Рэформа, якая на дзесяцігоддзі вызначыць адукацыйны ландшафт краіны, распачалася ва Украіне. Больш за тры гады доўжыўся публічны дыялог аб стратэгіі змяненняў у адукацыі. Дзясяткі дыскусій адбыліся на пляцоўцы парламенцкага камітэта па пытаннях навукі і адукацыі і ў Міністэрстве адукацыі і навукі Украіны. Адкрытасць была беспрэцэдэнтная. Да абмеркавання далучыліся прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых груп — педагогі, бацькі, работадаўцы, палітычныя сілы і органы ўлады, незалежныя эксперты, міжнародныя арганізацыі.
«Выпускнік украінскай школы не ўмее прымяніць атрыманыя веды ў жыцці. Ён як фаршыраваная рыба. Быццам бы і рыба, але не плавае», — вось так вобразна, але вельмі дакладна ахарактарызавалі сітуацыю ў адукацыі эксперты. Вынікам працяглага абмеркавання стаў закон «Аб адукацыі», прыняты ў канцы верасня мінулага года. Пра тое, якія ж змяненні чакаюць украінскую школу, Надзея Нікалаева (газета "Звязда") пагутарыла з загадчыцай кафедры методыкі навучання мовам і літаратуры Харкаўскай акадэміі неперарыўнай адукацыі, кандыдатам педагагічных навук, медыяпедагогам Галінай ДЗЕГЦЯРОВАЙ.
Ключавыя кампетэнцыі
— Давайце азірнёмся назад, — адразу прапанавала наша суразмоўніца. — Якім быў тэлефон сто гадоў таму і які функцыянал маюць смартфоны сёння? Якімі былі аўтамабілі і што мы сёння бачым на нашых вуліцах? А якім быў школьны клас стагоддзе таму? Ці моцна ён змяніўся? Тыя ж роўныя шэрагі з партаў, узнятыя вучнямі рукі, і ў цэнтры ўсяго дзейства знаходзіцца настаўнік — ён у класе галоўны.
Канцэпцыя новай украінскай школы з'явілася не на пустым месцы. Былі людзі, якім не ўсё роўна. Яны вывучылі еўрапейскі вопыт, узялі найлепшыя практыкі і паспрабавалі іх адаптаваць з улікам нашага менталітэту. Галоўнае — існавала разуменне, што цяперашнюю сістэму адукацыі трэба змяняць, прычым разуменне было як з боку простых настаўнікаў, так і з боку кіраўніцтва сістэмы адукацыі. Міністр адукацыі і навукі Украіны Лілія Грыневіч спасылалася на наступныя лічбы: праведзеныя даследаванні грамадскай думкі паказалі, што змяненняў менавіта ў сярэдняй адукацыі чакалі 76 % украінцаў, а станам цяперашняй школы былі задаволеныя толькі 10 % бацькоў і 15 % настаўнікаў.
У аснову ўсіх змяненняў ва ўкраінскай школе быў пакладзены кампетэнтнасны падыход. Усяго было выдзелена 10 ключавых кампетэнцый, здольных забяспечыць жыццёвы поспех моладзі ў грамадстве ведаў. Сярод іх уменне гаварыць і выказваць думкі на дзяржаўнай і роднай мове, валоданне замежнымі мовамі, матэматычная адукаванасць, якую можна прымяняць не толькі на ўроках матэматыкі, але і ў жыцці, кампетэнцыі ў прыродазнаўчых навуках і тэхналогіях, інфармацыйна-лічбавая кампетэнцыя, уменне вучыцца на працягу жыцця, агульнакультурная адукаванасць, экалагічная адукаванасць і здаровы лад жыцця; прадпрымальнасць, сацыяльная і грамадзянская кампетэнцыі. Усе пералічаныя кампетэнцыі аднолькава важныя і ўзаемазвязаныя. І кожную з іх вучні будуць набываць паслядоўна, пры вывучэнні розных прадметаў на ўсіх этапах адукацыі. Для прыкладу інфармацыйна-лічбавая кампетэнцыя — вельмі шырокае паняцце, якое ўключае не толькі ўпэўненае і адначасова крытычнае прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, але і інфармацыйную і медыяадукаванасць, работу з базамі даных, навыкі бяспекі ў інтэрнэце і кібербяспекі, разуменне этыкі работы з інфармацыяй. Агульнымі ж для ўсіх кампетэнцый з'яўляюцца такія ўменні, як крытычнае мысленне, здольнасць лагічна абгрунтоўваць сваю пазіцыю, ініцыятыўнасць, творчасць, уменне вырашаць праблемы, ацэньваць рызыкі і прымаць рашэнні, здольнасць да супрацоўніцтва ў камандзе. Як кажуць, можна чытаць на хуткасць, а можна — з разуменнем. Школа кампетэнцый — гэта чытанне з разуменнем.
