Надзея Нікалаева, Звязда
Адзін дзень весялосці — супраць ста дзён цяжкай працы...
Дырэктар пражскай базавай школы «Вратыслаўска», доктар педагагічных навук Іржы ТРУНДА лічыць, што школа — гэта не толькі чэшская мова, матэматыка, фізіка і гісторыя... Варта выйсці за яе дзверы, каб у гэтым пераканацца. Як рыхтуюць школьнікаў у Чэхіі да дарослага жыцця, якія кампетэнцыі і навыкі ў іх развіваюць, даведаліся беларускія педагогі, якія паўдзельнічалі ў адукацыйнай вандроўцы ў гэту краіну.
На ўроку ў першым класе ў Печках.
Парламент галасуе за... піжамы
Горад Печкі — хоць і невялікі, па нашых мерках, населены пункт з колькасцю насельніцтва 4,5 тысячы чалавек, тым не менш у базавай школе тут навучаюцца 650 вучняў (праўда, у Чэхіі школьнікаў называюць студэнтамі). Сюды з'язджаюцца дзеці з усяго наваколля. Стараста мястэчка ўпэўнены, што максімальнае запаўненне школы сведчыць пра яе запатрабаванасць і высокую якасць адукацыі, якую тут даюць. Між іншым, званок для ўсіх школьнікаў звініць у 7.45. І дзеці на ўрокі не спазняюцца.
Трэба растлумачыць, што базавая школа ў Чэхіі падзелена на дзве ступені: першую (1—5 класы) і другую (6—9 класы), пасля праходжання якіх можна працягнуць навучанне ў сярэдняй школе (аналаг нашых каледжаў), у сярэднім спецыяльным вучылішчы, дзе падлеткі атрымліваюць прафесію, або ў чатырохгадовай гімназіі (толькі на падставе здадзеных экзаменаў). Такім чынам, вучоба можа зацягнуцца для шкаляроў на 13 гадоў, хоць абавязковым у Чэхіі з'яўляецца толькі дзевяцігадовае навучанне. Навучальны год доўжыцца з 1 верасня да 30 чэрвеня з перапынкамі на асеннія, зімовыя і вясеннія канікулы. Штодня ў школьным раскладзе ў вучняў базавай школы — па шэсць-сем урокаў. Для таго каб прэтэндаваць на паступленне ва ўніверсітэт, трэба абавязкова здаць "матурыту" — экзамен, які пацвярджае засваенне поўнай сярэдняй адукацыі і дае права працягнуць навучанне ўжо ў вышэйшай школе.
Для дзяцей, якія праяўляюць схільнасці да пэўных навук (дакладных ці гуманітарных), ёсць магчымасць паступлення ў васьмігадовую гімназію пасля пятага класа ці ў шасцігадовую — пасля сёмага. Але адбор ажыццяўляецца выключна на конкурснай аснове пасля здачы экзаменаў па чэшскай мове, матэматыцы і замежнай мове. Гімназічная адукацыя карыстаецца вялікім попытам у бацькоў. Гэта прэстыжныя навучальныя ўстановы, вучні якіх нацэленыя на паступленне ў ВНУ. Таму і конкурсы ў іх высокія.
Базавая школа ў Печках — без перабольшання, эпіцэнтр грамадскага жыцця ў сваім рэгіёне. Вельмі шмат увагі тут надаецца рабоце школьнага парламента. Кожны клас дэлегуе ў яго двух сваіх прадстаўнікоў на падставе праведзеных выбараў. Курыруе работу парламента настаўніца гісторыі Ева ЗАІЦАВА.
— Тым вучням, якія не былі абраныя, але цікавяцца работай парламента, мы дазваляем прыходзіць на яго пасяджэнні, але без права галасаваць. Дзецям у школе павінна быць камфортна, таму мы заўсёды ўважліва да іх прыслухоўваемся. Так, па іх ініцыятыве у нас прайшоў дзень... піжам, калі і вучні,
і настаўнікі прыйшлі ў школу ў адзенні для сну. У мяне ёсць фатаграфія ў піжаме — я была ў ёй проста прыгажуня! Праўда, маці, калі ўбачыла, як мой муж (дырэктар школы) збіраецца ісці ў піжаме на работу, сказала, што, калі яго сустрэнуць паліцэйскія, ён больш не будзе дырэктарам, — смяецца пані Ева. — Некалькі разоў за навучальны год мы арганізуем так званыя вясёлыя дні, напрыклад, калі дзяўчаткі апранаюцца як хлопчыкі, і наадварот. Ці дні самакіравання, калі настаўнікі замест сваіх вучняў садзяцца за парту. За актыўны ўдзел у такіх агульнашкольных мерапрыемствах дзеці атрымліваюць своеасаблівыя фанты. Яны даюць ім магчымасць «адкупіцца», напрыклад, калі вучань не зрабіў хатняе заданне ці калі настаўнік хоча паведаміць не вельмі прыемную інфармацыю яго бацькам або выставіць адзнаку, якая не задавальняе школьніка. Мы лічым, што моманты, калі нашы вучні — шчаслівыя, вельмі і вельмі важныя: яны будуць успрымаць школу пазітыўна і жыць у чаканні наступнага свята. Адзін дзень весялосці — супраць ста дзён цяжкай працы...
