Украінскі праект Teen Screen вучыць падлеткаў медыяпісьменнасці, крытычнаму мысленню і асновам сапраўднай журналісцкай прафесіі. І ўсе гэта – на англійскай мове. Пра інавацыйны і натхняльны досвед навучання распавялі MediaSapiens заснавальнікі, украінская журналістка Марына Кафтан і брытанскі рэжысёр Боб Скінар. Публікуем тэкст арыгінальнага матэрыяла, які будзе карысны настаўнікам англійскай мовы.
З чаго ўсе пачалося
Марына Кафтан прапрацавала на тэлебачанні сем гадоў, Боб Скінар – аператар і тэатральны рэжысёр, які ў свой час быў выкладчыкам англійскай на моўных курсах у Кіеве. Марына і Боб супрацоўнічалі на тэлеканале Ukraine Today і пасля яго закрыцця заснавалі сумесны праект – студыю тэлевізійнай журналістыкі для падлеткаў. «Мяне да гэтага падштурхнуў уласны запал да тэлебачання і тэатра», – распавядае Боб. Марына кажа, што заўсёды любіла працаваць з дзецьмі, і яшчэ падчас працы журналісткай вяла пазашкольныя адукацыйныя праекты для дзяцей.
У студыі Teen Screen Марына Кафтан адказвае за рэдактарскую частку працы, а Боб Скінар, за плячыма якога амаль 20 гадоў працы на тэлебачанні, – за тэхнічны складнік, драматургію і правільнае вымаўленне. Мэта іх праекту – даць магчымасць падлеткам паспрабаваць сябе ў ролі журналіста або «развеяць флёр журналісцкай прафесіі», таму што школьнікі часта ўяўляюць сабе працу журналіста як «прыгожае гаварэнне ў мікрафон». Акрамя таго, трэнеры даюць вучням магчымасць практыкаваць англійскую, чаго, па іх словах, украінскім школьнікам катастрафічна не хапае. Марына і Боб распавядаюць, што іх праект – унікальны, і не толькі для Украіны. У параўнанні з брытанскім вопытам, кажа Скінар, што хоць там прапануюць падобныя курсы, падыход TeenScreen, калі адначасова з журналістыкай вывучаецца замежная мова, – асаблівы.
Адна з задач – навучыць падлеткаў медыяпісьменнасці
Акрамя замежнай мовы, трэнеры ўплятаюць у вучэбную праграму медыяпісьменнасць. Па словах Марыны, праз медыя падлеткі актыўна спажываюць відэа, музыку, гульні і мала – навіны. «Дзеці схільныя давяраць інфармацыі, атрыманай ад блізкіх людзей (бацькоў ці сяброў), і крытычна ацэньваць тую, што атрыманая са знешніх крыніц», – кажа трэнерка. З-за недахопу агульнай інфармацыі аб сітуацыі ў свеце і краіне навіны часта здаюцца ім незразумелымі. Таму высновы пра важнасць таго ці іншага паведамлення робяцца нягледзячы на тое, як актыўна СМІ абмяркоўваюць тэму. «Праўда, такое бачанне распаўсюджана не толькі сярод дзяцей», – прызнае Марына.
Асобныя трэнінгі экспертка праводзіць і для дарослых, бо бацькі мала ведаюць пра тое, як дзеці ўзаемадзейнічаюць з медыя. Паводле яе словаў, пасля лекцый па інтэрнэт-бяспецы яны выходзяць «спалоханымі», бо даведваюцца аб адсочванні геалакацый у Instagram, гульні ў сацсетках, кампутарныя гульні, якія распаўсюджваюцца на рэальны свет і г.д.
