Каб у эру высокіх тэхналогій і аўтаматызацыі звыклых нам працэсаў заставацца запатрабаваным спецыялістам, чалавеку патрэбныя новыя навыкі і ўменні. Пра кампетэнцыі супрацоўніка, які адпавядае патрабаванням рынка працы, ішла гаворка з HR-спецыялісткамі вядомых беларускіх кампаній (медыя, тэлекам, IT) на Першай неканферэнцыі для настаўнікаў EdCamp Belarus. Увогуле, тэма развіцця прафесійных навыкаў актуальна заўседы: акурат з 15 па 19 кастрычніка ў Абу-Дабі, ААЭ праходзіў сусветны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills, дзе больш за 1200 удзельнікаў з 69 краін, у тым ліку з Беларусі, спаборнічалі па ўласных кампетэнцыях ў шасці блоках прафесій, дэманстравалі важнасць уменняў і навыкаў для эканамічнага росту, асабістага поспеху і эфектыўнасці.
У чым праблема?
Калі раней ключавымі навыкамі чалавека былі чытанне, пісьмо і арыфметыка, то сёння акцэнт змесціўся на ўменне крытычна думаць, узаемадзейнічаць з іншымі, быць дапытлівым і творча падыходзіць да справы. Да гэтага часу сістэма адукацыі ў большасці краін свету заахвочвала вучняў за тое, як шмат яны ведаюць, і, адпаведна, мэтай навучання было назапашванне ведаў. Сёння ўсе руцінныя аперацыі выконваюць робаты і штучны інтэлект, таму людзей трэба вучыць уменню думаць, самастойна здабываць інфармацыю і крытычна яе ацэньваць, а не проста назапашваць і запамінаць. Адпаведна мяняюцца і падыходы да выкладання: сёння дзякуючы Інтэрнэту навучэнцы школ і ўніверсітэтаў часам валодаюць інфармацыяй больш, чым іх выкладчыкі.
Такім чынам, у бліжэйшым будучым выкладчык перастане быць спецыялістам па перадачы вызначаных ведаў і стане спецыялістам у тым, як дапамагаць людзям вучыцца. Ужо цяпер з'яўляецца такая рэч, як «перакулены класны пакой», дзе студэнты самастойна чытаюць, пазнаюць нейкія факты, а, прыйшоўшы на ўрок, сістэматызуюць атрыманыя веды і замацоўваюць іх. І ў гэтым будзе заключацца новая роля настаўніка: гэта арганізацыя самастойнай работы вучняў дома і ў класе. Прафесар Гарвардскага ўніверсітэта Эрык Мазур, які распрацаваў гэтую сістэму, атрымаў за яе вельмі прэстыжную прэмію.
Фактычна, чым большы акцэнт робіцца на самаадукацыі і саманавучанні, тым менш важным бачыцца ўзровень вучня. Патрык Грыфін, прафесар мельбурнскага ўніверсітэта, кажа, што, калі ў 60-х гадах ён упершыню прыйшоў у школу працаваць настаўнікам матэматыкі, ён правёў тэставанне ў сваім сёмым класе. Патрык з жахам выявіў, што ўзровень дзяцей вагаўся ад другога да дзевятага класа. Ён спытаў сваіх калегаў: як мы зможам вучыць дзяцей, калі ў рамках аднаго класа ў іх настолькі розны ўзровень?
Настаўнікі вырашылі, што больш дзялення на ўзроўні ў іх не будзе, а замест гэтага дазволілі кожнаму з вучняў працаваць у сваю сілу і ў зручным для сябе тэмпе. Яны давалі ім навучальныя матэрыялы рознага ўзроўню складанасці, практыкавалі індывідуальны падыход, стараліся зацікавіць дзяцей, але і ўжывалі некаторыя механізмы кантролю.
Патрык Грыфін прапрацаваў у гэтай школе пяць гадоў, і ўвесь гэты час ён не даваў дзецям ніякіх хатніх заданняў, бо гэта было немагчыма з-за іх рознага ўзроўню. Але бацькі скардзіліся, што дзеці, наадварот, робяць вельмі шмат хатняй працы па матэматыцы! Высветлілася, што іх настолькі захапіў гэты прадмет, што яны самі прыдумлялі сабе заданні і прысвячалі матэматыцы ўвесь вольны час. Яны былі ў захапленні ад яе, таму што іх матывавала магчымасць поспеху.
Як адаптаваць традыцыйныя навучальныя праграмы да сучасных патрабаванняў?
Навучальныя праграмы ў постіндустрыяльную эпоху павінны быць накіраваны на: 1) развіццё крытычнага мыслення 2) развіцце камунікатыўных навыкаў 3) развіцце творчай вынаходлівасці 4) развіцце навыкаў узаемадзеяння з іншымі / уменне выбудоўваць міжасобасныя адносіны.
Адразу адмовіцца ад звыклага ўсім навучальнага плана вывучэння матэматыкі, геаграфіі, мовы, фізікі і іншых традыцыйных прадметаў не трэба: варта паступова замацоўваць вышэйназваныя навыкі падчас урокаў.
Ці павінны вучні хадзіць на лекцыі і семінары, рабіць лабараторныя працы і здаваць экзамены ў сучасным адукацыйным працэсе? Патрык Грыфін кажа, што ўсё гэта застанецца, але змяняецца характар ацэнкі вынікаў навучэнцаў. У прагрэсіўных установах экзаменатары правяраюць не тое, колькі фактаў здольныя запомніць студэнты, а тое, як яны ўмеюць думаць і навучацца самастойна.
На практыцы гэта выглядае так: у тых тэстах, якія распрацоўваюць калегі Патрыка, ад студэнтаў не патрабуецца знайсці значэнне ікса ў тоеснасці, запамінаць назвы сталіц краін, формулы, гістарычныя даты і гэтак далей. Замест гэтага яны атрымліваюць сумесную задачу на некалькі чалавек, вырашыць якую магчыма з дапамогай кампутарных прылад, а штучны інтэлект запісвае іх крокі - усё, што яны кажуць і пішуць. Пасля гэтага спецыялісты ацэньваюць па гэтых запісах навыкі камунікацыі, крытычнага мыслення, творчыя здольнасці вучняў.
Настаўнікі сення павінны развіваць у дзяцей прадпрымальніцкае мысленне і здольнасці, то бок уменне знаходзіць новыя ідэі і ператвараць іх у бізнэсы. Умець прымаць рызыкі. Навучыць не толькі працаваць камандай, але і ўмець разам вырашыць задачы і праблемы. Растлумачыць тэхналогіі і праграмаванне яшчэ са школы.
Сёння ўрады шмат якіх краін у свеце пачынаюць разумець, што пераход да новай адукацыйнай сістэмы непазбежны. ЗША, Фінляндия, Коста-Рыка, Нідерданды, Лацінская Амерыка, Кітай і іншыя краіны ўкладаюць велізарныя матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы ў даследаванні гэтых навыкаў і кампетэнцый, навучанне дзяцей і прысваенне новых кваліфікацый дарослым.