэя Скота 90 кг, чорны матацыкл — Triumph Speed Triple, а чырвоны — Triumph Daytona. Неабходна знайсці энергію сутыкнення двух герояў, хуткасць пасля сутыкнення лічыць роўнай нулю.
Для рашэння задачы вучні выкарыстоўваюць відэа і інтэрнэт. Спачатку яны па шкале часу ў відэаплэеры вызначаюць час ад пачатку руху да моманту сутыкнення (неабходна ўлічыць кадры выцякаючага бензіну і запаволенага скачка, з атрыманага значэння адняць 2—3 секунды).
Канчатковы вынік яны павінны падзяліць на два (бо ў відэа паказаны дзеянні двух герояў паасобку), і атрымліваем час прыкладна 4—5 с. Затым, ведаючы маркі матацыклаў, вучні знаходзяць час разгону да сотні. Для “Трыумфу” гэта 3,0 с, а для “Трыпла” — 3,1 с. І, улічваючы, што замест асфальту пад коламі быў пясок, прымаюць значэнні канчатковых хуткасцей за 100 +/- 20 км/г.
Прымяняюць закон захавання энергіі і лічаць. Потым можна параўнаць атрыманую энергію з патэнцыяльнай энергіяй пліты масай 1 т, паднятай на пэўную вышыню, і зрабіць выснову аб магчымых траўмах герояў і іх сумяшчальнасці з жыццём”, — расказаў настаўнік.
А затым адзначыў, што сама болей кіналяпаў з пункту гледжання фізікі ёсць у знакамітым “Армагедоне” з Брусам Уілісам. Нават у НАСА адным з этапаў тэсціравання падчас падрыхтоўкі астранаўтаў з’яўляецца прагляд імі гэтага кіно з мэтай пошуку кіналяпаў. Чым больш ты іх знойдзеш, тым лепш пройдзеш тэст. Гавораць, што ў “Армагедоне” рэкордная колькасць фізічных неадпаведнасцей — каля 160! Успомнім пра некаторыя з іх. Напрыклад, калі закладваецца зарад у астэроід, які набліжаецца да Зямлі. Астэроід памерам з горад Тэхас, а зарад закладваецца неглыбока. Па сюжэце фільма зарад павінен разарваць астэроід, але насамрэч гэтага не адбываецца. Сам Сяргей Мікалаевіч не выкарыстоўваў гэты ляп на сваіх уроках, але мяркуе, што патэнцыял у такой кінапамылкі ёсць.
Або: дыяметр мяча для гольфа не меншы чым 4,27 см, вага вар’іруецца ад 41 да 46 грамаў, пры гэтым сярэдняя хуткасць у палёце каля 150 кіламетраў у гадзіну. Шарык шчыльны, і такім можна забіць або як мінімум пакалечыць. Але гэта не перашкаджае нафтавіку закідваць імі мітынгоўцаў на караблі і заставацца пры гэтым добрым хлопцам.
Ці: на астэроідзе няма атмасферы, пра гэта сведчыць хаця б той факт, што ўсе члены экіпажа па-за караблём ходзяць у скафандрах. Але гэта не перашкаджае агню ўспыхваць то там, то сям. А кожны школьнік ведае, што без кіслароду агню быць не можа! Калі раптам будзеце пераглядаць “Армагедон”, звярніце на гэта ўвагу. Мяркую, што шэраг неадпаведнасцей у вочы кінецца адразу.
Яшчэ ў планах Сяргея Мікалаевіча звярнуцца да лайфхакаў, якія сярод моладзі вельмі папулярныя. “У інтэрнэце можна знайсці шмат блогаў з лайфхакамі. Часта здараецца, што чалавек паглядзеў лайфхак, паспрабаваў яго рэалізаваць і сапсаваў нейкую рэч. Можна паразважаць, чаму так атрымалася і як зрабіць усё правільна. Або разабрацца, як працуе той ці іншы лайфхак з пункту гледжання фізікі. У выніку лайфхак можна выкарыстоўваць як праблемнае пытанне, якое можна задаць на пачатку ўрока, а затым прааналізаваць яго”, — расказаў настаўнік.
