Надзея Нікалаева, Звязда
«Не люблю матэматыку!», «Не разумею фізіку!», «Ну навошта мне вашы біялогія і хімія?» Колькі школьнікаў штодня скардзяцца, што іх прымушаюць вучыць тое, што ім нецікава, непатрэбна і незразумела. А потым шакіруюць экзаменатараў сваімі «бліскучымі ведамі», калі не могуць справіцца з элементарнымі задачкамі і пытаннямі. Як можна вымераць і павысіць матывацыю да вывучэння прыродазнаўчых навук? Гэтым пытаннем задалася беларуская каманда Brаіnstоrm («Мазгавы штурм») — адна з удзельніц міжнароднай анлайн-праграмы РІSА4U. У яе склад увайшлі супрацоўнікі ўпраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Алена БЯЛЬНІЦКАЯ, Ігар СВІРШЧЭЎСКІ, Валянціна МАЛІНОЎСКАЯ і Андрэй НАЗАРЧУК. Мы сустрэліся з педагогамі, каб даведацца пра створаны імі адукацыйны рэсурс, які атрымаў высокую ацэнку міжнароднай педагагічнай супольнасці і перамог у намінацыі РІSА4U Соmmunіtу Аwаrd.
Ад настаўніка залежыць многае.
Праблема нумар адзін
РІSА4U — анлайн-праграма, скіраваная на паляпшэнне якасці адукацыі і работы школы. Стаць часткай міжнароднай супольнасці прафесіяналаў і вучыцца ў экспертаў у галіне адукацыі мог любы педагог. Але галоўнай умовай было агучыць актуальную для сістэмы адукацыі праблему, а потым прапанаваць шляхі яе вырашэння. Фактычна гэта быў конкурс адукацыйных праектаў, які адначасова даваў удзельнікам доступ да інавацыйных адукацыйных рэсурсаў, самай сучаснай літаратуры, відэавыступленняў ментараў, відэаўрокаў і стасункаў з калегамі з іншых краін.
Першапачаткова на сайце праграмы зарэгістравалася каля чатырох тысяч чалавек, з якіх арганізатарамі было створана 800 міжнародных камандаў, але да фінішу праз усе шэсць этапаў дайшло з іх толькі крыху больш як 100. А Brаіnstоrm у фінале ўвайшла ў ТОП-5.
Алена Бяльніцкая: — У некаторых камандах удзельнікам з розных краін было даволі складана знайсці агульную мову з прычыны не заўсёды зразумелай нацыянальнай спецыфікі сістэм адукацыі і нават рознай тэрміналогіі, якая там ужываецца. Так сталася і ў нашым выпадку, бо першапачаткова каманда была інтэрнацыянальная — у яе ўключылі педагогаў з Бразіліі і Амерыкі. Затым з-за нізкай іх актыўнасці каманда засталася выключна беларускай. Нават нам спачатку было складана вызначыць кірунак праекта. Давялося арганізаваць сапраўдны мазгавы штурм (так, дарэчы, мы і назвалі ў выніку сваю каманду). Галоўным для нас было максімальна выкарыстаць магчымасці і практычны досвед кожнага члена. Я прадстаўляла прыродазнаўчыя навукі — хімію і біялогію. Валянціна Іванаўна — матэматыку. Ігар Юр'евіч і Андрэй Віктаравіч — інфармацыйныя тэхналогіі, плюс абодва яны маюць багаты досвед кіраўніцкай дзейнасці. Кожны з нас прапанаваў тры праблемы, а потым мы выбралі адну, якая звязвае нас усіх. Праблема павышэння матывацыі школьнікаў да вывучэння матэматыкі і прыродазнаўчых навук актуальная для ўсіх краін, што пацвярджаецца як міжнароднымі даследаваннямі адукацыйных дасягненняў вучняў, так і нашым рэспубліканскім маніторынгам ацэнкі якасці адукацыі.
Валянціна Маліноўская: — Матэматыка займае вядучае месца ў фарміраванні асноўных інтэлектуальных уменняў і асабістых якасцяў вучняў, неабходных для жыцця ў сучаснымі грамадстве, — гэта гімнастыка для розуму, якая фарміруе агульныя прыёмы мыслення, логіку, трэніруе памяць, знаёміць з асноўнымі матэматычнымі фактамі, вучыць пошуку шляхоў вырашэння праблем, а без усяго гэтага немагчыма паспяховае навучанне па многіх іншых прадметах, у тым ліку і вывучэнне фізікі.
