Як настаўніца пачатковых класаў дапамагае дзецям засвоіць родную мову, выкарыстоўваючы настольныя гульні ВІДЭА

Настаўніца Наталля Галко распрацавала свае настольныя гульні, якія дапамагаюць дашкольнікам палюбіць беларускую мову.
 
 
У Наталлі 20-гадовы досвед заняткаў з дзецьмі ад 3 да 10 гадоў. Акрамя працы ў якасці настаўніцы пачатковых класаў, яна ўжо восьмы год займаецца з дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі ў адным з дзіцячых выхаваўчых цэнтраў Мінска.
 
«Шмат гадоў я займаюся падрыхтоўкай дзяцей да школы. І даўно ведаю, што найлепшыя вынікі дае комплексны падыход — калі на адным занятку вучыш чытаць, лічыць, развіваеш маторыку, увагу, логіку, творчыя здольнасці, — тлумачыць Наталля Галко. — Заняткі ў форме гульні — гэта самы эфектыўны метад працы з маленькімі вучнямі. Такое навучанне даспадобы і дзецям, і іх бацькам».
 
Гульні на сваіх занятках яна выкарыстоўвае ўжо на працягу некалькіх гадоў, толькі раней пісала літары і склады на кавалачках паперы, малявала ад рукі малюнкі, раздрукоўвала нарыхтоўкі на прынтары…
 
 
 
Захапленне ў вачах маленькіх вучняў падказала Наталлі, што яна рухаецца ў правільным напрамку. Надышоў час пазнаёміць з гульнямі шырокае кола дзяцей, бацькоў і педагогаў. Выкарыстаўшы свае шматгадовыя напрацоўкі, Наталля стварыла некалькі варыянтаў настольных гульняў, якія дапамогуць дзіцяці ў забаўляльнай форме пазнаёміцца з літарамі беларускага алфавіта, беларускімі назвамі раслін, жывёл, птушак, фарбаў і г.д. Настаўніца ўпэўненая, што яе прапанова спадабаецца і бацькам, і выхавацелям дзіцячых садкоў, і настаўнікам пачатковых класаў.
 
У сакавіку 2017 года Наталля Галко прэзентавала свой праект па стварэнні развіццёва-навучальных гульняў на беларускай мове на краўфандынгавай пляцоўцы «МаеСэнс», узяўшы удзел у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend. Але падтрымкі знаёмых і сяброў, якія дапамагалі распаўсюджваць інфармацыю пра яе праект «Мова — дзецям» у сацыяльных сетках, не хапіла для таго, каб праект прайшоў у чвэрцьфінал конкурсу і атрымаў фінансавую падтрымку.
 
«Вядома ж, я тады крыху засмуцілася, — узгадвае Наталля Галко. — Але словы падтрымкі, пачутыя ад сяброў, знаёмых і ад зусім незнаёмых людзей, натхнілі мяне і надалі ўпэўненасці. Я зразумела, што мае гульні будуць запатрабаваныя, што многія бацькі іх чакаюць. Я абышла ўсе вядомыя мне крамы з дзіцячымі гульнямі ў Мінску, але на беларускай мове на вочы мне не трапілася ніводнай. І я паабяцала сабе, што абавязкова здзейсню сваю мару і выдам уласныя гульні. Хай сабе і не так хутка, як можна было б са спонсарскай дапамогай».
 
 
 
Сімпатычны смоўжык жадае пазнаёміцца…
У хуткім часе крэатыўная настаўніца выканала абяцанне: на пачатку мінулага лета ў яе кватэры з’явіліся акуратныя стосы кардонных папак — надрукаваных на ўласныя грошы аўтарскіх гульняў. «Чароўныя алоўкі», «Блытаніна», «Пары па-беларуску», «Усё з і», «Падарожжа па Беларусі», «Хованкі з гномікам», «Пільныя вочкі». Усе гульні вельмі простыя і зразумелыя, ніякіх мудрагелістых правіл, якія маглі б адштурхнуць дзяцей. Перад пачаткам гульні бацькі мусяць разрэзаць нажніцамі кардонныя карткі — і ўсё, можна пачынаць. Усе беларускія гульні аб’яднаныя пазнавальным персанажам — зычлівым смоўжыкам у шаліку з беларускім арнаментам.
 
З «Чароўнымі алоўкамі» ваша дзіця само не заўважыць, як вывучыць назвы колераў па-беларуску. Гуляючы з гномікам у хованкі, хутка навучыцца складаць словы па складах. Гульня «Пары па-беларуску» — гэта яшчэ адна варыяцыя ўсімі любімай гульні «мема», якая складаецца з картак парнымі выявамі.
 
«Не трэба прымушаць дзіця чытаць! — упэўненая Наталля Галко. — Але калі разам з ім гуляць у цікавую гульню, вам нікога не давядзецца прымушаць. Пад уплывам станоўчых эмоцый веды засвойваюцца нашмат прасцей і хутчэй, чым пад прымусам. І бацькі, і настаўнікі гэта даўно ведаюць. З дапамогай гэтых гульняў мая сяброўка навучыла сваю пяцігадовую дачку чытаць за два месяцы».
 
…але давядзецца пачакаць
Адразу ж выявілася, што выданне аўтарскіх гульняў у Беларусі мае свае падводныя камяні.
 
«Па-першае, каб дзейнічаць законна, я мушу зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік, але ніхто ў падатковых органах, куды я звярталася, не змог мне выразна патлумачыць, які гэта від дзейнасці — а падаткі ж розныя! — распавядае Наталля Галко. — Па-другое, трэба мець сертыфікат на прадукцыю, які засведчыць, што гульні адпавядаюць усім гігіенічным нормам. Ён нятанны, да таго ж выдаецца ўсяго на некалькі гадоў. Па-трэцяе, патрэбныя сродкі на аплату працы мастака. Дый само выданне гульняў каштуе грошы…»
 
У пэўны момант Наталля зразумела, што не пацягне справы самастойна. Але яна была ўпэўненая, што яе гульні патрэбныя на айчынным рынку. І вырашыла звярнуцца ў некалькі выдавецтваў, нават калі страціць аўтарскія правы на свае распрацоўкі.
 
«У адным з выдавецтваў мяне адразу ж папярэдзілі — такія гульні наўрад ці можна будзе выдаць, бо яны не адпавядаюць патрабаванням дзяржаўнай нацыянальнай праграмы дашкольнага выхавання і адукацыі «Пралеска». Згодна з праграмай, 6—7-гадовыя дзеці толькі знаёмяцца з галоснымі і зычнымі літарамі як знакамі для абазначэння гукаў. У іх яшчэ толькі ідзе фарміраванне навыку пазіцыйнага чытання (цытата з праграмы). То бок вучыць дзяцей дашкольнага ўзросту чытаць яшчэ рана. Хоць ў нашым цэнтры ўжо практычна ўсе 5-гадовыя дзеці чытаюць».
 
Наталля Галко выкарыстоўвае свае гульні і на пазашкольных занятках у цэнтры, і ў першым класе на ўроках навучання грамаце і беларускай мовы. Некалькі яе калегаў, з якімі яна падзялілася гульнямі, карыстаюцца імі на ўроках і факультатывах па паглыбленым вывучэнні беларускай мовы.