Фота: unian.net.
Дыялог, а не маналог
Адзін з ключавых момантаў у рэформе школы — змяненне ролі настаўніка з аўтарытарнай на партнёрскую і арыентацыя на патрэбы вучняў. Пры аўтарытарнай педагогіцы настаўнік заўсёды мае рацыю. А вучань, які задае пытанні, — як правіла, нязручны вучань. Новая ж украінская школа якраз накіравана на тое, каб вучань думаў і задаваў пытанні. Педагогіка партнёрства — гэта дыялог, роўнасць бакоў, павага да асобы, добразычлівасць і пазітыўнае стаўленне, давер у адносінах. У яе рамках будуць выкарыстоўвацца метады выкладання, заснаваныя на супрацоўніцтве (гульні, праекты, эксперыменты, групавыя заданні і г. д.). Настаўнік павінен не проста весці ўрок, а рэалізоўваць мэты ўрока разам са сваімі вучнямі. Да таго ж школа партнёрства мае на ўвазе больш глыбокую ўцягнутасць сям'і ў пабудову адукацыйнай траекторыі дзіцяці.
— Украіна ў гэтым годзе, як, дарэчы, і Беларусь, упершыню будзе ўдзельнічаць у міжнародным даследаванні адукацыйных дасягненняў навучэнцаў РІSА. Ці хвалюецеся вы за вынікі?
— У нас ужо больш як дзесяць гадоў практыкуецца знешняе незалежнае ацэньванне, якое вызначае ўзровень ведаў выпускнікоў пры іх паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. І што было заўважана: найбольш складанымі для ўдзельнікаў тэсціравання з'яўляюцца заданні, дзе трэба працаваць з тэкстам. Цяперашняй моладзі ўласцівае кліпавае мысленне, яны чытаюць загалоўкамі, не ўнікаюць у змест. А ў даследаванні РІSА няма закрытых заданняў з варыянтамі адказаў. Адказ ты павінен вывесці сам. І значэнне мае тое, як ты да яго прыйдзеш. Падчас будучага даследавання акцэнт будзе зроблены менавіта на чытацкую адукаванасць. Яшчэ ў 2011 годзе быў запушчаны ўсеўкраінскі эксперымент па медыяадукацыі. Сёння мы якраз навучаем нашых выхаванцаў рабоце з тэкстам, а ім можа быць усё: і фатаграфія, і карціна, і рэклама, і дыяграма, і графік, якія пры наяўнасці ўменняў іх аналізаваць і крытычна ацэньваць могуць стаць крыніцай найкаштоўнейшай інфармацыі. Элементы медыяадукацыі інтэгруюцца ў школьныя прадметы. Таму будзе вельмі цікава даведацца, як украінскія падлеткі справяцца з тэстамі РІSА. Мы пачалі развіваць гэтыя жыццёва неабходныя ўменні і навыкі яшчэ да таго, як было прынятае рашэнне далучыцца да аўтарытэтнага міжнароднага даследавання, але вельмі добра, што цяпер зможам убачыць сябе на фоне іншых сістэм адукацыі.
Зазубрыў, адказаў і... забыўся?
— Дырэктар дэпартамента па адукацыі Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці (АЭСР), галоўны куратар РІSА Андрэас Шляйхер кажа, што, калі вучні сфакусіраваныя на запамінанні і рэтрансляцыі таго, што сказаў ім настаўнік, гэта працуе толькі пры вырашэнні больш-менш лёгкіх задач, а простае запамінанне ўжо не гарантуе поспеху.
