Чаму расійскія серыялы небяспечныя для псіхікі

Ева Вежнавец, 10.02.2018 г. 
Ідэалогія расійскіх серыялаў незаўважна ўтрымлівае мужчын і жанчын у выгадных ролях салдата імперыі і мацеры, якая абслужыць салдата і народзіць новыя шэрагі байцоў і мацярок.
 
Колькасць расійскіх серыялаў узрасла ўдзесяцера

Тэлевізійнае «мыла» ўвайшло ў жыццё масавага постсавецкага гледача ў 1990-я. Пачалося ўсё з «Рабыні Ізаўры» і «Багатыя таксама плачуць». Паводле Еўрапейскай аўдыявізуальнай лабараторыі, у 1997-м годзе ільвіная доля серыялаў на расійскім тэлебачанні была імпартнай. Пад 90% расійскай серыяльнай прадукцыі складалі савецкія хіты 70-80-х: «Сямнаццаць імгненняў вясны», «Цені знікаюць апоўдні», «Знаўцы» і гэтак далей.

Пераломнымі сталі 1997—98 гады, калі на экраны лінулі расійскія крымінальныя серыялы кшталту «Брыгады» ды «Мянтоў». Замена імпартнага кантэнту на расійскі ішла бліскавічна. У 1999-м у прайм-тайм вядучыя расійскія тэлеканалы перадавалі 28 еўрапейскіх, 20 савецкіх, 10 расійскіх і 41 амерыканскі серыял. А ўжо ў 2001-м расійскіх серыялаў стала 46, амерыканскіх — 17, еўрапейскіх — 21, савецкіх — 0,5.

Замена працягваецца, кожнаму з буйных расійскіх тэлеканалаў патрабуецца не менш за 300 гадзін свежай «серыялінкі» на год. Сёння расійскія студыі штогод вырабляюць больш за 4000 гадзін серыялаў, без уліку фільмаў. Калі на пачатку стагоддзя серыялы займалі каля 10% эфірнага часу, то цяпер — каля 30%. Кожная трэцяя хвіліна эфіру федэральных каналаў — серыяльная. Пры гэтым замежныя серыялы з тэлесеткі практычна зніклі.

Што прапагандуюць расійскія серыялы?

Серыялы ўздзейнічаюць на свядомасць, падсвядомасць, вызначаюць узоры паводзін асобы і грамадства, фармуюць этычныя і эстэтычныя выбары. Гэта вялізны і пажыўны абшар для маніпуляцыйных стратэгій: палітычных, светапоглядных, каштоўнасных. Так па ўсім свеце. Пытанне ў тым, як ужытая гэтакая магутная зброя. Агрубляючы да публіцыстыкі, можна сцвердзіць: калі заходнія серыялы займаюцца сацыяльнай інжынерыяй з мэтай «прапіхнуць» ідэі, што агрэсія і насілле — гэта зло, што жанчыны роўныя з мужчынамі, што людзей трэба паважаць незалежна ад колеру скуры ці сэксуальнай арыентацыі, што прыроду трэба берагчы, то чым займаюцца расійскія?

Перш чым адказаць на гэтае пытанне, задумаемся, чым для людзей так прыцягальныя серыялы.

А) Людзі хочуць інтрыгі ў сваё руціннае штодзённае жыццё, але інтрыгі бяспечнай, неінвазійнай, «прыгод і эмоцый на канапе».

Б) Хочуць бачыць знаёмае жыццё, пазнавальныя сацыяльныя тыпы і праблемы, прыроду, звычаі, побыт. Паколькі беларускіх серыялаў няма, а жыццё ў расійскім сацыяльным і культурным полі няўмольна збліжала савецкія народы, нашы гледачы працягваюць засвойваць расійскія рэаліі і атаясамлівацца з Расіяй. Адтуль прыходзяць моды, манеры, гутарковая мова, стаўленне да сваіх і чужых межаў, асабістай прасторы. Гатовыя ўзоры паводзін.

В) Людзі хочуць атрымаць ілюзію стабільнасці і несмяротнасці, а серыял (разам з рэкламнымі паўзамі, якія паказваюць каляровы і аптымістычны свет спажывання дабротаў) такую ілюзію стварае як нішто.

Г) Людзі хочуць справядлівасці. Паколькі свет вакол цябе яе амаль не пастаўляе, серыяльныя хэпі-энды даюць прынамсі яе сурагат.

Д) Дыялогаў, узаемаадносін паміж людзьмі, што ў нашым атамізаваным, запалоханым, застрэсаваным, закрытым грамадстве даюць тэрапеўтычны эфект.

