Майстар-клас Наталлі Катчанка «Медыйныя навыкі вучняў» на EdCamp Belarus (ВІДЭА)

Дыскусіі пра лічбавы разрыў паміж вучнямі і настаўнікамі – тэма, якую будуць абмяркоўваць яшчэ доўга. Але нягледзячы на тое, што ўменне абыходзіцца з гаджэтамі ў сучасных дзяцей і падлеткаў з маленства, іх адмыслова трэба вучыць медыяграматнасці. Наталля Катчанка, настаўніца англійскай мовы Нясвіжскай гімназіі, на Першай неканферэнцыі для беларускіх настаўнікаў EdCamp Belarus распавяла пра медыйныя навыкі вучняў для розных ступеней адукацыі (першай, другой і трэцяй). У майстар-класе аўтарка падрабязна тлумачыць пра асаблівасці інтэрпрэтацыі інфармацыі, спосабы маніпуляцыі ў рэкламе (вельмі цікавая частка!), этапы стварэння ўласнага медыйнага прадукту.
 
«Як настаўнік англійскай мовы, я сутыкаюся з тым, што дзеці не ўмеюць працаваць са слоўнікамі. Вельмі часта чую на сваіх уроках фразу «не пераклалася». Не пераклалася– гэта калі пэўны тэкст забіваецца ў Google translate і ўсе гэта перакладаецца. У сучасных дзяцей губляецца навык таго, што можна проста адкрыць папяровы звычайны слоўнік, знайсці па алфавіту літары і словы», – дзеліцца спікерка.
 
Да асноўных медыйных уменняў, якія, па словах Наталлі, мы можам фарміраваць у вучняў пачатковай школы, адносяцца:
- Уменне карыстацца электроннымі друкаванымі слоўнікамі;
- Уменне карыстацца рэсурсамі школьнай бібліятэкі, самастойна выбіраць літаратуру і іншыя крыніцы;
- Уменне граматна фармуляваць запыт;
- Разуменне таго, што інфармацыя з розных крыніц можа адрознівацца;
- Разуменне сувязі паміж характарам паведамлення і адрасатам.
 
Асноўныя медыякампетэнцыі вучняў другой ступені – уменне правяраць інфармацыю і разумець наступствы ад выкарыстання недакладнай інфармацыі, уменне граматна фармуляваць запыт і ладзіць пошук, уменне калектыўна ствараць простыя тэксты і мультымедыйныя прэзентацыі з дапамогай анлайн-інструментаў. Падрабязней па тэме медыяадукацыі глядзіце ў майстар-класе «Медыйныя навыкі вучняў»: