5 крокаў, якія трэба зрабіць, каб школа адпавядала жыццю

1.    Вызначыць мэту адукацыі і зацвердзіць яе нацыятворчую місію

Наша школа не ведае, каго яна павінна рыхтаваць: г.зн. яна не мае мадэлі выпускніка. Трэба шырока абмеркаваць у грамадстве і зацвердзіць кампетэнтнасную мадэль вучня. Тады школа будзе ясна ведаць, якімі ведамі, кампетэнцыямі, каштоўнаснымі ўстаноўкамі павінен валодаць вучань і сама вырашыць, якімі сродкамі гэтага найлепш дасягнуць.  Цяпер школа выпускае вучня без ідэнтычнасці – не арыентаванага на дабрабыт сваёй краіны, яе рынак працы, на адказнасць за сябе і за сваю супольнасць. Гэта наўпроставая пагроза існаванню самой дзяржавы.

 

2.    Грошы з бюджэта замацаваць за вучнем, а не за школай

Такім чынам, школы будуць зацікаўлены падтрымліваць найлепшых настаўнікаў, добразычлівую атмасферу, інакш дзеці да іх не прыдуць, і яны застануцца без фінансавання. Такі падыход дазваляе бацькам выбар школы або стварэнне прыватных, грамадскіх школ, куды з бюджэту таксама будуць пералічаныя “вучнёўскія” грошы.

 

3.   Прымяніць навуковы падыход і стварыць рамачную дзяржаўную праграму

Насамрэч у навуковай літаратуры апісаны методыкі, спосабы арганізацыі, фінансавання і кіравання школамі, якія даюць добрыя вынікі ў навучанні. Так як Беларусь засталася апошняй сярод постсавецкіх краін з нерэфармаванай сістэмай адукацыі, трэба прыгледзецца да навуковых высноваў і практыкі суседзяў (напрыклад, Эстоніі) і зацвердзіць дзяржаўную рамачную праграму, якая будзе абапірацца на навуковы падыход і нацыянальныя інтарэсы Беларусі.  

 

4.   Дырэктароў школ выбіраюць Школьныя рады

Менавіта тады знікнуць неўласцівыя абавязкі. Дырэктар будзе вымушаны адстойваць інтарэсы таго, хто яго выбраў: бацькоў, вучняў, настаўнікаў, мясцовага самакіравання і работадаўцаў. А не вертыкалі ўлады, як цяпер.

 

5.    Даць настаўніку і школе свабоду ў выбары і стварэнні методык, падручнікаў, зместу

Толькі свабодны настаўнік зможа раскрыць свой творчы патэнцыял і выхаваць свабоднага, упэўненага ў сваіх сілах вучня. Толькі свабодны ад адміністратыўнага прэсу дырэктар зможа сам вырашыць, як прыцягнуць і стымуляваць (у тым ліку і фінансава) найлепшых настаўнікаў, павышаць іх кваліфікацыю,  супрацоўнічаць з бацькамі, патэнцыйнымі работадаўцамі на карысць развіцця і якасці адукацыі.  

З надыходзячым Новым годам!

Ваш, Nastaunik.info