Калі казаць пра цуд фінскай сістэмы адукацыі, яго формула такая: фінская дзяржава давярае настаўнікам, настаўнікі давяраюць дзецям, а бацькі давяраюць школе.
Гісторыя прыезду ў Мінск фінскага настаўніка – былога дырэктара, а цяпер пенсіянера Кары Лоўхівуоры – мела свой сюжэт. Кампанія А-100 запрасіла яго як эксперта і вырашыла арганізаваць дадатковую сустрэчу з настаўнікамі. Аднак за некалькі дзён ахвочых зарэгістравалася больш за 2 тысячы. Арганізатары, за што ім вялікі дзякуй, знайшлі магчымасць замовіць вялікую залю і даслалі ўсім лісты пра змену месца сустрэчы літаральна за дзень. Але зарэгістравацца – гэта адно, а знайсці час у працоўны дзень – зусім іншае. Ніхто не верыў, што народу прыйдзе шмат. Тым не менш, амаль паўтаратысячная заля была цалкам запоўнена і вядоўца са сцэны прасіў пацясніцца.
Заля КЗ "Мінск" за 20 хвілін да выступу Кары Лоўхівуоры
Зрэшты, калі людзі, якіх хвалюе стан адукацыі, пабачылі, колькі іх сабралася, то фінскі настаўнік мог бы і не выходзіць на сцэну. Цяпер мы дакладна ведаем, што нас – шмат, і настаўнікі ясна засведчылі свой еўрапейскі цывілізацыйны выбар. На сустрэчу прыехалі настаўнікі з Паставаў, Століна, Барысава, Маладзечна… Прысутныя рэальна адчулі, што “Жыве Беларусь!” – гэта не лозунг, а канстатацыя факта.
Пра тое, што гаварыў фінскі педагог, можна пачытаць у журналістаў, паглядзець відэа. (тут, тут, тут)
Ды і ідэі, якімі ён дзяліўся, для нашых настаўнікаў не новыя. Напрыклад, тэхналогію актыўнай ацэнкі, пра якую распавядаў фін, ужо 9 гадоў укараняюць у практыку нашы педагогі. Аб’яднаныя ў грамадскія арганізацыі і ініцыятывы, настаўнікі вядуць навучанне “роўны вучыць роўнага”, дзеляцца досведам, запрашаюць адзін аднаго на семінары, урокі, вядуць курсы дыстанцыйнага навучання і дыстанцыйнай падтрымкі для калег-практыкаў, пішуць дапаможнікі... Каб не састарэлае заканадаўства і не перашкоды міністэрскіх структур ды цётак з выканкамаў, даўно наша школа мела б сучасны навучальны працэс.
Розніца з Фінляндыяй у тым, што наша дзяржава не давярае настаўніку.
Фінская дзяржава разагнала кантрольныя органы яшчэ ў 70-я гады, абвясціўшы “In teachers we trust!” (Мы давяраем сваім настаўнікам!) а ашчаджаныя грошы пайшлі на павышэнне заробкаў настаўнікам. Прафесія стала прэстыжнай, туды пайшлі лепшыя людзі. А лепшых можна і не кантраляваць, і не вучыць, яны самі ўсё зробяць дзеля прафесійнай самарэалізацыі. Абы ім не перашкаджалі, а то сыдуць з прафесіі. У нас жа наадварот. З усіх занятых у сферы адукацыі толькі 42% выкладаюць. Хто астатнія 250 тысяч чалавек? На кожнага педагога па кантралёру?
Грамадзяніна з такімі якасцямі чакае Фінляндыія ў будучыні. (Слайд з прэзентацыі К. Лоўхівуоры)
Адразу скажу, што фін Кары зрабіў сваю справу – ён паказаў нам сябе, шлях пабудовы краіны, у тым ліку і адукацыі. Грамадзянская супольнасць – гэта і ёсць самаарганізацыя грамадства для вырашэння праблем. Вось і мы ўбачылі, што маем сацыяльна адказныя бізнэс-структуры, рэальныя, а не дэкаратыўныя грамадскія арганізацыі, жывую настаўніцкую супольнасць – і ўсе яны здольныя супрацоўнічаць між сабой… Дзяржава, не перашкаджай! Мы ўсё зробім самі.
Эксперта з паважанай у свеце краіны, краіны – глабальнага лідара ў адукацыі запрасіў беларускі бізнэс, а не міністэрства адукацыі.
А міністэрства ў гэты час вядзе перамовы з рэтраградамі і з апошніх сілаў заганяе настаўнікаў на “адукацыйныя” семінары да дзіўнаватых расійскіх самазваных акадэмікаў, якія не могуць двух слоў пісьменна звязаць, але ў суправаджэнні «смотрящих» з рускага міру ездзяць па школах, пад выглядам інавацый укараняюць замшэласць і невуцтва на зацверджаных мінінтэрствам інавацыйных пляцоўках.
Але беларускія настаўнікі рэагуюць на гэтыя “інавацыі” з усходу нашай знакамітай дуляй ў кішэні. Ёсць надзея, што тыя інавацыйныя пляцоўкі „духоўнасці“, “педагагічнай эрганомікі” і ўсякага іншага ўра-патрыятызму таксама працуюць толькі на паперы. Але ж менавіта яны адымаюць у настаўніка час і сілы, якія можна было б накіраваць на сапраўдныя інавацыі, на карысць для дзяцей.
Арганізаваць нешта жывое, падобнае да гэтага спантаннага курсу павышэння кваліфікацыі для паўтары тысячы чалавек, міністэрству адукацыі не пад сілу. У яго не засталося ні аўтарытэту, ні ўлады, ні кадраў. Засталося толькі жаданне (ці загад?) перашкаджаць прагрэсу і натуральнаму ходу падзей.
Мінстэрства адукацыі не можа падрыхтаваць ані якасны падручнік, ані законапраект аб зменах у Кодэкс аб адукацыі, ані нават адказаць на адкрытыя лісты настаўнікаў і бацькоў (тут, тут і тут), якімі перапоўненыя СМІ. У гэтым можна ўбачыць і плюс: ёсць вялікая імавернасць, што міністр Карпенка не справіцца і з сваёй галоўнай задачай – забяспечыць патрэбныя вынікі выбараў рукамі настаўнікаў. (Яго досвед кіраўнічай працы — на пасадзе першага сакратара камуністычнай партыі і старшыні Мінскай гарадской выбарчай камісіі.) І тады нарэшце ў нас з’явіцца свая дзяржава, якая будзе давяраць настаўніку.
Спіс ключавых кампетэнцый, зацверджаны фінскім Саветам па адукацыі як нацыянальная мэта для базавай адукацыі.
Сёння інфармацыйнае грамадства дазваляе настаўнікам не маўчаць, даносіць да публікі свае ідэі, агучваць патрэбы, а бізнэсу за лічаныя гадзіны арганізаваць нешта карыснае для масавай адукацыі — як гэты майстар-клас або нядаўні восеньскі педагагічны ЕdCamp. Дзякуй, А-100, дзякуй, Юры Мельнічак, за гэтыя падзеі! Вы рэабілітуеце беларускі бізнэс, паказваеце іншым прыклад разумення, што адукацыя – гэта наша агульная справа, бо спадзявацца на дзяржаву не выпадае.
Так што – нармальная ў нас краіна! Засталося толькі здабыць свабоду: для бізнэсу – эканамічную, для настаўнікаў – прафесійную, для ўсіх – свабоду выбіраць такую ўладу, якая не перашкаджае, а стварае ўмовы для развіцця.
Тамара Мацкевіч
19.01.2018