Алена Бяльніцкая: — Нярэдка толькі ў старшых класах школьнікі канчаткова вызначаюцца са сваімі схільнасцямі да тых ці іншых навук, але што рабіць старшакласніку, які раптам зразумеў, што яму не хапае базавых ведаў, напрыклад, па фізіцы ці хіміі для атрымання запаветнай прафесіі? Адсутнасць у сучасных школьнікаў разумення значнасці матэматычных ведаў ці ведаў па прыродазнаўчых навуках — праблема нумар адзін. Гэта прызнаюць педагогі многіх краін. Магчыма, тым і тлумачыцца вялікая ўвага з боку замежных калег да распрацаванага намі рэсурсу.
Каманда Braіnstorm — Валянціна Маліноўская, Андрэй Назарчук, Алена Бяльніцкая, Ігар Свіршчэўскі: «Мы імкнуліся зрабіць універсальны для ўсіх рэсурс...»
Унутраная і знешняя матывацыя
Алена Бяльніцкая: — Мэтай каманды было распрацаваць дыягнастычныя інструменты і метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў матэматыкі, прыродазнаўчых навук і школьных адміністратараў. Гэта, дарэчы, была адна з умоў арганізатараў праграмы: не проста паставіць праблему, але і прадумаць спосабы, як яе ацаніць, распрацаваць рэсурс, які можна будзе выкарыстоўваць у штодзённай школьнай практыцы. Між іншым, матывацыя можа быць як унутраная, так і знешняя. Калі школьнік атрымлівае задавальненне непасрэдна ад працэсу пазнавальнай дзейнасці, яму падабаецца рашаць задачы, чытаць дадатковую літаратуру па прадмеце, праводзіць эксперыменты, калі ён кіруецца жаданнем даведацца больш — мы маем справу з унутранай матывацыяй. Калі нам удасца сфарміраваць у вучня ўнутраную матывацыю яшчэ ў школе, гэта будзе гарантыяй таго, што і пасля выхаду ў дарослае жыццё схільнасць да самаадукацыі ў яго не знікне, ён будзе імкнуцца пастаянна развівацца і павышаць сваё прафесійнае майстэрства. Знешняя матывацыя (жаданне быць найлепшым у класе, пачуць пахвалу, атрымаць заахвочванне, быць карысным і г. д.) таксама можа быць эфектыўнай, але як толькі знікаюць знешнія стымуляцыйныя фактары, інтарэс да вучобы тут жа знікае. Напрыклад, вучань цягне руку, каб адказаць, але настаўнік яго не выклікае адзін урок, другі, а потым у дзіцяці знікае інтарэс...
Школьнікі з нізкім узроўнем матывацыі трапляюць у парадаксальную сітуацыю, калі веды ім патрэбныя ў жыцці, але яны не бачаць каштоўнасці гэтых ведаў і не могуць іх прымяніць. Як у школьным анекдоце, калі Вовачка піша запіску настаўніку, кладзе яе ў бутэльку і адпраўляе ў акіян: «Марыя Іванаўна, я знаходжуся на бязлюдным востраве. На працягу трох гадоў косінус мне так і не спатрэбіўся».
— А якія фактары спрыяюць інтарэсу ў вывучэнні прыродазнаўчых навук? Цікавыя, напісаныя даступнай мовай, багата ілюстраваныя падручнікі могуць быць стымуляцыйным фактарам?
Алена Бяльніцкая: — І падручнікі, і сучасныя сродкі навучання, тыя ж інфармацыйныя тэхналогіі, актыўныя метады і формы (работа ў камандзе, практыкаарыентаванае навучанне, якое звязана з асабістым досведам школьніка, вырашэнне праблемных сітуацый), эксперыменты, рэальныя і віртуальныя адукацыйныя экскурсіі і г. д.
Валянціна Маліноўская: — Вельмі моцны матывавальны фактар — гэта асоба настаўніка. А да фактараў, якія негатыўна ўплываюць на цікавасць да прадмета, трэба аднесці цяжкасці ў працэсе навучання, звязаныя з асабістымі характарыстыкамі, сямейнымі ўмовамі, дрэнныя адносіны з настаўнікам або іншымі вучнямі ў класе, слабую матэрыяльна-тэхнічную базу школы, якая не дае магчымасці рэалізаваць эксперыментальную частку вучэбнай праграмы, адсутнасць дысцыпліны, шум на ўроках.
Андрэй Назарчук: — Прымяненне ІТ дыверсіфікуе ўрок, дазваляе павялічыць яго шчыльнасць, актывізаваць работу вучняў, забяспечыць выкарыстанне дадатковых навучальных матэрыялаў у інтэрнэце. Увогуле выкарыстанне ІТ на ўроку дапамагае стварыць больш эфектыўную мадэль навучання, але толькі ў выпадку іх правільнага выкарыстання...