— Я ўвогуле думаю, што настаўніку значна прасцей прачытаць на сваім уроку «лекцыю» ці прапанаваць вучням самім прачытаць параграф і адказаць на пытанні, што прыводзяцца ў канцы кожнага з іх. Але гэта не гарантуе ні разумення, ні нават запамінання. Чаму мы кажам, што ў аснове навучання павінен ляжаць кампетэнтнасны падыход? Таму што веды без практыкі нічога не вартыя, гэта ўсяго толькі абстрактныя літры ці кіламетры... Я асабіста не люблю самавучыцелі па той прычыне, што чалавек, які пакрокава выконвае алгарытм, не задумваецца над парадкам сваіх дзеянняў. А калі ты сам метадам спроб і памылак выводзіш свой алгарытм, то ён запамінаецца надоўга. У рэфармаванай школе мы будзем адыходзіць ад практыкі абцяжарвання школьнікаў вялікім аб'ёмам інфармацыі і навучання па прынцыпе «зазубрыў — адказаў — забыўся».
Рэформа ў нас распачынаецца з пачатковай школы. Літаральна месяц таму быў прыняты дзяржаўны стандарт для пачатковай школы і зацверджаны праграмы для першага і другога класаў. Усе настаўнікі, якія бяруць першакласнікаў, павінны прайсці перападрыхтоўку, таму што праца настаўніка радыкальна змяняецца. Рыхтуюцца трэнеры, якія ўжо ў сваім рэгіёне будуць рыхтаваць настаўнікаў да іх новай ролі. Створана адукацыйная анлайн-платформа для размяшчэння актуальных метадычных і дыдактычных матэрыялаў для педагогаў па асноўных прадметах, мультымедыйных падручнікаў і інтэрактыўных анлайн-рэсурсаў.
Між іншым, згодна з новым законам «Аб адукацыі» незалежнае ацэньванне цяпер будзе праводзіцца за час атрымання агульнай сярэдняй адукацыі тройчы: пасля заканчэння пачатковай школы (гэта значыць, пасля 4 класа), на выхадзе з базавай школы і ў выпускным класе на старшай ступені школы. Агульная сярэдняя адукацыя будзе 12-гадовай. Пачатковая школа — 1—4 класы, базавая — 5—9 класы і сярэдняя профільная адукацыя, якую можна будзе атрымаць у ліцэях ці ва ўстановах прафесійнай адукацыі, — 10—12 класы. Нягледзячы на яшчэ адзін год вучобы, нагрузка на школьнікаў павінна зменшыцца за кошт скарачэння абавязковых прадметаў. Калі зараз такіх дысцыплін у старшай школе 22, застанецца ўсяго 9. І вось гэтага многія настаўнікі вельмі баяцца. Бо сёння ў іх ёсць гарантаваная нагрузка, а ў будучыні невядома, ці выберуць вучні іх прадмет. Між іншым, захопленасць біялогіяй, геаграфіяй, хіміяй, літаратурай і гэтак далей пачынаецца менавіта з настаўніка: калі педагог дзецям цікавы, з павагай ставіцца да сваіх вучняў, то да яго пойдуць, больш таго, будуць бегаць за ім хвастом, а калі ўсе ўрокі ў яго аднолькавыя, падобныя адзін да аднаго, то наўрад ці. У будучыні прафесіяналізм педагогаў чакае сур'ёзнае выпрабаванне ў выглядзе ацэньвання іх намаганняў вучнямі... З'явяцца таксама і інтэграваныя дысцыпліны, якія даюць больш поўную карціну свету.
Фота: nikopol.net.ua.
Аўтаномія + адказнасць
— Але ваш закон дае і шмат свабоды настаўніку...
