Даслала Таццяна Шумель, настаўніца гісторыі,
Гарадоцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - базавая школа Маладзечанскага раёна"
На працягу апошніх гадоў у школах Вялікабрытаніі шырока выкарыстоўваецца так званае гексаганальнае навучанне (Hexagon Learning). Па-простаму - гексы.
Гексы - шасцівугольнікі, выразаныя з паперы ці пластыка.
На гексах можа быць напісана, намалявана, раздрукавана ўсё, што заўгодна, па тэме ўрока. Таксама гексы могуць быць пустыя, каб вучні маглі самі напісаць на іх паняцці і скласці логіка-сэнсавую мадэль.
Ідэя гэтага метаду заключаецца ў тым, што, каб веды былі трывалымі, яны павінны лагічна абапірацца на раней засвоеныя веды вучняў, лагічна выцякаць і вырошчвацца з іх.
Складаючы з набору гексаў малюнак (пазл), дзеці ўсталёўваюць лагічную сувязь паміж тымі карткамі, якія сутыкаюцца сваімі бакамі, і гэтыя сувязі становяцца бачнымі. Кожнае паняцце, запісанае на асобным гексе, можа быць звязана з іншымі. Відавочна, што няма адзінага правільнага спосабу скласці ўзор. Вучні могуць некалькі разоў перакладаць карткі, каб паказаць глыбокае разуменне, па іншаму патлумачыць логіку і сувязі на карціне, якую яны яны стварылі.
|
Таццяна Шумель: "На ўроку сусветнай гісторыі ў 7 класе апрабавала працу з гексамі. Вучні (у мяне ў класе іх 5 чалавек, таму атрымалася 1 група) атрымалі гексы з размешчанай на іх інфармацыяй па тэмах «Сцвярджэнне новых ідэй у эпоху Адраджэння» і «Мастацтва эпохі Адраджэння». Ім неабходна было знайсці ключавое паняцце («Эпоха Адраджэння»), якое адносіцца да гэтых параграфаў і скласці 4 групы гексаў («Вялікія летуценнікі», «Літаратура Рэнесансу», «Вялікія італьянскія мастакі», «Мастакі Рэнесансу Паўночнай Еўропы»), звязаных паміж сабой. Гексы у гэтых групах таксама павінны быць узаемазвязаныя. Спачатку вучні абмяркоўвалі і раскладвалі гексы ў групе, а потым абаранялі сваю работу. Выступілі ўсе і не па аднаму разу. Нават слабы вучань, пакуль да яго дайшла чарга абараняць свой выбар (яму выпалі для абароны гексы з групы «Вялікія летуценнікі»: Партрэт Томаса Мора і назва яго кнігі «Утопія»), зразумеў, што ад яго патрабуецца і, дзесьці з дапамогай, а дзесьці і сам, змог абгрунтаваць сувязь гэтых гексаў з гексамі «Эпоха Адраджэння», «гуманізм», «Эразм Ратэрдамскі» і «Тамаза Кампанела».
А цяпер разгледзім, напрыклад, групу «Вялікія італьянскія мастакі». У яе ўваходзяць наступныя гексы: Леанарда да Вінчы, Рафаэль Санці, Мікеланджэла; выявы карцін Леанарда да Вінчы «Мона Ліза» і «Тайная вячара», Рафаэль Санці – «Сіксцінская Мадонна» і «Афінская школа»; Мікеланджэла аўтар статуі «Аплакванне Хрыста». Усе гэтыя людзі – італьянцы, мастакі, гуманісты, якія жылі і працавалі ў адзін час (сувязь з эпохай Адраджэння). Аналагічным чынам усталёўваюцца сувязі ў іншых групах і паміж групамі.
У канцы работы робіцца выснова аб узаемасувязі ўсіх чатырох груп гексаў з ключавым паняццем.
Я яшчэ прапанавала вучням перабудаваць гексы, калі ў іх пасля абмеркавання ўсіх груп з’явіліся іншыя варыянты злучэння гексаў, і растлумачыць, чаму яны так зрабілі."