Алена Бяльніцкая: — Адным з самых складаных заданняў, якія мы атрымалі ад арганізатараў, аказалася прадэманстраваць на практыцы, як дзейнічае наш інструментарый. Мы літаральна ўскочылі ў апошні вагон і паспелі правесці апытанне ў апошнія дні навучальнага года на базе двух класаў. У цэнтры нашай увагі аказаліся 15-гадовыя падлеткі, гэта значыць, мэтавая аўдыторыя міжнароднага даследавання адукацыйных дасягненняў вучняў РІSА, у якім мы будзем удзельнічаць у 2018 годзе.
Для ацэнкі матывацыі ўзялі методыку расійскіх вучоных (М. Лук'янавай і Н. Калінінай), але адаптавалі яе пад свае мэты. Дзякуй нашым мужчынам, якія прыдумалі, як спрасціць апрацоўку даных, таму што любыя анкеты па матывацыі, як правіла, даволі складаныя ў апрацоўцы, і настаўніку проста не хапае часу, каб гэтым займацца.
Вучоба пачакае! У нас ёсць больш цікавыя заняткі!
Ігар Свіршчэўскі: — Для правядзення апытання навучэнцаў мы стварылі анлайн-анкету ў інтэрнэце на аснове бясплатнай службы Gооglе.соm — fоrms.gооglе.соm. Гэта вельмі просты сэрвіс. Матывацыя ў анкеце ацэньваецца па адказах вучняў на васямнаццаць пытанняў па дзевяці параметрах. Праз інтэрнэт мы можам правесці апытанне любой колькасці вучняў і атрымаць іх адказы за кароткі час. Яны захоўваюцца ў табліцы на Gооglе. Таксама намі створана спецыяльная табліца, куды капіруюцца вынікі анкетавання, а праграма аўтаматычна іх апрацоўвае і выдае вынік.
Андрэй Назарчук: — Наш рэсурс бясплатны і даступны ўсім.
— І што паказала праведзенае вамі анкетаванне?
Алена Бяльніцкая: — Атрыманыя звесткі выявілі сур'ёзную праблему — толькі каля 27% школьнікаў канстатавалі высокую асабістую зацікаўленасць у навучанні. Сярэдні паказчык дэманструе кожны другі школьнік, а ніжэйшы за сярэдні — кожны пяты. Між іншым, асабісты сэнс у навучанні — адзін з найважнейшых унутраных стымулаў для школьнікаў.
94% падлеткаў вывучаюць матэрыял сумленна, толькі калі ім гэта цікава. 44% — калі ў іх добры настрой. 32% — пры неабходнасці выправіць адзнаку, і толькі 27% заўсёды вучацца сумленна. Гэтыя адказы сведчаць пра недастатковыя намаганні ў вучобе з боку навучэнцаў, а толькі знешнія фактары не могуць даць чаканага эфекту.
Усё зусім не безнадзейна
— Добры настрой вучня і насамрэч важны, але што гэта інфармацыя дае непасрэдна настаўніку?
Алена Бяльніцкая: — Ведаючы сітуацыю, так бы мовіць, знутры, той можа паклапаціцца пра стварэнне ў класе станоўчай эмацыянальнай атмасферы. Можа параўнаць намаганні і вынікі работы вучня з яго папярэднімі намаганнямі і вынікамі, паказаць уласную зацікаўленасць у пазітыўнай дынаміцы яго адукацыйных дасягненняў.
Больш як 70 працэнтаў апытаных падлеткаў таксама паведамілі, што ім падабаецца рабіць дамашнія заданні ў цішыні, калі нічога не адцягвае іх увагу. Значыць, можна правесці гутарку з бацькамі школьнікаў, каб тыя паклапаціліся аб арганізацыі для дзіцяці дома рабочага месца.
Больш як 67% навучэнцаў лічаць, што самае цікавае на ўроку — гэта новая тэма, навуковыя эксперыменты і рашэнне вылічальных задач. 32% зацікаўлены ў тым, каб слухаць тлумачэнні настаўніка. Прыкладна столькі ж зацікаўлены ў тым, каб самім адказаць у вуснай форме, абмяркоўваючы праблемы ўслых.
Валянціна Маліноўская: — Увогуле веданне асаблівасцяў матывацыі да вывучэння матэматыкі і прыродазнаўчых навук дае настаўніку бясспрэчныя перавагі ў выбары формаў і метадаў навучання ў класе. Чым вышэйшы ўзровень матывацыі, тым шырэйшы і спектр урокаў. Для навучэнцаў з вельмі высокай і высокай матывацыяй мы раім праводзіць урокі-спаборніцтвы, урокі-эстафеты, урокі-лекцыі, урокі па вырашэнні ключавых праблем, урокі-кансультацыі. Пры рабоце з вучнямі з сярэдняй і слабай матывацыяй настаўніку трэба часцей выкарыстоўваць праблемныя сітуацыі з розным кантэкстам, звязаныя з іх асабістым досведам, ствараць станоўчы эмацыянальны фон у класе, адзначаць поспех кожнага вучня ў параўнанні з самім сабой. Важна атрымаць зваротную сувязь ад сям'і вучня, каб абмеркаваць з бацькамі пытанні выхавання волі, імкненне да поспеху, выкананне дамашняга задання (стварэнне ўмоў і г. д).
