Эла Якубоўская, настаўніца фізікі гімназіі № 1 г.Жодзіна
Лайфхак з'яўляецца вытворным ад англійскіх слоў «life» і «hack». Першае з іх азначае «жыццё», другое - «ўзлом». Іншымі словамі, даслоўна «lifehack» перакладаецца як «ўзлом жыцця».Зараджэнне лайфхака пачалося яшчэ ў васьмідзесятых гадах мінулага стагоддзя. Прыдумалі яго праграмісты, якія імкнуліся ўсе вакол аптымізаваць. Спачатку імі выкарыстоўвалася толькі адна частка слова - «hack». Гэты тэрмін азначаў эфектыўнае і хуткае рашэнне якой-небудзь праблемы. Некалькі пазней далучылася слова «life». У 2004 годзе брытанскі журналіст Дэні О'Браэн, які пісаў артыкулы пра камп'ютэрныя тэхналогіі, прапанаваў выкарыстанне гэтага тэрміна для вырашэння жыццёвых праблем пры дапамозе камп’ютара. У 2011 годзе слова "лайфхакі» з'явілася ў Оксфардскім слоўніку на онлайн-старонках. Іншымі словамі, лайфак - гэта набор прыёмаў, трукаў і парад, створаных спецыяльна для «узлому» і спрашчэння ўсіх сфер нашага жыцця. Яскравым прыкладам "lifehack" можна лічыць часопісы "Парады рыбалову", а таксама турысту, агародніку, аўтааматару і інш. Адзін час была вельмі папулярная тэлевізійная перадача "Очумелые ручки", у якой дэманстраваліся не што іншае як лайфхакі. Лайфхакі прапануюць вырашаць праблемы проста, пры гэтым эканоміць час, сілы і грошы. Пры гэтым лайфхакі - гэта не стварэнне новага (не вынаходніцтва кола), а арыгінальнае прымяненне існуючага (як з кола зрабіць арыгінальны столік). Рэдактар сайта Лайфхакер.ру ў адпаведнасці з гэтым вылучае наступныя прыкметы лайфхака:
· арыгінальны, нестандартны погляд на праблему;
· эканомія рэсурсаў (час, грошы, сілы і іншае);
· спрашчэнне розных сфер жыцця (праца, адукацыя, стасункі, здароўе, самаўдасканаленне і г.д.);
· лёгкасць прымянення;
· карысць для вялікай колькасці людзей.
Зараз лайфхак застаецца адным з самых запатрабаваных запытаў ўсіх пошукавікаў.
Навучэнцы часта задаюць пытанні аб доследах, убачаных ў інтэрнэце і просяць правесці і растлумачыць іх на ўроках. Сярод іх на першым месцы стаяць лайфхакі, убачаныя на Ютубе. Яны вылікаюць вялікую цікавасць дзяцей і маюць добры патэнцыял для выкарыстання на ўроках прыродазнаўчага цыкла з мэтай фарміравання прадметных ведаў і медыякампетэнцыі. Можна арганізаваць работу так, каб дзеці самастойна знаходзілі, аналізавалі і ўжывалі раней атрыманую інфармацыю на ўроках біялогіі, фізікі, хіміі для трактоўкі пастаўленага эксперымента і абгрунтавання атрыманых вынікаў. Гэта павысіць матывацыю да вывучэння прадмета і навучыць арыентавацца ў медыяпрасторы.
Для вывучэння матэрыяла з дапамогай лайфхакаў у якасці эксперыментаў мы прапануем наступную паслядоўнасць дзейнасці.
1 этап. Даць заданне дзецям знайсці лайфхак па пэўнай тэме ў Інтэрнэце. Праверыць надзейнасць рэсурса, з якога ўзята інфармацыя. (На якім сайце апублікавана інфармацыя? Што можна сказаць пра гэты сайт? Ці ўказана крыніца інфармацыі? Хто аўтар інфармацыйнага паведамлення? З якой мэтай зроблена гэта паведамленне?)
2 этап. Параіцца з настаўнікам або бацькамі пра небяспечнасць правядзення опыта. Зразумела, што для вывучэння свежасці яек праз закон Архімеда ( свежае тоне, а старое ўсплывае) ніякай шкоды акрамя разбітага яйка быць не можа. А вось чыстка рознымі сумесямі хімічных рэчываў можа прывесці к сумным наступствам.
3 этап. Дома ці ў школе праверыць лайфхак на праўдзівасць. Падрыхтаваць і здейсніць эксперымент. Зняць відэа або зрабіць фотаздымкі. Падрыхтаваць выступленне перад аднакласнікамі. Абавязкова патлумачыць на выснове якіх фізічных (хімічных, біялагічных і г.д.) з’яў, законаў працуе дадзены лайфхак. Зрабіць выснову пра яго мэтазгоднасць.
4 этап Прэзентацыя вынікаў работы на ўроку, на школным сайце, у школьнай газеце з наступным абмеркаваннем.
Матэрыял лайфхака можна выкарыстоўвць на ўроку як ключавое пытанне або для стварэння праблемнай сітуацыі.
Прыклады якіх лайфхакаў можна выкарыстоўваць на ўроках?
