Настаўнік фізікі гарадзенскай сярэдняй школы №26 Сяргей Фадзін распавядае, як дзякуючы напісанай ім гульні на Android «4PhPi» сямікласнікі зладзяць падарожжа ў захапляльны свет фізікі ды пазбавяцца ад стрэсавых стэрэатыпаў пра цяжкасць прадмета.
Cяргей Фадзін, настаўнік фізікі СШ №26 г. Гродна
Фізіка – цяжкі прадмет. Гэта вядома ўсім: і вучням, і бацькам, і настаўнікам. Напрыклад, сядзіш у незнаёмай кампаніі, і раптам хтосьці пытае, кім я працую. І на мой адказ: «Я выкладаю фізіку ў школе» адразу ўзнікае маса воклічаў: «Фізіку! У мяне было столькі праблем з ёй у школе!».
З самага пачатку навучальнага года, у чаканні свайго першага ўрока фізікі, сямікласнікі адчуваюць змешаныя пачуцці. З аднаго боку – гэта прыемнае хваляванне перад новым і пакуль яшчэ нязведаным, а з другога боку, наслухаўшыся аповедаў пра складанасць прадмета і нізкую паспяховасць, – трывогу і няўпэўненасць. І, на жаль, негатыўныя эмоцыі часта пераважаюць над пазітыўнымі, і стрэс адбівае станоўчую матывацыю і пазнавальную цікавасць да фізікі.
На самай справе, фізіка – гэта проста і займальна! Вы любіце казкі? Ну, вядома ж! А каб патрапіць у казку, неабавязкова нешта выдумляць. Трэба проста ўважліва паглядзець на тое, што нас акружае: лётае, падае, рухаецца, свеціцца, выдае гукі, міргае... І задаць сабе пытанне: як усё ўладкавана ў нашым свеце і чаму?
І для таго, каб выклікаць станоўчую матывацыю і забяспечыць пазітыўны эмацыйны ўздым у сямікласнікаў у чаканні сваіх першых крокаў у цудоўны свет фізікі, я напісаў гульню для мабільных прылад АС Android (на AppStore не шукайце ) «4PhPi» (4 PhysicsPictures).
Гульня складаецца з 40 узроўняў (і гэта толькі пачатак). Прайшоўшы гэтыя ўзроўні, навучэнцы сёмых класаў пазнаёмяцца з паняццямі, азначэннямі, з'явамі, прозвішчамі вядомых навукоўцаў, пра якіх яны будуць пазнаваць падрабязней на працягу вывучэння фізікі. Акрамя таго, пасля кожнага ўдала пройдзенага ўзроўню, іх чакае цікавы факт пра адгаданую зʼяву ці вучонага, што дазволіць пашырыць іх кругагляд і справакуе жаданне самастойнага пошуку дадатковай інфармацыі. Я ўпэўнены, што калі вучні сутыкнуцца з гэтымі тэрмінамі, формуламі, імёнамі на ўроку ў будучыні, то не раз скажуць «О, так я гэта ўжо ведаю!», што здыме псіхалагічную напругу і надасць упэўненасці ў сваіх сілах і ведах.
Уважлівае назіранне за навакольным светам дазваляе выявіць праявы фізічных законаў літаральна ва ўсім! І гэтаму пацверджанне – малюнкі, падабраныя пад кожнае слова. На ўроку вы заўсёды зможаце абмеркаваць з дзецьмі, чаму менавіта гэтыя карцінкі былі абраныя і як яны звязаны з гэтай зʼявай або чалавекам.
У маіх вучняў гэта першыя крокі ў загадкавы свет фізікі, а ў мяне – у свет праграмавання (не менш загадкавы). Але, як той казаў, цяжкасці спараджаюць у чалавека здольнасці, неабходныя для іх пераадолення. Спампаваць гульню можна тут, ці проста набірайце «4PhPi» у Play Market.