Школа некалькі гадоў супрацоўнічае з ЮНІСЕФ, дапамагае афрыканскім дзецям. Вучні сваімі рукамі робяць лялькі, якія потым прадаюцца на кірмашы. Дарослыя ведаюць, што, набываючы цацку, яны ахвяруюць свае грошы на добрую справу. Але да продажу лялек дзеці не прыцягваюцца, каб не мець дачынення да грошай, — гэта робяць прадстаўнікі ЮНІСЕФ. Таксама ў школе збіраюцца пластыкавыя коркі ад бутэлек, а грошы ад іх рэалізацыі накіроўваюцца жанчыне, якая выхоўвае цяжка хворае дзіця.
Найбольш актыўныя члены школьнага парламента ў канцы навучальнага года заахвочваюцца. Напрыклад, летась яны ездзілі ў Прагу на экскурсію ў сапраўдны парламент.
«Афрыканы» для Афрыкі і не толькі
Дзейнічае школьны парламент на выбарнай аснове і ў базавай школе «Вратыслаўска» ў Празе.
— Па панядзелках усе вучацца з дзевяці гадзін, таму што ў восем гадзін збіраецца школьны парламент, — расказвае намеснік дырэктара школы, настаўнік гісторыі і чэшскай мовы Павел МАРЦІНОЎСКІ. — Звычайна першы ўрок у пачатковай школе пачынаецца ў 9 гадзін, а вучні на другой ступені вучацца з 8 гадзін. Група падоўжанага дня працуе з сямі раніцы і да паловы шостай вечара. Як правіла, вучні самі вырашаюць, у якіх праектах яны хацелі б узяць удзел. Так, летась школьнікі даведаліся, што адна з грамадскіх арганізацый займаецца дапамогай бедным дзецям. Умовай было падрыхтаваць падарунак, які б умясціўся ў каробку з-пад абутку. Дзеці ўсё вельмі прыгожа ўпакавалі. Яшчэ адзін праект — «Афрыканы для Афрыкі». Афрыканы — гэта назва кветкі. Вучні атрымліваюць ад грамадскай арганізацыі насенне кветкі, саджаюць яго дома ў гаршчок, паліваюць, а калі расліна вырастае, яе прадаюць і выручаныя грошы перадаюць грамадскай арганізацыі. За іх закупляюцца вучэбнае абсталяванне і сродкі для навучання, якія перадаюцца дзецям у Афрыцы. Усё гэта здымаецца на відэа, якое затым дэманструецца школьнікам, каб тыя бачылі, што іх намаганні прыносяць рэальную карысць. Нягледзячы на тую акалічнасць, што кветачка каштуе ўсяго 10—15 крон, бацькі плацяць за іх больш, і летась мы нават атрымалі дыплом, які сведчыць, што сабралі грошай больш, чым ва ўсіх іншых школах, якія таксама далучыліся да дабрачыннага праекта.
Некалькі гадоў таму школьны парламент прапанаваў рэканструяваць тэрыторыю, што знаходзілася побач са школай, — зрабіць з яе гульнявую пляцоўку, дзе можна было б адпачываць на вялікім перапынку. Прадумалі спартыўны рыштунак, нават абвясцілі конкурс на тое, як яна павінна выглядаць. І цяпер пляцоўка выкарыстоўваецца з карысцю для ўсіх. На чарзе — вырашэнне пытання з паліцыяй. Звычайна, калі дзеці ідуць у школу, для іх бяспекі побач з пешаходным пераходам дзяжурыць паліцэйскі. Вучні бачаць, што пераход побач са школай амаль што бяспечны. Сюды заязджаюць толькі бацькі, якія прывозяць у школу сваіх дзяцей, а потым іх забіраюць. Але крыху далей ёсць небяспечнае перакрыжаванне, дзе ходзіць трамвай, аднак там паліцэйскага няма. Школьны парламент вырашыў, што паліцыі трэба змяніць сваю дыслакацыю. Зараз гэту ідэю будуць афармляць, рабіць чарцяжы і накіроўваць прапановы ў паліцыю.
Няўжо адміністрацыя школы прыслухоўваецца да ўсіх дзіцячых прапаноў?
