Святлана РУМЯНЦАВА. Ад інфарматыўных — да актыўных метадаў навучання

«Многія пакаленні вучняў выраслі на зазубрыванні вучэбнага матэрыялу, але тыя, хто крытыкуе ў сувязі з гэтым сучасную школу, не маюць рацыі», — лічыць настаўнік беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 горада Наваполацка, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года — 2017» Святлана РУМЯНЦАВА. Сваімі думкамі яна падзялілася з удзельнікамі падагульняючай калегіі Міністэрства адукацыі. Тэкст - "Звязда"
 
 
— Школа імкнецца навучыць дзяцей самастойна здабываць веды, навучыць вучыцца. Новыя праграмы і падручнікі — толькі адна з умоў, але вельмі важная. Мы, настаўнікі, вельмі рады таму, што Міністэрства адукацыі прыслухоўваецца да нашых канкрэтных прапаноў па іх паляпшэнні, заахвочвае да працы над вучэбнымі дапаможнікамі настаўнікаў-практыкаў. І выдатна, што тыя падручнікі, якія паступілі ў школы для вучняў 7 класа, адлюстроўваюць у адзінстве і логіку навукі, і логіку праграмы, і логіку развіцця асобы. Я хоць і з'яўляюся настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, але магу так казаць не толькі пра падручнік па літаратуры, бо водгукі калег (настаўнікаў іншых прадметаў) пацвярджаюць гэта. Новыя падручнікі — інфарматыўныя, наглядныя, яны звязваюць вучэбны матэрыял з дадатковай і сумежнай літаратурай, заахвочваюць да самаадукацыі і творчасці. На Нацыянальным адукацыйным партале ёсць магчымасць пакінуць як крытычныя заўвагі, так і слушныя прапановы па ўдасканаленні падручнікаў. Крытыкуючы — прапаноўвай! Калі мы будзем не толькі выказваць сваю незадаволенасць, а пастараемся разам вырашаць праблемныя моманты, то дасягнём вельмі многага.
 
Лічу, што спасылкі ў базавых падручніках, якія рыхтуюцца зараз, павінны быць не толькі на электронныя рэсурсы Нацыянальнага інстытута адукацыі, але і на распрацоўкі настаўнікаў-метадыстаў, іншых творчых настаўнікаў-практыкаў. Чым больш шырокі будзе банк даных, тым больш якасна будзе засвойвацца абноўлены змест адукацыі.
 
Вельмі важнай умовай для таго, каб навучыць дзяцей вучыцца, Святлана Румянцава лічыць і пераход ад інфарматыўных да актыўных метадаў навучання, якія ўключаюць элементы праблемнасці, пошуку, шырокае выкарыстанне рэзерваў самастойнай работы вучняў.
 
«Практыка сведчыць, што выбар тэхналогій на ўроку вызначаецца і наяўнасцю адпаведных сродкаў навучання, і асаблівасцямі вучняў, і часавым рэсурсам, і перавагамі настаўніка. Самым важным крытэрыем выбару, безумоўна, з'яўляецца мэтавая накіраванасць тэхналогіі «Для чаго?». Спашлюся на ўласны досвед: доўгі час вывучала і ўводзіла ў практыку работы тэхналогію развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, стратэгію актыўнай ацэнкі і магу з упэўненасцю сказаць, што яны дазваляюць максімальна задзейнічаць магчымасці, веды і інтарэсы вучняў для павышэння выніковасці навучальнага працэсу, развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцяў дзіцяці, — зазначыла Святлана Румянцава. — Таксама з уласнага досведу ведаю, што дапамагчы настаўніку ў авалоданні сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі можа пастаяннае самаўдасканаленне праз самаадукацыю».
 
— Будучых настаўнікаў трэба рыхтаваць у ВНУ ў практычным ключы, — дадала яна. — Падтрымліваць і дапамагаць ім на пачатку кар'еры. Развіваць на разнастайных метадычных мерапрыемствах. Менавіта тады спалучэнне высокай духоўнасці настаўніка, удасканаленага зместу адукацыі і сучасных адукацыйных тэхналогій дазволяць дасягнуць такой якасці адукацыі, якая будзе адпавядаць патрабаванням беларускага грамадства і дзяржавы.