Іншымі словамі, перажыўшы столькі крушэнняў, бедстваў, перажыўшы змену карціны свету, апынуўшыся сам-насам з жыццём пры маленькіх рэсурсах, чалавек «становіцца змрочны, раздражняльны, часам нават захворвае псіхічна» (Эрык Берн). Таму ніякія снабістычныя заклікі «перастаньце есці мыла» не адцягнуць гледача ад экрана.

Расійскія серыялы мантуюць нам чужы культурны код

І гэты працэс амаль завершаны. Складана вінаваціць Расію, што яна мантуе свядомасць сваіх падданых. Але не можа не мець жалю да той квазірасійскай, псеўдабеларускай дзяржавы, якую мы маем цяпер. У выніку яе цывілізацыйнага выбару і рэпрэсіўнай палітыкі беларускі культурны код падмяняецца. Як і чым — пытанне для сур’ёзнага даследавання. У маю кампетэнцыю гэта не ўваходзіць, зазначу толькі некалькі момантаў як глядачка.

Мы не імперыя, мы не ваюем

У расійскіх серыялах любога гатунку частым героем з’яўляецца «мужык», які «прайшоў гарачыя пункты», «вынес камандзіра з-пад агню», «узяў агонь на сябе». Цяпер, у мірным жыцці, гэты «камбат бацяня» ваюе з мафіяй, карупцыяй, а часта — з уласнай жонкай, кампенсуючы скалечаную псіхіку і ПТСР (посттраўматычнае стрэсавае расстройства).

Гледачу прапаноўваюць зразумець рэзкага, справядлівага мужыка, які столькі перанёс, што цяпер можа гнабіць жонку і даваць па карку сыну-падлетку. Жанчыне пры гэтым паложана глядзець жалобнымі ўсёдаравальнымі вачыма Адзігітрыі, прытуліўшыся да лядоўні ў сітцавай сукеначцы і фартушку.

У 2014—2016-м мне трапіліся тры такія сюжэты, і найбольш уразіў той, дзе пакутную бітую жонку ўратаваў заможны бізнэсовец, звёз яе і сына ў Маскву. Аднак ахвярнай жанчыне спакойнае жыццё ў дабрабыце хутка ўстыла, і яна вярнулася да свайго малатабойца. Той раскаяўся, вылюднеў і перастаў згнюшчацца з сямейства — дзякуючы сіле яе любові.

Гэты ўзор крайняй жаночай пакорлівасці, на маю думку, ніколі не быў уласцівы нашай ментальнасці. Літвінскія і беларускія жанчыны не сядзелі замкнёныя ў церамах, не цярпелі «снохачества» і збіцця як абавязковай атрыбутыкі замужжа. Князёўна Рагнеда, Еўфрасіння Полацкая, Магдалена Радзівіл, Вайтоўна, Эмілія Плятэр, Бандароўна — вось фігуры, якія існавалі ў беларускім калектыўным уяўленні. Дадамо сюды фальклорных і літаратурных гераінь — і там пануе вобраз непакорлівай, «сварлівай бабы», «вядзьмаркі» Станіславы, якую не так і проста ўскаціць на лаву.

Апрычнік як узор мужчынскасці. За каменнай сцяной

Вернемся да паводзіннага ўзору мужчыны з расійскіх серыялаў.

Імперыя павінна захопліваць і бараніць захопленае. Таму яе героем з’яўляецца не толькі ваяр, але і мент, апрычнік, сілавік. Без гэтай фігуры імперыі не ўтрымацца ні на захопленай зямлі, ні ў захопленай свядомасці. Адгэтуль такая колькасць фільмаў пра герояў-НКВДшнікаў, чэкістаў, ФСБшнікаў, мянтоў, спецназаўцаў. Не, ЧК, НКВД, КГБ, ФСБ не стралялі ў патыліцы, не ўзрывалі дамоў, не цкавалі дысідэнтаў — яны трымалі краіну і знішчалі тэрарызм. Бераглі граніцы.

У той жа час іх чакалі дома верныя і прыгожыя жонкі, Адзігітрыі з журботнымі вачыма, у атачэнні абажураў з кутасікамі над круглым кухонным сталом, сурвэтачак, патэфончыкаў. Нашмат спакайней і цяплей глядзець серыял пра доблесных чэкістаў, якія б’юць «лясных братоў», «бандытаў», «тэрарыстаў», чым салідарызавацца з героямі «Жоўтага пясочку» Быкава. Ці вязнямі ГУЛАГу. На матэрыяле пра нелюбімых, таемна забітых і выкінутых на маргінэс жыцця «мыльную оперу» зрабіць цяжка.