— Калі мы не згодныя, то павінны растлумачыць дзецям, чаму не ідзём ім насустрач, — запэўнівае Павел Марціноўскі. — Будынак школы налічвае шэсць паверхаў, але нашы дзеці лянуюцца хадзіць пешшу. Таму і прапанавалі зрабіць хуткасны спуск з апошняга паверха. Падышлі да справы адказна: вывучылі падрабязна гэта пытанне, даведаліся пра вытворцаў такога абсталявання. Але нам давялося ім растлумачыць, што іх ідэя нездзяйсняльная ў сувязі з немагчымасцю выканання мер бяспекі. Мы стараемся і самых малодшых дзяцей рыхтаваць так, каб яны былі гатовы да дыскусіі. Для нас вельмі важна, каб дзіця магло сфармуляваць пытанне, таму што часта пытанне нават больш важнае за адказ, гэта сведчанне таго, што маленькі чалавек над чымсьці задумаўся. Калі нам удасца зрабіць гэта ў пачатковай школе, потым з дзецьмі будзе прасцей працаваць. У іншых установах адукацыі ўжо ведаюць, што наша школа выпускае пэўны тып вучняў з крытычным мысленнем і ўменнем аргументаваць сваю пазіцыю. Безумоўна, не ўсе школы працуюць так, як мы, многія прытрымліваюцца вельмі строгіх правілаў. Ці можа нашкодзіць дзецям шмат свабоды? Я так не думаю. Усё моцна залежыць ад асобы педагога і ад супрацоўніцтва з бацькамі. У нас ёсць школьны псіхолаг, які дапамагае не толькі працаваць з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця, але і ў іншых складаных сітуацыях. Напрыклад, зараз мы спрабуем змагацца з мабільнымі тэлефонамі на ўроках у дзявятых класах. Калі па-добраму не атрымліваецца, можам быць і строгімі, таму што ў школьнай дэмакратыі таксама ёсць пэўныя рамкі, і калі яны парушаюцца, то ў сілу ўступае закон.
А ці не выступаюць школьныя парламентарыі за змяншэнне аб'ёму хатніх заданняў? — пацікавіліся беларускія педагогі. Высветлілася, што для юных чэхаў гэта пытанне неактуальнае.
— Асноўны аб'ём работы ажыццяўляецца ў класе на ўроку, — растлумачыў Павел Марціноўскі, — а дома адбываецца толькі замацаванне матэрыялу, каб вучань адчуваў сабе больш упэўнена.
Работа ў групах на ўроку гісторыі.
Не толькі вялікія паўнамоцтвы...
Цікава, што ў Чэхіі самая высокая адзнака — 1 бал. А «пяцёрка» — гэта наша двойка ці нават кол. Але настаўнікі спрабуюць абысці гэту сістэму. Прыдумляюць палавінчатыя адзнакі, напрыклад выстаўляюць адзін з мінусам ці два з плюсам. У пачатковых класах пакуль ад папяровых дзённікаў не адмаўляюцца, таму што дзецям вельмі прыемна прынесці дамоў і паказаць бацькам свой «школьны пашпарт» з адзінкай, для іх гэта вельмі важна. А ў сярэдніх і старшых класах укаранёны ўжо электронны журнал, які з'яўляецца адным з галоўных сродкаў камунікацыі і не дублюецца на папяровых носьбітах. Доступ да яго ёсць як у школьнікаў, так і ў іх бацькоў, таму ні адзнакі, ні хатнія заданні ўжо не схаваеш... Да таго ж у кожнага вучня ёсць сваё партфоліа, куды сабраны ўсе работы, якія ў любы момант можна паказаць яго бацькам.
У школе «Вратыслаўска», якая робіць стаўку на інклюзію, налічваецца 310 вучняў. У адным класе іх можа быць ад 17 да 27. Дзяцей са спецыяльнымі патрэбамі зараз прыблізна трэцяя частка. Ёсць сярод школьнікаў дзеці не толькі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, але і з рознымі іншымі спецыфічнымі адукацыйнымі і сацыяльнымі патрэбамі, напрыклад, дзеці з цыганскіх сем'яў, для якіх адукацыя не з'яўляецца каштоўнасцю, таксама нашчадкі імігрантаў з Украіны, Расіі, В'етнама, якія не вельмі добра валодаюць чэшскай мовай... Самая вялікая праблема — навучанне дзяцей з цыганскай дыяспары, таму што іх бацькі школу не заканчвалі і не разумеюць, навошта адукацыя іх нашчадкам, чаго не скажаш пра тых жа в'етнамцаў, якія, наадварот, вельмі матываваныя на вучобу.
Да Хэлоўіна ў Чэхіі рыхтуюцца і школьнікі.