Для настаўнікаў хіміі вялікае поле дзейнасці прадстаўляюць лайфхакі, дзе раяць як і што можна чысціць падручнымі сродкамі. Чыстка кетчупам, кока-колай, зубной пастай, соллю, лімонам, содай па меркаванню аўтараў шматлікіх відэаролікаў проста творыць цуды з забруджанымі ракавінамі, плітамі, чайнікамі і іншымі хатнімі прыладамі. А ці так яно на самой справе? Якія хімічныя рэакцыі прысутнічаюць у гэтых выпадках?
На ўроках біялогіі можна разглядзець мэтазгоднасць лайфхакаў пра розныя касметычныя сродкі, створаныя ў хатніх умовах. Напрыклад: “ускочыў прышчык - памаж зубной пастай!” Можна прааналізаваць з пункту гледжання ведаў пра скуру чалавека лайфхакі пра сродкі, якія прымяняюцца пры укусах насякомых. Цікавае пытанне для дзяўчынак стварэнне ўгнаення для кветак з харчовых адыходаў.
Для настаўнікаў фізікі дастаткова набраць у пошукавіку фразу “лайфхакі з мабільным тэлефонам” або “ лайфхакі з батарэйкай” і паслужлівы Інтэрнэт выдасць мільёны вынікаў. Прывядзем прыклады з указаннем тэм па фізіцы, дзе іх можна выкарыстоўваць.
Электрычныя з’явы: аўтаномны абагравальнік з батарэйкі і фальгі; бытавая праверка зарада батарэйкі; электрамагніт з батарэйкі; запальнічка з батарэйкі; стылус для тэлефона з фальгі або батарэйкі; калі скончыўся зарад на тэлефоне і трэба тэрмінова пазваніць; лямпа на прыродзе.
Оптыка: як праверыць ўвагнутасці на машыне; макрафатаздымак з дапамогай тэлефона; як вызначыць адлегласць да аб'екта з дапамогай вялікага пальца; сонечная свяцільня з бутэлькі.
Малекулярная фізіка: аўтаномнае паліванне пакаёвых раслін; спосаб хутка выліць ваду з бутэлькі; хуткае астуджэнне вадкасці; як хутка зварыць бульбу; як вырашыць праблему запацявання акуляраў; як хутка астудзіць чай ці каву.
Механіка: як зрабіць ўзмацняльнік гуку для тэлефона; як разрэзаць вяроўку без нажніц; як выкруціць сарваную шрубу; як адкрыць слоік.
Далёка не ўсёй інфармацыі з Інтэрнэту варта верыць. Прыклад па фізіцы: “Змясціце учорашнюю піцу ў мікрахвалёўцы разам са шклянкай вады - утворыцца апетытная хрусткая скарыначка”. На самой справе мікрахвалевыя печы разаграваюць водаўтрымліваючую ежу электрамагнітным выпраменьваннем знутры. Для стварэння хрусткай скрыначкі неабходны канвекцыя або знешні паток гарачага паветра. Шклянка вады нічым не дапаможа. Некаторыя рэкамендацыі проста не працуюць, а іншыя могуць быць небяспечнымі. Прапанова выкарыстоўваць празрысты лак для пазногцяў супраць герпесу наглядны прыклад таго, наколькі небяспечныя некаторыя парады. Наносіць празрысты лак на хворую скуру сапраўды не варта, таму што запаленчы працэс толькі абвастрыцца і будзе сур'ёзнае раздражненне. Або ўзяць ідэю з кефірам, што гэты напой дапамагае нейтралізаваць непрыемны смак таблетак для маленькіх дзяцей. Таму варта звярнуць увагу, як можна адрозніць шкодны лайфхак ад карыснага, і якіх парад не варта прытрымлівацца:
· лайфхак не павінен прымушаць ўзаемадзейнічаць з уласным арганізмам - напрыклад, змяшчаць у яго іншыя прадметы, ўтыкаць іголкі ў пальцы ці нешта глытаць;
· лайфхак не павінен заклікаць ўзаемадзейнічаць з рознымі незразумелымі хімічнымі рэчывамі;
· лайфхак не павінен быць абсурдным або гучаць не зусім зразумела - напрыклад, «як зрабіць вясёлкавы нож» (калі рабіць дзеянні, якія апісаны ў дадзеным «лайфхаку», то лязо нажа проста лопне, і можна моцна параніцца) або «як разгледзець плямы на сонцы» (гэта не лайфхак, а інструкцыя, як страціць зрок);
· не варта карыстацца лайфхакам з ненадзейных рэсурсаў, асабліва калі на іх адсутнічае зваротная сувязь.
УВАГА! Наступная інфармацыя не лайфхак, а прамая шкода і пагроза здароўю.
Такім чынам, прымяненне ў практыцы навучання прыродазнаўчых прадметаў лайфхакаў у выглядзе хатніх эксперыментаў ці спосабу стварэння матывуючых сітуацый актыўна ўплывае на выпрацоўку практыка-арыентаваных уменняў вучняў і павышае іх цікавасць да прадмета, дазваляе ў нейкай меры пераадольваць выдаткі «крэйдавага» спосабу выкладання ў сучаснай школе, папярэджвае небяспеку і садзейнічае развіццю медыякампетэнцыі вучняў.