З такім пытаннем слонімец Алесь Масюк, бацька пяцікласніцы і трэцякласніцы, звярнуўся ў Міністэрства адукацыі Беларусі. Пра сітуацыю распавяла Газета Слонімская.
Штуршком для напісання ліста ў Міністэрства паслужыў той факт, што ў класах, дзе вучацца дочкі Масюка, з пачатку гэтага навучальнага года зраўнялі колькасць гадзін беларускай і рускай моў. Хаця раней гэтыя класы лічыліся класамі з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы (т. з. беларускімі), дзе ўрокаў беларускай мовы было на адну гадзіну ў тыдзень болей, чым рускай. У гэтыя класы адмыслова набіралі вучняў з 1-га класа.
Пытанне бацькі
«...Згодна з Канстытуцыяй Беларусі, кожны з нас мае права навучацца на роднай мове. Аднак на справе скарыстацца гэтым правам вельмі складана. Бо ў Беларусі і, у прыватнасці, у Слоніме няма нават беларускамоўных класаў, не кажучы ўжо пра школы з беларускай мовай навучання...
У мяне двое дзяцей, 2006 і 2008 гадоў нараджэння. Калі надышоў час аддаваць іх у школу, я хацеў, каб яны навучаліся на роднай мове. Якраз, калі я аддаваў старэйшую дачку ў першы клас, у сярэдняй школе №8 Слоніма адбываўся набор аднаго беларускамоўнага класа. І я, канешне, запісаў сваю дачку Дар`ю ў гэты клас. Праўда, гэты клас назваць беларускамоўным можна было толькі ўмоўна. Бо ўся беларускасць заключалася толькі ў тым, што ўрокаў роднай мовы было на адну гадзіну на тыдзень больш, чым урокаў рускай мовы. Не маючы іншага выбару, прыйшлося задаволіцца тым, што ёсць.
Праз два гады, калі я аддаваў сваю малодшую дачку ў першы клас, у школе №8 г.Слоніма зноў набіралі адзін так званы беларускамоўны клас. І я сваю дачку Насцю аддаў у гэты клас.
Такім чынам, мае дзве дачкі да чэрвеня 2017 года навучаліся ў «беларускамоўных» класах. Аднак з пачаткам навучальнага 2017/2018 года ўсе класы раптам перасталі лічыцца беларускамоўнымі. Цяпер колькасць гадзін навучання беларускай і рускай моў стала аднолькавай.
Не разумею, чаму так сталася? Мала за тое, што ўсё навучанне адбываецца па-руску, дык яшчэ дзяцей пазбавілі без таго мізэрнай магчымасці больш дасканала авалодаць роднай мовай.
Увогуле, я не разумею, як такое можа быць, што ў беларускай дзяржаве бацькі вымушаны дабівацца таго, каб іх дзяцей навучалі на роднай мове...
Прашу даць мне адказ, чаму ў Слоніме перасталі існаваць «беларускамоўныя» класы. Калі ў Слоніме з`явяцца беларускамоўныя школы? І як я магу рэалізаваць сваё права на тое, каб мае дзеці навучаліся ў школе на роднай мове?» — пытаецца Алесь Масюк у сваім лісце ў Міністэрства адукацыі.
Адказ чыноўнікаў ад адукацыі
З Мінска ліст слонімца пераслалі для рэагавання ў Гродна ў галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, адкуль і прыйшоў адказ.
«...У г.Слоніме асобныя беларускамоўныя класы існуюць у дзяржаўнай установе адукацыі (далей — ДУА) «Сярэдняя школа № 3 г. Слоніма» і ДУА «Сярэдняя школа
№ 10 г. Слоніма», навучанне на беларускай мове ажыццяўляецца ў 13 установах агульнай сярэдняй адукацыі Слонімскага раёна.
Па інфармацыі аддзела адукацыі, спорту і турызму Слонімскага раённага выканаўчага камітэта (далей — аддзел адукацыі), у ДУА «Сярэдняя школа № 8 г. Слоніма» беларускамоўныя класы
(II В і IV В) перасталі існаваць па запытах, пацверджаных пісьмовымі заявамі, большасці законных прадстаўнікоў вучняў дадзеных класаў. У сувязі з тым, што жадаючых навучацца на беларускай мове засталося толькі дзве вучаніцы, адміністрацыяй школы прынята рашэнне арганізаваць з 01.09.2017 адукацыйны працэс у трэціх і пятых класах на рускай мове.
Прапануем Масюк Дар`і і Масюк Анастасіі працягнуць вывучэнне беларускай мовы і культуры маўлення на факультатыўных, падтрымліваючых, стымулюючых занятках і занятках па інтарэсах. Установе адукацыі рэкамендавана пашырыць выкарыстанне беларускай мовы пры правядзенні класных, інфармацыйных гадзін, пазаўрочных мерапрыемстваў...» — піша Масюку з Гродна начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі А. Г. Сонгін.
Як бачым, у адпісцы чыноўніка няма адказу на пытанні бацькі, калі ў Беларусі з`явяцца беларускамоўныя школы і як ён сёння можа рэалізаваць сваё права на навучанне сваіх дачок у Слоніме на беларускай мове.
«Усё, што мне было прапанавана, гэта запісаць дачок на факультатыўныя заняткі па роднай мове. Атрымліваецца, што толькі такім чынам я магу «рэалізаваць» сваё права на навучанне дзяцей на роднай мове.
А наконт таго, што беларускамоўныя класы (II В і IV В) нібыта перасталі існаваць па пісьмовых запытах бацькоў, гэта нейкая выдумка, бо ніхто ніякіх заяў не пісаў...» — зазначыў у размове з карэспандэнтам «ГС» Алесь Масюк.