Лічбавае грамадзянства: што мусяць ведаць вучні?

Адукацыйны праект Edutopia пра тое, як навучыць дзяцей паводзіць сабе адказна ў інтэрнэце. Публікуем адаптаваны пераклад тэксту, аўтар - настаўніца Вікі Дэвіс з Джорджыі, ЗША.
 
У маім класе, кажа Вікі Дэвіс, я выкарыстоўваю тэарэтычны і практычны падыходы, каб навучыць лічбаваму грамадзянству.
 
Тэорыя
Я хачу, каб мае вучні ведалі 9 асноўных пунктаў пра лічбавае грамадзянства. Яны наступныя:
 
1. Паролі. Ці ведаюць вучні, як стварыць бяспечныя паролі? Ці ведаюць яны пра тое, што пароль ад электроннай пошты і інтэрнэт-банкінгу павінен мець больш высокі ўзровень цяжкасці, і нельга выкарыстоўваць адзін і той жа пароль для розных сайтаў? Ці выкарыстоўваюць яны прылады накшталт LastPass, каб захоўваць там свае паролі?
 
2. Асабістая інфармацыя. Асабістая інфармацыя – гэта дадзеныя, якія могуць быць выкарыстаныя, каб ідэнтыфікаваць чалавека. Ці ведаюць вучні, як абараняць персанальныя дадзеныя накшталт хатняга адрасу, электроннай пошты, нумара тэлефону? Каб даведацца пра ўрокі на гэтую тэму больш, я рэкамендую прачытаць вучэбныя планы на Common Sense Media.
 
3. І яшчэ пра асабістую інфармацыю. Нават калі па нумару тэлефона брата ці сястры дзіцяці, альбо яго любімай ежы, немагчыма адразу ідэнтыфікаваць чалавека, усё роўна адсочвайце, з кім вы такой інфармацыяй дзеліцеся.
 
4. Фотаздымкі. Ці ёсць на здымках пэўныя прыватныя дэталі тыпу вулічных указальнікаў? Ці ведаюць вучні, як адключыць функцыю геатэгаў? А пра тое, што ёсць праграмнае забяспечанне, якое можа высветліць іх месцазнаходжанне па такіх параметрах, як геаграфічныя даўгата і шырата, нават калі гэтыя лічбы ў малюнку не пазначаныя? Урок па абароне персанальных дадзеных такога кшталту можна паглядзець тут.
 
5. Уласнасць. Ці валодаюць вучні паняццямі «Аўтарскае права»», «Ліцэнзіі Creative Commons» і тым, як ліцэнзаваць сваю працу? Ці паважаюць яны правы тых, хто стварае інтэлектуальную ўласнасць? Шмат хто з нас бярэ малюнкі з Google, і забывае нават падпісваць іх аўтарства. Мы мусім навучыць дзяцей, што Google збірае выявы з шмат якіх крыніц. Таму трэба заходзіць на сайты-праваўладальнікі фота, правяраць, ці даюць яны дазвол на выкарыстанне гэтых выяў і калі так, абавязкова пазначаць першакрыніцу.
 
6. Дазвол на выкарыстанне матэрыялаў. Ці ведаюць вучні, як браць дазвол на выкарыстанне прадуктаў працы іншых аўтараў?
 
7. Абарона. Ці разумеюць вучні, што ў інтэрнэце ёсць вірусы, шкодныя праграмы, «фішынг», злодзеі, якія крадуць асабістыя дадзеныя, і тое, як працуюць гэтыя рэчы?
 
8. Прафесіяналізм. Ці разумеюць вучні, што чалавек можа прадстаўляць сябе ў сацыяльных сетках не тым, кім ён з’яўляецца на самой справе? Ці валодаюць вучні асновамі сеткавага этыкету і анлайн-граматыкі? Ці разумеюць вучні пэўныя культурныя табу і ведаюць, як размаўляць у сеціве з людзьмі з розных куткоў планеты?
 
9. Персанальны брэнд. Ці асэнсоўваюць вучні, як чытаюцца іх паводзіны ў сеціве? Ці разумеюць яны адказнасць за той кантэнт, які распаўсюджваюць у сацыяных сетках?
 
 
Практыка
На працягу навучальнага года я закранаю гэтыя пункты на ўроках і класных абмеркаваннях, але адных толькі размоваў не дастаткова. Патрэбен практычны вопыт. Вось як я яго даю.
 
Практыкаванне "Праўда ці хлусня". Шукаю на сайтах навіны, якія могуць выглядаць дзіўна ці ілжыва, але на самой справе з’яўляюцца праўдай. Або наадварот. Гэта практыкаванне – добрая падстава для размоваў пра фэйкавыя навіны, махлярства і шляхі іх перадухілення.
 
Практыкаванне "Вучні-настаўнікі". Дайце вучням заданне стварыць прэзентацыю пра тое, як людзі могуць абараніцца ў лічбавай прасторы, вызначыць дзеянні, якія могуць быць жульніцкімі. Пры падрыхтоўцы такіх матэрыялаў вучні паглыбляюцца ў тэму, а значыць, становяцца больш пільнымі ў лічбавым свеце.
 
Дзеці павінны ведаць, як працаваць з інфармацыяй у інтэрнэце, як яе распаўсюджваць. Напрыклад, у маім класе ёсць блог у інтэрнэце, які вучні вядуць разам, а таксама практыка, калі дзеці публікуюць свае працы і прэзентацыі на спецыяльных рэсурсах. Галоўнае ў медыяадукацыі – гэта надаваць больш увагі практычнаму боку навучання, бо гэтыя прыёмы і ўменні магчыма засвоіць па-сапраўднаму толькі на практыцы.