Алена Бяльніцкая: — Дыягностыка матывацыі школьнікаў — гэта інструмент для маніторынгу стану праблемы, які можа выкарыстоўвацца як настаўнікам, так і адміністрацыяй установы адукацыі — для адсочвання колькасці вучняў з розным узроўнем матывацыі ў навучанні (напрыклад, з моцным жаданнем дамагчыся поспеху ў вучобе і тых, якія імкнуцца пазбегнуць няўдач), адсочваць іх дынаміку, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця ўнутранай матывацыі навучэнцаў у адукацыйным асяроддзі.
Мы прапануем настаўніку стварыць метадычную капілку і ўжо размясцілі на нашым рэсурсе некалькі карысных спасылак, напрыклад, па развіцці пазнавальнай актыўнасці вучняў праз сайт ці блог, які вядзе педагог...
Больш як 70 працэнтаў апытаных падлеткаў паведамілі, што ім падабаецца рабіць дамашнія заданні ў цішыні...
— Brаіnstоrm у фінале ўвайшла ў ТОП-5. Наколькі вострай была канкурэнцыя?
Алена Бяльніцкая: — Надзвычай вострай. Было шмат вельмі цікавых і актуальных праектаў. Не ўсе з іх можна прымяніць у нашай адукацыйнай практыцы, таму што, напрыклад, праблемы навучання дзяцей мігрантаў для нас неактуальныя. І праблемы выстройвання стасункаў з бацькамі, прыцягненне іх да выхавання дзяцей, не стаяць для нас настолькі востра. І нават калі праблемы падобныя, то шляхі іх вырашэння могуць быць розныя. У Індыі ў класе вучацца адначасова па 40—50 чалавек, а ў Славеніі ў прыватных школах у класе ўсяго 7—8 навучэнцаў, там сканцэнтраванае ўсё самае сучаснае лабараторнае абсталяванне і праблем з матывацыяй няма, затое есць іншыя неўласцівыя нам праблемы. Шчыра кажучы, калі мы цалкам акунуліся ў гэты праект, нават не задумваліся пра перамогу. Гэта быў новы каласальны прафесійны досвед. Мы кантактавалі з калегамі з іншых краін, паралельна ўдасканальваючы і сваю англійскую мову. Абавязковай умовай было актыўнае ацэньванне іншых камандаў, прычым мы выстаўлялі не толькі адзнакі ў балах, але і давалі каментарыі. Такія ж балы выстаўлялі і нам. Перамога ў намінацыі РІSА4U Соmmunіtу Аwаrd для нас вельмі каштоўная, таму што нас прызналі пераможцамі не члены журы (іх галасы схіліся ў бок іншых удзельнікаў), а прафесійная супольнасць. Гэта вялікі гонар, значыць, наша праца была недарэмнай.
Ігар Свіршчэўскі: — Мы імкнуліся зрабіць універсальны для ўсіх рэсурс, каб настаўнік у любой краіне мог ім скарыстацца. Ён знаходзіцца ў свабодным доступе. Таму вельмі спадзяёмся, што ён будзе карысны і беларускім педагогам. Адрас сайта — httрs://sіtеs.gооglе.соm/sіtе/ріsа4brаіnstоrmtеаm. Там знаходзяцца таксама файлы і спасылкі на рускамоўныя варыянты анкеты і матэрыялы для яе апрацоўкі.
Прыклады пытанняў з анкеты:
Мая галоўная матывацыя вучыцца лепш...
А) грошы, якія я буду зарабляць у будучыні, маючы добрую адукацыю
В) мае бацькі і (ці) мае настаўнікі
С) маё пачуццё доўгу
D) мае школьныя адзнакі
Е) маё імкненне да ведаў
F) жаданне палепшыць стасункі з маімі аднакласнікамі і маімі настаўнікамі
Я актыўны на ўроках матэматыкі і прыродазнаўчых навук, калі:
А) чакаю адабрэння іншых
В) мяне цікавіць работа: эксперыменты, цікавыя задачы і г.д.
С) мне патрэбная добрая адзнака
D) хачу даведацца больш
Е) хачу, каб мяне заўважылі
F) калі вывучаны матэрыял будзе карысны мне ў жыцці, будучай прафесіі.
Мае поспехі ў выкананні заданняў на уроках матэматыкі і прыродазнаўчых навук залежаць ад...
А) майго настрою
В) разумення задач
С) маіх здольнасцяў
D) маіх намаганняў
Е) маёй удачы
F) разумення тлумачэння настаўніка
Надзея НІКАЛАЕВА, nikalaeva@zviazda.by
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА