На 29 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў былі запланаваныя слуханні «Нацыянальная сістэма адукацыі: стан і шляхі ўдасканалення». Але новая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі ў Палату прадстаўнікоў не паступіла, сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Таму шырока анансаваныя парламенцкія слуханнні перанесеныя. Міністр адукацыі Ігар Карпенка цяпер у адпачынку.
Намесніца старшыні сталай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Алена Анісім пацвердзіла, што апошняй версіі Кодэксу аб адукацыі дэпутаты не бачылі.
«Дакумент сурʼёзны. Было зладжана грамадскае абмеркаванне Кодэксу аб адукацыі. Мы не ведаем, якія прапановы былі ўлічаныя, якія — не. Перад пачаткам навучальнага года было зроблена шмат заяваў па рэфармаванні сістэмы адукацыі. Ці адлюстраваныя яны ў новай рэдакцыі Кодэксу аб адукацыі, і наогул ці дапрацаваны дакумент — невядома. Мы з Міністэрства адукацыі яго не атрымалі. Зноў абмяркоўваць агульную канцэпцыю, агульныя падыходы няма сэнсу. Таму сёння перад пачаткам пленарнага паседжання на Радзе Палаты прадстаўнікоў спадар Андрэйчанка абвясціў, што парламенцкія слуханні пераносяцца».
У прэсавай службе Міністэрства адукацыі Свабодзе сказалі, што не валодаюць інфармацыяй, на якой цяпер стадыі праца над новай рэдакцыяй Кодэксу аб адукацыі. Міністр адукацыі Ігар Карпенка ў адпачынку.
Каментар Nastaunik.info. Відавочна, Міністэрства адукацыі, якое самаізалявалася ад грамадства, не мае ні кваліфікаваных кадраў, ні яснага бачання развіцця адукацыі, таму і не можа зрабіць якасныя прапановы ў змену заканадаўства. Адукацыю давялі да крызісу, калі старое заканадаўства ўжо не можа адпавядаць сучасным патрабаванням інфармацыйнага грамадства і толькі стрымлівае інавацыі, патрэбныя для падрыхтоўкі маладога пакалення да рынку працы і жыцця ў сучасным свеце. А новы закон не можа паўстаць, бо "вярхі" патрабуюць захаваць савецкую сістэму і падыходы. Касметычныя праўкі ўжо не дапамагаюць. Наспеў час падрыхтоўкі сапраўднай рэформы адукацыі, пазбаўлення яе ад камуністычных ідэалагем, састарэлага зместу і метадаў кіравання. Беларусі патрэбна Канцэпцыя новай беларускай школы, на аснове якой будзе напісаны і прыняты новы сучасны закон аб адукацыі.
Любыя заканадаўчыя змены пачынаюцца з канцэпцыі - г.зн. яснага ўсведамлення мэтаў адукацыі і шляхоў іх дасягнення. Прапануем пазнаёміцца, як з гэтай задачай спраўляецца Украіна, якая сёлета (апошняй з нашых суседзяў) распачала рэформу адукацыі, узяўшы за ўзор паспяховыя рэформы Фінляндыі і Польшчы.
Канцэпцыя Новай украінскай школы
Больш за тры гады доўжыўся публічны дыялог аб стратэгіі зменаў у адукацыі Украіны. Дзясяткі дыскусій адбыліся на пляцоўцы парламенцкага Камітэта па пытаннях навукі і адукацыі, а пасля — Міністэрства асветы і навукі Украіны.
Адкрытасць была беспрэцэдэнтнай. Далучыліся прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых групаў — педагогаў, бацькоў, працадаўцаў, палітычных сілаў і органаў улады, незалежныя эксперты, міжнародныя арганізацыі.
У выніку шматлікіх дыскусій, часам вельмі вострых, з’явіўся праект новага базавага Закону "Аб адукацыі".
Гэты дакумент — Канцэптуальныя асновы рэфармавання сярэдняй адукацыі «Новая ўкраінская школа» — простай мовай тлумачыць ідэалогію зменаў, якія рэалізоўвае закон.
Мэта дакумента — зацікавіць ідэяй рэфармавання адукацыі як мага шырэйшыя колы. Бо рэформа адукацыі павінна быць падтрымана і настаўнікамі, і бацькамі, а таксама бізнэсам, мясцовымі ўладамі і ўсімі тымі, каго адукацыйная праблематыка тычыцца непасрэдна.
Пасля напісання Канцэпцыі і паслядоўных крокаў да яе ажыццяўлення, Фінляндыя заявіла аб дапамозе Украіне ў рэфармаванні яе сістэмы адукацыі.
Таварыства беларускай школы зрабіла пераклад Канцэпцыі Новай украінскай школы на беларускую мову, каб азнаёміць шырокае кола зацікаўленых беларусаў з сучаснымі тэндэнцыямі, і тымі зменамі, якія рана ці позна чакаюць і нашу адукацыйную сістэму.
Спампаваць Канцэпцыю "Новая школа" (PDF, 2,13 Mb)