2-3 лістапада ў Мінску прайшоў Кастрычніцкі эканамічны форум (KEF) – пляцоўка для адкрытага прафесійнага дыялогу аб устойлівым развіцці Беларусі ў кантэксце развіцця глабальнай эканомікі.
Арганізатары KEF кажуць, што місія форума – спрыяць таму, каб эканоміка Беларусі стала эфектыўнай, эканамічная палітыка – адказнай, будучыня – прывабнай для грамадзян. Таму ў адкрытым дыялогу па пытаннях устойлівага развіцця Беларусі ў кантэксце развіцця глабальнай эканомікі ў гэтым годзе ўдзельнічала больш за 30 экспертаў – прадстаўнікі бізнесу, улады, акадэмічных колаў і грамадзянскай супольнасці з Беларусі і краін Еўропы.
Пытанням сярэдняй адукацыі на KEF была прысвечана асобная дыскусійная панэль 3 лістапада «Вучэнне – святло? Сярэдняя адукацыя для грамадства, заснаванага на ведах». Дамінік Рычардсан, старэйшы навуковы супрацоўнік па пытаннях адукацыі Даследчага цэнтра ЮНІСЕФ «Іначэнці» прадставіў даклад «Як зрабіць інвестыцыі ў адукацыю больш эфектыўнымі і справядлівымі: вынікі параўнальных даследаванняў». Рычардсан кажа, што эфектыўнасць школьнай сістэмы ў плане павышэння сацыяльна-эканамічнага прагрэсу залежыць ад, па-першае, комплекснага жыццёвага падыходу да палітыкі ў дачыненні да дзяцей і адукацыі і, па-другое, разумення эфектыўнасці выдаткаў і сістэмы (навошта ліць ваду ў дзіравае вядро?). Спікер зазначыў, што школы таксама павінны забяспечваць эфектыўныя па выдатках спосабы падтрымання дабрабыту дзяцей.
Колькі грошай выдаткоўваецца на адукацыю, у тым ліку, сярэднюю, як і калі расходуюцца гэтыя рэсурсы – Рычардсан параўнаў вопыт Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны і астатніх краін сусвету. Даследчык прывеў дадзеныя і высновы па аптымальных інвестыцыях па меры сталення дзяцей: то бок як размяркоўваюцца дзяржаўныя выдаткі па жыццёвых цыклах з нараджэння і да дасягнення чалавекам узросту 17 гадоў і як гэтыя стратэгіі ўплываюць на дзіцячую беднасць, дзіцячую смяротнасць, пісьменнасць і шэраг іншых паказчыкаў.
Дамінік Рычардсан резюмававаў, што беларускія выдаткі як на адукацыю, так і на палітыку ў дачыненні да дзяцей, знаходзяцца на сярэднім узроўні (у параўнанні з краінамі з высокім узроўнем даходаў). Спікер закрануў важнасць вырашэння пазашкольных праблем і прывеў паспяховыя кейсы з вопыту Брытаніі, Аўстраліі, Нарвегіі, Даніі ў вырашэнні пытанняў беднасці ў сям’і, падтрымкі школай здароўя дзіцяці, забеспячэння псіхічнага здароўя ў школах, дапаможнай палітыкі сацыяльнага забеспячэння і дабрабыту ў школах. Поўную прэзентацыю даклада можна спампаваць тут.
Біргіт Лао, член Праўлення Мэтавай установы Innove з Эстоніі прадставіла даклад «Роля адукацыі ў грамадстве, заснаваным на ведах: выпадак Эстоніі». На дыскусійнай панэлі выступіў таксама дэпутат Ігар Марзалюк, прафесар, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. На пытанне пра гімназіі чыноўнік зазначыў, што раней наша краіна развівалася па нямецкай адукацыйнай мадэлі, дзе прынятая ранняя спецыялізацыя гімназіяў. Зараз, па словах Марзалюка, фінскі і эстонскі вопыт (гімназіі ў Эстоніі арганізаваны пасля 9 класа) бачыцца міністру адукацыі Карпенку «ідэальнай мадэллю». Таксама дэпутат паведаміў, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у даследаванні PISA (рэйтынг, які ацэньвае школу ў розных краінах).
На форуме Ігар Марзалюк запэўніў, што ўрад таксама працуе над праблемай настаўніцкіх заробкаў: «Якаснага настаўніка не можа быць, пакуль у яго маленькі заробак. Фіны зрабілі шмат для таго, каб на пачатку працы ў настаўніка быў такі жа заробак, як у іншых сферах эканоміцы. Гэта базавы момант, над якім урад працуе. Мы разумеем, што без нармальнай высакаякаснай школы мы ніколі не пабудуем IT-краіну, а мы вельмі яе хочам пабудаваць».
Даследчы цэнтр ІПМ, адзін з арганізатараў форума, прадставіў вынікі даследавання сярэдняй адукацыі ў Беларусі ў выглядзе інфаграфікі. У апытанні ўзялі ўдзел маладыя хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце ад 17 да 21 года з усіх абласцей і тыпаў населеных пунктаў. Апытаныя маюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную або спецыяльную адукацыю.
65,5% апытаных аценьваюць школьную адукацыю як магчымасць для атрымання патрэбных ведаў і навыкаў, а 12% – як марнаванне трату часу. Найбольш складаным прадметам лічыцца матэматыка, далей ідуць фізіка, хімія і замежная мова. 64 % апытаных лічаць, што бацькі мусяць дапамагаць дзецям з выкананнем хатніх заданняў, калі дзеці іх пра гэта папросяць. Разам з тым 51% рэспандэнтаў кажуць, што бацькі дапамагалі з урокамі рэдка.
«Па якім з школьных прадметаў вам спатрэбіліся веды пасля завяршэння сярэдняй адукацыі?» З вялікім адрывам вылучаюцца руская і беларуская мовы. Далей ідуць матэматыка і замежная мова. Па меркаванню апытаных, змены патрэбныя ў праграмах замежнай мовы, матэматыкі, інфарматыкі, гісторыі Беларусі. Асноўнай прычынай заняткаў з рэпетытарам было названа неразуменне некаторых школьных прадметаў і неабходнасць у індывідуальным разборы.
Дадзеныя па пытаннях «Што значаць адзнакі?», «Што больш за ўсё ўплывае на адзнакі?», «Ці гатовыя выпускнікі працаваць за мяжой?», «Як часта ў школе сутыкаюцца з праблемамі?» і іншая цікавая інфаграфіка па выніках даследавання сярэдняй адукацыі ў Беларусі прыведзена тут.