Група падлеткаў – маленькая рэдакцыя
Практыку ў студыі Марына Кафтан называе сапраўднай працай. «Гэта ў нас не гульня, а не гурток. Мы ўжываем усе стандарты працы ў ньюзруме, – тлумачыць яна. – Як канвергентныя журналісты, нашы вучні шукаюць навіну, правяраюць яе праўдзівасць, шукаюць тэмы для здымак, пішуць тэксты, начытваюць іх у кадры, вучацца працаваць з камерай і дыктафонам, вучацца, як правільна браць інтэрв'ю, даведваюцца, што навіна, а што ею не зʼяўляецца. Гэта значыць, што абсалютна ўсе аспекты сучаснай журналістыкі яны практыкуюць у нас на занятках».
Дзесяць слухачоў курса ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў зʼяўляюцца, па сутнасці, невялікай рэдакцыяй. На працягу тыдня іх задача – сачыць за навінамі. Для гэтага трэнерка прапануе пачынаць з агрэгатараў накшталт Google News і Ukr.net, каб вучні прывыклі арыентавацца на павестку дня, а далей ужо звяртаць увагу на канкрэтныя медыя. Прыйшоўшы на заняткі, кожны мае свой спіс тэм, якія ён або яна лічаць важнымі. Аднаго са слухачоў прызначаюць выпускаючым рэдактарам, які і павінен вырашыць, што важна і будзе ў праграме. Далей удзельнікі вярстаюць выпуск, затым кожны піша сваю навіну.
«Паколькі я цвёрда стаю на тым, што мы працуем як сапраўдны ньюзрум, то мы шмат гаворым аб тэорыі – журналісцкіх стандартах, крытэрах ацэнкі навінаў, этыку. Таму падбор навінаў у нас не адрозніваецца ад, скажам, выбару дарослага пачынаючага журналіста, – распавядае Марына Кафтан. – Хвароба ў іх агульная – недахоп агульнай эрудыцыі і вопыту працяглага маніторынгу навін. Я выступаю ў ролі ўнутранага гугла – расказваю, чаму гэта важна, што адбылося раней, і мы абмяркоўваем, якімі могуць быць наступствы». Паводле яе словаў, дзеці абураюцца, чаму ўчынкам палітыкаў надаюць большае значэнне, чым экалагічным праблемам або развіццю навукі. Трэнер пагаджаецца, што гэта важна, і ў выпуск трапляе як слуханне справы Януковіча, так і паспяховае прывадненне ракеты Falcon.
«Няпроста абмяркоўваць катастрофы і тэракты, – распавядае Марына. – Яны вельмі моцна кранаюць, падлеткі на самой справе ўразлівыя і шчыра суперажываюць. Я для сябе абрала тактыку змены фокусу: мы фіксуем факт таго, што тэракт адбыўся, і адразу пераходзім да таго, што добрага і канструктыўнага адбылося пасля гэтага: як людзі дапамагалі адзін аднаму, крута працавалі выратавальнікі, неверагоднае выратаванне малой, падтрымка сусветнай супольнасці і да таго падобнае. Толькі потым мы пачынаем разбірацца – хто, навошта, наступствы. У той жа час я заўсёды паказваю агульную статыстыку тэрактаў / загінуўшых за апошнія паўстагоддзя, каб яны разумелі розніцу паміж колькасцю эпізодаў і маштабнасцю асвятлення».
У TeenScreen тэмы сюжэтаў і героі інтэрвʼю – рэальныя, як, напрыклад, гэта інтэрвʼю з экскурсаводам Леляй Філімонавай. Удзельнікі наведваюць падзеі, запісваюць vox populi (лацінская прымаўка, эквівалентам якой зʼяўляецца руская: «Глас народа – глас Божы» – заўв. Nastaunik.info), падыходзяць да людзей за каментарамі. Мэтавая аўдыторыя навучальных выпускаў – равеснікі-замежнікі. «Я іх факусую на тое, каб расказалі, што важнага адбылося за тыдзень сваім аднагодкам у Канадзе, – распавядае заснавальніца студыі. – Вядома, атрымліваецца не тое каб феерычна, але яны трэніруюцца і, думаю, восенню ўжо будуць гатовыя, каб іх прасоўваць як падлеткавыя навіны Украіны».
