Настаўніца гісторыі Глыбоцкай раённай гімназіі Іна Шымко распрацавала ўрок «Адраджэнне на Беларусі» (прадмет «Гісторыя Беларусі») для сёмага класа. Занятак можа быць разлічаны на дзве гадзіны. На ўроку прадугледжаны групавая, франтальная, індывідуальная формы работы.
«Мне падаецца, што на ўроках гісторыі недастаткова часу для абгрунтаванага вывучэння тэм культуры. Улічваючы магчымасці сучасных медыя, гэтыя ўрокі могуць быць больш візуалізіраванымі і цікавымі», – кажа аўтарка распрацоўкі.
На занятку разглядваюцца асаблівасці і дасягненні эпохі Адраджэння на беларускіх землях. Для працы па найбольш актуальных пытаннях тэмы клас дзеліцца на чатыры групы, якія атрымоўваюць заданні і працуюць самастойна з далейшай прэзентацыяй вынікаў сваёй работы. Гэта наступныя пытанні: Друк. Дзейнасць Ф.Скарыны, Літаратура, Статут ВКЛ 1588 г., Архітэктура.
У групах арганізавана работа з медыятэкстамі: відэа, урыўкамі твораў, артыкуламі Статута. Тэксты артыкулаў Статута складаныя для ўспрымання вучнямі, таму ключавыя моманты вылучаны загадзя: вучні працуюць з практычна гатовым матэрыялам, які трэба прааналізаваць. Для ўрока патрэбны вучэбны дапаможнік Гісторыя Беларусі: др.пал.ХІІІ п.п.ХVІ ст. для 7 класа / Г.В.Штыхаў, М.А.Краснова. – Мінск: Нар.асвета, 2009, літаратурныя тэксты, вытрымкі з артыкулаў Статута 1588, відэаролікі «Скарынаўская Біблія», «Вавельскі замак», «Нясвіжскі замак», дадатковы матэрыял па жывапісу і архітэктуры.
Спампаваць план урока.