Гукавая і асабістая прастора ў расійскіх серыялах

Сяргей Даўлатаў, яшчэ 1970-х, з’ехаўшы на Захад і спрабуючы з настальгіі глядзець савецкае кіно, дзівіўся, чаму там столькі шуму. Усе равуць, крычаць, усе на істэрыцы, нават вераб'і цвыркаюць з выклікам і надрывам.

Гэта тое, што больш за ўсё ўражвае непадрыхтаванага гледача ў расійскіх серыялах.

Прыехаўшы са спакойнай, стрыманай Еўропы ва ўсё яшчэ ціхую, маўклівую, індывідуалістычную Беларусь і ўключыўшы тэлевізар, апынаешся ў вельмі неўратычнай рэчаіснасці расійскага тэлебачання. Градус істэрыі зашкальвае не толькі ў ток-шоу (якія ўвогуле немагчыма глядзець), але і ў серыялах. Героі размаўляюць на падвышаных танах ужо з парогу, прычым з вясёлай злобаю і свойскім хамствам.

Маці да 9-гадовага сына:

— Мишка, не испытывай моё терпение, а то сейчас получишь у меня. Мішка, иди домой, обедать пора. Мишка, ну что за оболтус, сколько можно, сейчас как дам больно!

Ля ганку стаіць 18-гадовая сястра Мішкі са сваім кавалерам, умільна ўсміхаюцца. «Замуж твоей матери надо, молодая она ещё», — кажа кавалер. Цяжка ўявіць, што абрушыцца на галаву беднага Мішкі, калі там аб’явіцца яшчэ і матчын муж. «За её напускной суровостью скрывалась золотая душа», — чытаем у расійскай літаратуры. Навошта хаваць дабрыню пад хамствам? «Не даёт ответа».

Героі часта звяртаюцца адно да аднаго, як прыгонныя: Люська, Мішка, Пашка, Наташка, Віцёк, Валёк. Якія ўжо там гаспажы, таварышы, грамадзяне ці спадарычны. Страчана нават савецкая традыцыя ветлівых зваротаў.

Пажылая жанчына прыходзіць да фельчаркі.

Фельчарка, фарбуючы вусны:

— Да твоей спине, Ивановна, уже никакая мазь не поможет, старая ты уже! І вообще, у меня обед, жди.

Ясна, тып «сцерва». Сучасны расійскі серыял падае нам два асноўныя жаночыя тыпы — агрэсіўную фатальную жанчыну, сцерву, меркантыльную кар’ерыстку і тую самую Адзігітрыю, «верную сяброўку чалавека», чыё шчасце — у рамантычным каханні, прыналежнасці да мужчыны, рэпрадукцыйнай працы, побытавым і эмацыйным абслугоўванні сям'і. 

Хлопец да дзяўчыны: «У нас в роду все однолюбы. Всё, попала ты. Я без тебя жить не могу. Я тебя никому не отдам. Ты у меня ничего тяжелее цветов носить не будешь». І не аддасць, і не адпусціць, і не даруе, калі што. З такога культу хворага рамантычнага кахання-прыналежнасці і выцякае масавы хатні гвалт, ад якога церпяць мільёны расійскіх сем’яў (дзевяць тысяч забойстваў жанчын на год).

Жанчына, якая застаецца па-за тэрыторыяй кахання і замуства, «поливает подушку слезами». Яна бракаваная, пустацвет. Вось прадавачка з вясковай крамы (тып «сцерва») звяртаецца да брата-рэкрута:

«Привези мне жениха из армии. Тут одни малолетки, я что, должна до старости куковать? Пойду в лес, может хоть чудище лесное меня полюбит».

Другая, бізнэсоўка, жаліцца сяброўцы: «Квартира, машина, всё сама заработала, но счастья это мне не принесло. Всё одна да одна».

Жанчыны-сцервы і «харошыя жанчыны» ў фільмах пастаўленыя ў сітуацыю саперніцтва за мужчыну як за рэсурс. Выйграе харошая, сцерва рыдае ў падушку. Сцэна між сяброўкамі на фоне песні «Ожидала я, всю жизнь ждала тебя в тоске».

Сцерва: — А помнишь, ты же актрисой хотела стать.

Харошая: — Да я и так счастлива: семья, хозяйство, детишки растут, работа есть, мама и папа близко.

Сцерва: — А я вот мечтаю модный ресторан открыть.

Харошая: — Да ты скорее в космос полетишь, пошли вон лучше в баню, модная ты моя.

На здаровы глузд, так размаўляюць міжсобку не сяброўкі, а варагіні. Так паказаныя адносіны паміж людзьмі заблытваюць камунікацыю, псуюць грамадскія манеры, замінаюць ідэнтыфікацыі адносінаў. Хто гэты чалавек, які грубіць табе і абясцэньвае твае мары? Як ён да цябе ставіцца?