Практыка-арыентаваны падыход у рашэнні задач можна рэалізаваць і з дапамогай кейс-метаду. “Мы з дзецьмі прайшлі законы Ньютана. Каб актуалізаваць веды па трох законах, я ім даў наступную задачу: уявіце, што вы знаходзіцеся на касмічным караблі, на якім адбываецца аварыя. Вы ў скафандрах трапляеце ў бязважкасць і беспаветраную прастору ў калідоры накшталт лабірынта. Вам неабходна дабрацца да рубкі кіравання, каб падаць сігнал аб дапамозе. Вы не можаце датыкацца да сцен, падлогі, і ў вас ёсць набор прадметаў: більярдныя шары, нож, вентылятар, вогнетушыцель і крылы. Да рубкі трэба дабрацца, выкарыстоўваючы толькі адзін з пералічаных прадметаў.
Атрымліваецца, што вентылятар і крылы бескарысныя, бо ад паветра ў беспаветранай прасторы адштурхнуцца немагчыма. Трэба выбіраць або більярдныя шары (трэці, першы Законы Ньютана): кідаеш шар у адзін бок, а рухаешся ў супрацьлеглы і праходзіш лабірынт, не датыкаючыся да сцен, або вогнетушыцель. Тут відавочна: адкрываеш вогнетушыцель і рухаешся ў супрацьлеглы бок ад распылення. Яшчэ можна пракалоць свой скафандр: струменьчык паветра будзе выходзіць, што дапаможа вам рухацца. У выніку мы разбіраем усе варыянты, прагаворваем і правільныя, і памылковыя. Вучням падабаюцца такія задачы. Ім хочацца дакапацца да сутнасці”, — расказаў Сяргей Мікалаевіч.
Медыяадукацыя, па меркаванні педагога, спрыяе лепшаму засваенню прадмета. Вучні разумеюць сутнасць фізічных з’яў і працэсаў, што з’яўляецца асноўным пры вывучэнні фізікі. Трэба адзначыць, што Сяргей Мікалаевіч, атрымаўшы станоўчую зваротную сувязь ад сваіх вучняў, пачаў пагружацца ў медыяадукацыю глыбей. Калі ў школе загаварылі пра паўгоддзе, прысвечанае Янку Купалу, настаўнік знайшоў спосаб, каб звязаць творчасць песняра і фізіку. Ён прапанаваў у 7 класе даць для разгляду дзецям верш беларускага класіка, каб яны прааналізавалі яго на наяўнасць фізічных тэрмінаў, велічынь.
“Напрыклад, такім чынам можна папрацаваць над вершам “Хлопчык і лётчык”. Выпісаць з яго фізічныя з’явы і велічыні, якія зможаце знайсці, а затым, выкарыстоўваючы гэтыя велічыні, скласці задачы. У прыватнасці, разгледзім самую простую задачу на хуткасць. Яна жартоўная: з якой хуткасцю трэба бегчы лётчыку, каб паспець сесці ў самалет без хлопчыка пры ўмове, што хлопчык там будзе праз вось столькі хвілін?”, — падзяліўся С.М.Фадзін.
Сяргей Мікалаевіч звяртаецца на сваіх уроках і да актыўнай ацэнкі. Сваю матывацыю да засваення гэтай стратэгіі патлумачыў проста: “Карыстаюся найперш таму, што дзецям падабаецца. Ім падабаецца правіла непадымання рукі, таму яны з задавальненнем цягнуць паперкі з нумарамі з чароўнай скрынкі. Добра праявілі сябе крытэрыі НаШтоБуЗу, калі вучань дакладна ўяўляе, як будзе ацэнены. Акрамя таго, калі ён не згодны, то можа абгрунтаваць гэта з дапамогай крытэрыяў. Важкія доказы могуць павысіць адзнаку”.
Разам з тым Сяргей Мікалаевіч працуе і ў рэжыме класічнага ўрока. “Пакуль я не маю медыянапрацовак на кожны ўрок, але калі ёсць магчымасць выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі на кожным уроку і ў вас назапашаны неабходны вопыт, то ўсе ўрокі можна праводзіць з выкарыстаннем медыяадукацыі. І гэта будзе намнога больш эфектыўна, чым працаваць па традыцыйным уроку. Практыка паказвае, што так вучні разумеюць і засвойваюць прадмет лепш. Візуальная інфармацыя заўсёды прыцягвае ўвагу.
