Серыяламанія захапіла вольны час дарослых, дзяцей, падлеткаў. Абмяркоўваць эпізоды, герояў, чакаць выхадаў новых сезонаў і бавіць час за праглядам анлайн-бібліятэк – стандартнае моладзевае і не толькі хобі. Разам з тым даказана, што серыялы прызваны праграмаваць паводзіны людзей. Як гэта атрымліваецца, што серыялы адцягваюць увагу ад важных праблем, як заахвочваюць моладзь для вывучэння навук, якія, увогуле, задачы выконваюць?
Калі ХХ стагоддзе было стагоддзем кіно, то ХХІ – гэта стагоддзе серыялаў. Менавіта яны кіруюць нашымі галовамі. Большасць серыялаў ствараюцца з мэтай кіраваць паводзінамі вялікіх мас людзей, уплываць на фарміраванне грамадскай думкі. Стваральнікі серыялаў выконваюць адмысловыя замовы тэлеканалаў – навучальныя, камерцыйныя, электаральныя.
Галоўны «кручок» серыялаў – эмоцыі. Каханне, нянавісць, здрада – фон для перадачы сэнсаў. У серыялаў есць і камерцыйная роля – прадаць рэкламу, яўную ці прыхаваную. Прыклад электаральнай задачы серыялаў – паводзіны галоўнай гераіні серыялу «Проста Марыя». Менавіта яе прыклад быў прызваны бароцца з жаночым беспрацоўем і непісьменнасцю ў Лацінскай Амерыцы. Прыклад гераіні падштурхнуў мільёны жанчын пачаць вучыцца і шукаць працу.
Серыялы – жанр мастацтва, які развіваецца, робіцца прафесійна і на высокім узроўні. Гэта па-сапраўднаму выдатна, але заўсёды трэба распазнаваць і асэнсоўваць, хто і з якой мэтай іх распаўсюджвае і дэманструе.