Тэхнічны складнік: нягледзячы на тое, што ў Teen Screen ёсць магчымасць карыстацца прафесійным святлом і іншым абсталяваннем, слухачоў накіроўваюць на мабільную журналістыку. «Мы спрабуем сфакусавацца, што тое, што мы вучым, слухачы змогуць прымяніць дзе заўгодна. Мы вучым здымаць на мабільныя тэлефоны і раім усталёўваць праграмы для мантажу адразу на смартфон», – працягвае Марына Кафтан.
Трэніраваць прамовы і памяць, не баяцца сцэны
Слухачы студыі наведваюць заняткі два разы на тыдзень: па чацвяргах і суботах. У чацвер пішуць навіны, у суботу – здымаюць відэа. Кожны ўрок пачынаецца з хуткамовак, драмы. «Мы спачатку дазвалялі ім казаць як зручна, але зразумелі, што з гэтага справы не будзе, – кажа Марына. – Таму на занятках вучні адпрацоўваюць правільнае вымаўленне, інтанацыю. Дзеці вучацца не саромецца камеры».
У праграму заняткаў трэнеры ўплятаюць задачы на трэніроўку памяці, прамовы, таксама вучаць не баяцца камеры. «Я таксама нервуюся перад тым, як выйсці на сцэну або працаваць у студыі. Але не навучуся накіроўваць свае думкі ў іншым кірунку і не думаць пра гэта, пакуль не буду там. Гэта мой спосаб змагацца са страхам, – распавядае Боб Скінар. – Многія падлеткі, якія вучацца ў нашай школе, кажуць, што трэнінгі надалі ім смеласці і ўпэўненасці ў англійскай мове. Працаваць з вымаўленнем асабліва эфектыўна, калі ты запісваеш усё на камеру і пераслухоўваеш, а не калі проста сядзіш за партай і паўтараеш за настаўнікам».
«Спачатку ўсё выглядае жудасна, мы чытаем з ліста перад камерай. Паступова мы ўжо спакойна можам казаць і нават замяняць нейкія словы», – распавядае слухачка курсаў і дачка Марыны, васьмікласніца Дарʼя Кафтан. Яна марыць працаваць у кіно – рэжысёрам, аператаркаю або сцэнарысткай, а курсы, тлумачыць, максімальна набліжаныя да гэтага. «Пракачаюся тут – а далей паглядзім, што будзе», – кажа Дарʼя.
Вызначыцца з прафесіяй, навучыцца крытычна думаць
Адзінаццацікласнік Іван Сімчыч таксама наведвае курсы Teen Screen. Яго мама, фатаграфіня Марыя Сімчыч-Наўроцкая кажа, што галоўным аргументам для запісу ў студыі Teen Screen была мова выкладання. «Быць яму журналістам ці не, я яшчэ не ведала, аднак у тым, што англійская падцягне, была ўпэўненая. І не памылілася. Усе дзеці за паўгода вельмі выраслі, сталі вальней, смялей у зносінах, пераадолелі моўны барʼер. Але гэта аказалася не галоўным. Teen Screen дапамог Івану вызначыцца з будучым напрамкам адукацыі, адкрыў «ягоныя» сферы (гуманітарныя навукі), паказаў тое, у чым ён мацней», – распавядае Марыя. І дадае, што цяпер Іван бачыць сваю будучыню ў журналістыцы.
Па словах Боба Скінара, трэнінгі дапамагаюць падлеткам не прымаць навіны як належнае, а раскладваць навіны на часткі. «Калі яны пачнуць гэта ў такім успрымальным ўзросце, то будуць ісці далей па жыцці з крытычным мысленнем», – кажа ён.
Фота: Марыя Сімчыч. Тэкст: Галіна Будоўская