Перакулены ўрок гісторыі з медыяадукацыйным зместам распрацаваны і праведзены Віктарам Жуком, настаўнікам сярэдняй школы №11 г. Маладзечна.
Ідэя ўрока:
Тэма дае магчымасць зразумець, як успрымалася і асвятлалася ў медыя гідратэхнічная меліярацыя ў перыяд актыўнага яе правядзення, калі негатыўныя наступствы ўмяшання чалавека ў балотную экасістэму папросту ігнараваліся, і як змянілася ацэнка праведзеных у 1950 – 1970-я гг. меліярацыйных работ зараз, на сучасным этапе. Вучні атрымліваюць заданне: праглядзець гістарычны дакумент – старонку «Сельскай газеты» (№ 245 ад 22 кастрычніка 1966 г.). Крыніца: http://www.oldgazette.ru/sgazeta/index1.html,
і відэафрагменты (урывак з дакументальнай стужкі «Запаведнай сцежкай. Заказнік Балота Ельня», 2005 г. і архіўны ролік пра меліярацыю). Працуючы ў групах над аналізам медыятэкстаў, вучні шукаюць адказ на ключавое пытанне: Як успрымалася і асвятлалася ў медыя гідратэхнічная меліярацыя ў перыяд актыўнага яе правядзення у 1950 – 1970-я гг. і зараз, на сучасным этапе? Пры гэтым яны больш глыбока разглядаюць тэму ўрока, аналізуючы розныя пункты гледжання, што садзейнічае развіццю крытычнага мыслення і іншых медыя-інфармацыйных кампетэнцый.
Распрацоўка ўрока даслана аўтарам у якасці справаздачы курса дыстанцыйнага навучання "Медыяадукацыя ў школе" . Змяшчаем каментар ментара курса Алены Палейкі да гэтага ўрока.:
"Шаноўны Віктар. З каласальным задавальненнем прачытала Вашу бліскучую метадычную справаздачу. Усё вельмі гарманічна: дыягнастычна сфармуляваныя мэты вучэбнага занятку, аптымальна адабраныя медыятэксты, разнастайныя формы і прыёмы работы, выдатна рэалізавана перакульванне класа, арганічна ўключана ў навучанне медыяасяроддзе (чат у сацыяльнай сетцы з заданнямі). Віктар, з захапленнем адзначаю Вашу вялікую папярэднюю высокапрафесійную працу, якая і робіць урокі паспяховымі:
Шаноўны калега, асобны дзякуй за разгорнуты аналіз праведзенага ўрока. Каментары вельмі дапамогуць калегам, якія скарыстаюцца Вашай распрацоўкай. Дзякуй, што Вы адразу паклапаціліся пра дадаткі і даслалі матэрыялы ў комплексе. Выдатным медыяадукацыйным вынікам можна лічыць высновы, якія зрабілі вучні пасля яго правядзення: Вучні з першай групы, адказваючы на пытанне аб тым, ці можна давяраць разглядаемай крыніцы інфармацыі, выказалі меркаванне, што да гэтага паведамлення трэба ставіцца вельмі крытычна, ведаючы, што ва ўмовах цэнзуры савецкая прэса асвятляла толькі дасягненні савецкай эканомікі, у той час, як негатыўныя вынікі замоўчваліся. Другая група, адказваючы на аналагічнае пытанне, паспяшалася скарыстацца google-пошукам, каб высветліць, ці сапраўды Уладзімір Іваноўскі з'яўляецца арнітолагам і ці можа ён даваць экспертную ацэнку вынікам асушэння балот. Віктар, лічу Вашу распрацоўку метадычна дасканалай і рэкамендую яе на публікацыю ў рубрыцы “Медыякомпас” на сайце настаўнік.інфо." |