Фізіка — эксперыментальны прадмет, таму калі ўрок стандартны, то яго абавязкова трэба пачынаць з цікавага вопыту, які становіцца штуршком для развіцця далейшага вучэбнага сцэнарыя на найбліжэйшыя 45 хвілін”, — працягваў Сяргей Мікалаевіч.
Думаю, што ўжо зразумела: на ўрокі фізікі да сённяшняга майго суразмоўніка вучні не іду ць, а бягуць. Яму не трэба іх усаджваць, разварушваць ці будзіць, каб яны бадзёра працавалі. Па словах педагога, ён ніколі не імкнуўся ціснуць на вучняў сваім аўтарытэтам. Найперш яны — партнёры. І калі дзіця нешта не разумее, то ў настаўніка знойдзецца для яго індывідуальнае заданне. Каб назапасіць рознаўзроўневыя заданні, патрэбен час, але затое на ўроку ён эканоміцца і ККД такіх вучэбных заняткаў значна ўзрастае.
У канцы нашай размовы высветлілася, што Сяргей Мікалаевіч яшчэ і класны кіраўнік. Так склалася, што апошнія гады ён гэтую ролю выконвае практычна толькі з адзінаццацікласнікамі. Сёлетні 11-ы клас ужо трэці па ліку, які Сяргей Мікалаевіч будзе выпускаць, але класным кіраўніком ён да гэтых вучняў прыйшоў у 10 класе. Як заўважыў педагог, стасункі з выпускнікамі ў яго заўсёды складваюцца добра, а затым падмацаваў свае словы прыкладам: “У мінулым годзе я з тады яшчэ дзесяцікласнікамі праводзіў прафарыентацыйную класную гадзіну, пабудаваную на фільме “Філосафы: урок выжывання”. Сам фільм спрэчны, але мне спадабалася яго ідэя: там настаўнік праводзіў залік у выглядзе эксперымента.
Героі фільма пераносяцца ў паралельны свет, дзе павінна адбыцца глабальная катастрофа. На шчасце, непадалёк ёсць бункер, здольны выратаваць ад ядзернага выбуху, а таксама ад яго наступстваў на працягу года. Аднак усяго неабходнага для падтрымання жыццядзейнасці на гэты год хопіць толькі на дзесяцярых. Згодна з умовамі, у кожнага асаблівыя навыкі і пэўныя недахопы, таму вызначыць шчасліўчыкаў можна дзякуючы логіцы.
У нас на класнай гадзіне асаблівыя навыкі сталі прафесіямі, таму адбор у бункер вёўся згодна з рэйтынгам гэтых прафесій. Безумоўна, мы паглядзелі фрагмент фільма. А затым вучні выбіралі самыя важныя і неабходныя прафесіі. Я падрыхтаваў спецыяльныя карткі, дзе яны былі пазначаны. Дзеці іх цягнулі, таму кожны ў выніку атрымаў “сваю” прафесію. Затым на працягу 7—10 хвілін кожны павінен быў абараніць сваю прафесію і патлумачыць, чаму менавіта яго павінны ўзяць у бункер. У выніку ўтварыліся дзве групы, і тая, якая не трапляла ў бункер, павінна была таксама знайсці сабе нейкі прытулак. Пасля катастрофы раскрывалася другое дно (карткі былі пранумараваны) і з’яўлялася дадатковая інфармацыя. Калі чалавек, напрыклад, быў хірургам, то адкрывалася, што ён схлусіў, каб выжыць. А калі гэта быў дызайнер, які ў бункеры непатрэбны, то высвятлялася, што ён умее паляваць (гэта было яго хобі). Мэтай такой класнай гадзіны было паказаць, што ўсе прафесіі патрэбны і лішніх не бывае”.
Маім апошнім пытаннем Сяргею Мікалаевічу стала: “Якое кіно любіце больш за ўсё?” У адказ пачула: “Камедыі Гайдая і фільмы серыі “Марвел” (коміксы), але для працы з дзецьмі выходжу за межы ўласных прыхільнасцей”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