— Перш за ўсё яму будзе дадзена акадэмічная свабода. Установы адукацыі і педагогі змогуць самастойна распрацоўваць уласныя адукацыйныя праграмы (але яны павінны адпавядаць дзяржаўным стандартам), складаць навучальныя планы, выбіраць падручнікі, метады, стратэгіі, спосабы і сродкі навучання і выхавання. Настаўнік, які не хоча ці не можа распрацаваць уласную праграму, будзе выбіраць з прапанаваных, адаптаваўшы пад сябе і пад спецыфіку свайго вучнёўскага кантынгенту. Што датычыцца аўтарскіх падыходаў, то, магчыма, аўтарская праграма і методыка будуць абмяркоўвацца на ўзроўні школьнага метадычнага аб'яднання, а потым зацвярджацца педагагічнай радай. Мне здаецца, гэта самы аптымальны варыянт, хоць дакладны механізм яшчэ не прапісаны. Новая ўкраінская школа гарантуе свабоду выбару як вучню, так і настаўніку. Але свабода абавязкова цягне за сабой адказнасць. Знешняе незалежнае ацэньванне пакажа, наколькі апраўданымі і эфектыўнымі былі метады і падыходы канкрэтнага педагога. Настаўнік у новай школе фактычна становіцца цьютарам, мадэратарам індывідуальнай адукацыйнай траекторыі дзіцяці.
— Дырэктараў школ у вас цяпер будуць выбіраць?
— Кіраўніком можна быць не больш як 12 гадоў. Пажыццёвых дырэктараў больш не будзе. Кандыдат зможа выбірацца на пост дырэктара на два шасцігадовыя тэрміны запар, а потым або застацца працаваць у той жа ўстанове на іншай пасадзе, або прэтэндаваць на дырэктарства ў іншай. Мяркую, што такая выбарнасць пойдзе толькі на карысць...
Хачу зазначыць, што дзяржава гарантуе настаўніку свабоду ад умяшання ў яго прафесійную дзейнасць. Але разам з увядзеннем аўтаноміі будзе ўзмоцненая і адказнасць школы перад грамадствам за якасць адукацыі. Пры гэтым татальны дзяржаўны кантроль у выглядзе інспектавання заменіць грамадска-дзяржаўная сістэма забеспячэння якасці. Закон прадугледжвае поўную празрыстасць фінансавання ўстаноў адукацыі. У прыватнасці, апошнія будуць абавязаныя абнародаваць усе сродкі, якія паступаюць з бюджэту і з іншых крыніц.
— А якія вы бачыце самыя праблемныя моманты ў будучай рэформе?
— Прыняць новы закон «Аб адукацыі» — толькі палова справы. Але калі настаўнік не жадае змяняцца, не гатовы да інавацый, то рэформу можна адразу «пахаваць». Новая школа патрабуе новага настаўніка, які стане рухавіком перамен. Рэформай прадугледжаны шэраг стымулаў для яго асабістага і прафесійнага росту, каб залучыць у прафесію найлепшых, у тым ліку і паэтапнае павышэнне заробкаў.
Фота: 112.ua.
Я лічу вельмі важным, што павялічыцца колькасць мадэляў перападрыхтоўкі настаўніка: гэта могуць быць курсы пры інстытутах паслядыпломнай педагагічнай адукацыі, семінары, вэбінары, анлайн-курсы, канферэнцыі, самаадукацыя (прызнанне сертыфікатаў). Настаўнік, згодна з законам, атрымае права выбару месца і спосабу павышэння кваліфікацыі. Да таго ж закон прадугледжвае і добраахвотную сертыфікацыю на веданне прадмета і валоданне сучаснымі адукацыйнымі методыкамі. Тыя, хто яе пройдзе, атрымаюць сертыфікат на тры гады і надбаўку ў 20 % да свайго заробку. Сертыфікацыя будзе праходзіць у два этапы. Першы — тэарэтычны, падчас якога будуць правярацца веды па педагогіцы, псіхалогіі, методыцы выкладання, а другі — практычны, калі педагогу трэба будзе прадэманстраваць сваё педагагічнае майстэрства. Не сумняваюся, што адзін раз педагагічны феерверк зможа арганізаваць кожны, але паказальныя выступленні нікому не патрэбныя. Для мяне найбольш каштоўны — самы звычайны ўрок, калі відаць сістэма работы педагога. Таму, спадзяюся, што загадзя папярэджваць настаўніка пра візіт на ўрок ніхто не будзе. Педагогі, якія пройдуць сертыфікацыю, змогуць далей працаваць ментарамі і трансляваць свой прафесійны досвед. Наколькі я разумею, гэта наш аналаг вашай кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст».
Будаўніцтва новай украінскай школы — доўгатэрміновая рэформа. Пакуль што мы знаходзімся толькі ў самым пачатку. Галоўнае, каб нам хапіла сіл, цярплівасці і рэсурсаў...