14.02.2018
Музей кнігі запрашае 25 лютага а 15 гадзіне дзетак 7–12 гадоў і іх бацькоў на музейныя заняткі “Кніжныя аправы” ў рамках серыі “Клуб кніжных прафесараў” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Удзельнікі сустрэчы даведаюцца, што “адзенне” кніг мянялася ў залежнасці ад эпохі. Пераплёт як важная частка кнігі за шматвяковую гісторыю прайшоў шэраг стадый развіцця як у тэхнічным, так і ў мастацкім дачыненні. Аправа перш за ўсё была прызначана для змацавання аркушаў кнігі разам, а таксама для захавання кніжнага блока ад пашкоджанняў і ўплыву часу. Аднак з часам яна робіцца і элементам мастацкага афармлення. На занятках будуць прадэманстраваны ўнікальныя аправы кніг, якія з’яўляюцца помнікамі кніжнага мастацтва свайго часу.
Якія былі аправы ў Сярэднявеччы? Хто мог дазволіць сабе мець дома кнігу ў скураным пераплёце з арнаментам з каштоўных камянёў? Хто быў заканадаўцам моды ў мастацтве пераплёту ў XV і XVI стагоддзях? Што такое суперэкслібрыс? Калі з’явіліся кнігі ў мягкай вокладцы? На гэтыя пытанні дзеткі атрымаюць адказы на занятках.
Мерапрыемства праводзіцца ў даступнай і займальнай форме. Пазнанне разнастайнасці кніжнай культуры адбываецца падчас дыялогу, гульняў і творчасці.
Працягласць – 60 хвілін.
Кошт заняткаў з матэрыяламі для творчага задання – 4 руб. 50 кап.
Месца правядзення: Нацыянальная бібліятэка Беларусі (Мінск, пр. Незалежнасці, 116).
Тэлефоны для даведак і запісу: (8 017) 293 27 82, (8 025) 994 21 12.