Часта і незаўважна праходзіць эйджызм: «бабий век — сорок лет».

Жанчына гадоў 35—45 да дачкі: «Всё для тебя, детка, мне уже ничего не надо, я своё отжила».

А вось павучальная сцэна, як рэагаваць на дамаганні начальніка:

Медсястра: — Можно мне переночевать в ординаторской? Меня с квартиры погнали.

Загадчык аддзялення: — А что мне за это будет?

Медсястра: — В смысле?

Загадчык: — Мужчина и женщина всегда договорятся.

На гэтым загадчык упіхвае сястру ў пакой і пачынае абмацваць. Ёй на дапамогу прыходзіць старэйшая сястра, з разраду «харошых» жанчын. Яна забірае маладуху з лап доктара, абяцае наступным разам паскардзіцца галоўлекару, а каляжанцы кажа:

— Да не бери ты в голову. Он безобидный, я с ним давно работаю. Так, шалит только, Ромео в нафталине.

Ідэалогія расійскіх серыялаў незаўважна ўтрымлівае мужчын і жанчын у выгадных ролях салдата імперыі і мацеры, якая абслужыць салдата і народзіць новыя шэрагі байцоў і мацярок.

Для мяне таксама крыкам крычыць нямая адсутнасць у фільме «іншародцаў». У расійскім грамадстве больш за 100 нацый і народаў. Але марна шукаць іх прадстаўнікоў у галоўных ролях. Ну, хіба толькі ў ролі камічных гастарбайтараў ці грозных мафіёзі. У канцэпцыю імперскай нацыі падпарадкаваныя народы ўпісваюцца толькі як маргінальныя каларытныя персанажы або як пераадольнае зло.

Дзве нацыі

Часам дома мне ўдавалася глядзець і заходнія серыялы, амаль не прыцягваючы ўвагі санітараў. Мая суглядачка Ніна вытрымлівала хвілін з пяць, кажучы: «Яны ў цябе нейкія нежывыя, як мокрае гарыць». Нашы трагікамічныя дыскусіі з Нінай пры тэлевізары былі рэдкія, але меткія. На яе патрыярхальную вясковую свядомасць дзівосна наклаліся ўзоры, зачэрпнутыя з расійскіх серыялаў. Вось у серыяле сустракаюцца 16-гадовыя хлопчык і дзяўчынка. Хлопчык праціскае, прадушвае, вывуджвае з яе сэкс. Урэшце дзяўчынка пагаджаецца, але застаецца «нячэснай», «падманутай» і з «прыбыткам».

Ніна: — Вось про**ядзь. І бацькі ж такія добрыя. Ну нічога, хай хлопчык на ёй павучыцца. Дзяўчына павінна саблюдаць чысціню да шлюбу!

Я: — А хлопцы не павінны саблюдаць чысціню да шлюбу?

Ніна: — На казаку няма знаку. А дзеўка ўжо будзе порчаная.

Я: — А з кім жа будуць любіцца хлопчыкі, калі дзеўкі будуць саблюдаць чысціню?

Ніна: — А во з **ядзямі з такімі.

Я: — Ніна, ёй 16.

Ніна: — 16, а ўжо зачасалася. Лепш бы вучылася і мацеры памагала.

Я: — Гэта яму зачасалася. А яна паддалася, бо думала, што каханне навек. Усе ж кажуць пра каханне навек.

Ніна: — Вось і трэба берагчыся да вянца. Галавой трэба думаць.

Я: — Ну вось ты збераглася. Давольная?

Ніна: — Ну я ж невінаватая, што ён п’яніца такі.

Я: — Сама жывеш цяжка, а на дзевачак абы-што вернеш. **ядзі-шмадзі.

Ніна: — А не **ядзі? 15 гадоў, а яна з пузам і не знае, хто бацька.

Я: — Як ёй знаць, яе на возеры п’яныя прыезджыя згвалцілі.

Ніна: — А чаго перціся на тое возера? Ну, я сваё аджыла, вы маладыя, вы самі думайце.

Я: — Ніна, ты за мяне старэйшая на тры гады.

Ніна: — Ой, не знаю я нічога з цяперашнім светам.

Беларусы, якія глядзяць заходнія серыялы, і беларусы, якія глядзяць расійскія, даўно жывуць нібыта дзве нацыі ў межах адной. І ой як цяжка быць ім разам. Няма згоды нават у вызначэнні рэчаіснасці, нават у бліжэйшых мэтах развіцця.