У многіх вучняў — індывідуальная адукацыйная праграма. Над яе стварэннем працуюць школьны псіхолаг, спецыяльны педагог, класны кіраўнік і асістэнт педагога пры ўдзеле бацькоў. У класах з асаблівымі дзецьмі, як правіла, прысутнічае асістэнт, і нават не адзін — усё залежыць ад цяжкасці парушэнняў. Мінусам гэтай сістэмы Павел Марціноўскі лічыць неабходнасць запаўнення вялікай колькасці папер, бо для таго, каб прафінансаваць работу асістэнта, даводзіцца афіцыйна тлумачыць, чаму ён патрэбны, у якім аб'ёме і колькі патрабуецца сродкаў. Большасць асістэнтаў — гэта студэнты, што прайшлі спецыяльную падрыхтоўку, або настаўнікі-пенсіянеры, якія ўжо не хочуць штодня працаваць з вялікай колькасцю вучняў. З маладых асістэнтаў часта вырастаюць сапраўдныя педагогі з вялікай літары. Для іх у школе ствараюцца ўмовы, каб яны атрымлівалі вышэйшую педагагічную адукацыю.
Калі ў класах ёсць 18 вучняў і больш, школа лічыцца фінансава самадастатковай. Паколькі заробкі настаўнікаў залежаць ад колькасці вучняў, таму і класы тут вялікія — да 30 чалавек. Адметнасць усіх чэшскіх школ — гэта іх аўтаномія. Дырэктар, які выбіраецца на шэсць гадоў, можа самастойна вырашаць і педагагічныя пытанні, і кадравыя, і фінансавыя. На пасаду дырэктара абвяшчаюцца выбары, заявіць сваю кандыдатуру можа кожны, хто адпавядае агучаным крытэрыям. Камісія з васьмі чалавек, у склад якой абавязкова ўваходзяць прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці, вывучае ўсе заяўкі, праводзіць гутаркі з кожным прэтэндэнтам і прапануе ратушы свайго кандыдата. Калі школа працуе паспяхова, часцей за ўсё дырэктар перавыбіраецца на новы тэрмін. Праўда, бацькі, у якіх ёсць прэтэнзіі, могуць звярнуцца ў школьную інспекцыю, каб ініцыяваць дадатковую праверку, і, калі тая вырашыць, што справы ва ўстанове насамрэч ідуць не найлепшым чынам, яна можа хадайнічаць аб перавыбранні дырэктара. Таму, з аднаго боку, у кіраўніка школы ёсць вельмі вялікія паўнамоцтвы, а з другога — не менш вялікая адказнасць. Праўда, пра свой візіт, як і пра яго мэту, школьная інспекцыя заўсёды загадзя папярэджвае адміністрацыю навучальнай установы.
Партфоліа вучняў.
Яшчэ адна адметнасць — адсутнасць у чэшскіх школах адзіных вучэбных планаў. Вядома, дзяржава задае пэўныя рамкі, але навучальная ўстанова сама думае, чым іх напоўніць і якімі сродкамі дасягнуць чаканага выніку. Напрыклад, у школе ў Печках англійскую мову дзеці вывучаюць з трэцяга класа. А ў восьмым — дзявятым класах даецца яшчэ адна замежная мова на выбар: нямецкая ці руская. Большасць дзяцей выбіраюць рускую мову. Зноў-такі другую замежную мову можна вывучаць тры гады па дзве гадзіны на тыдзень ці два гады — па тры гадзіны на тыдзень. На якім варыянце спыніцца, школа вырашае сама. Таксама самі настаўнікі-прадметнікі вырашаюць, якім з адобраных міністэрствам адукацыі падручнікаў яны будуць карыстацца. Па кожнай дысцыпліне існуе шмат падручнікаў, пры гэтым тыя вельмі моцна адрозніваюцца. Але падручнік — толькі адзін са шматлікіх рэсурсаў у навучанні.
— У сучасным свеце праблем з ведамі няма: вучню дастаткова толькі некалькі разоў клікнуць мышкай — і ён будзе ведаць больш за свайго настаўніка, — дзеліцца сваімі думкамі Павел Марціноўскі. — Куды важнейшыя ўменні і навыкі, тым больш што патрабаванні да выпускнікоў імкліва змяняюцца.
Праўда, ёсць у такой аўтаноміі і свае мінусы: у выпадку змены школы, асабліва ў сярэдзіне навучальнага года, вучань можа аказацца ў складанай сітуацыі, паколькі праграмы не супадаюць: штосьці з вучэбнага матэрыялу ён увогуле яшчэ не праходзіў, а штосьці будзе вывучаць ужо другі раз. Вывучэнне той ці іншай тэмы можа не супадаць у розных школах нават па гадах вучобы... Толькі настаўнік вырашае, калі ён будзе са сваімі вучнямі яе праходзіць: у шостым класе ці ў сёмым.