Медыяграматнасць на ўроках гісторыі, фізікі, англійскай мовы

Падчас Міжнароднай школы медыяграматнасці ў Швецыі (Кальмар) 29 сакавіка 2018 г. прайшоў майстар-клас настаўнікаў Беларусі. Яго ідэя была ў тым, каб настаўнікі паказалі калегам працоўны дзень у школе – тры ўрокі і класную гадзіну. На кожным з урокаў настаўнік дэманструе прыклад інтэграцыі медыяграматнасці ў змест свайго прадмета.

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Віктар Жук прадэманстраваў невялікі фрагмент урока гісторыі ў 10 класе, дзе вучні аналізавалі розныя пункты гледжання на гістарычныя факты праз медыятэксты. У дадзеным выпадку ў якасці медыятэксту настаўнік выкарыстоўваў тры плакаты: польскі, беларускі і расійскі. Яны адлюстроўваюць адну падзею1921 года - польска-савецкую вайну, у выніку якой да Польшчы адышлі вялікія тэрыторыі Заходняй Беларусі і Украіны. Вучні аналізавалі плакаты па адмысловым плане з пытаннямі, загадзя падрыхтаванымі настаўнікам.

Настаўніца фізікі Вольга Званцова паказала, як можна развіваць медыяграматнасць на ўроках прыродазнаўчага цыкла. Тэмай урока быў трэці закон Ньютана, які яна тлумачыла праз фрагмент з фільма «Той самы Мюнхгаузен». Ключавое пытанне ўрока: «Барон Мюнхгаузен сцвярджаў, што ён змог выратавацца з балота, выцягнуўшы сабе за валасы. Ці магчыма насамрэч такое выратаванне? Як з навуковага пункту гледжання абвергнуць фэйкавы расказ барона?». Вучні шукалі доказ з дапамогай падручнікаў, і адначасова паглыбляліся ў разуменне законаў Ньютана, а таксама набывалі ўменні адрозніваць факты ад меркаванняў і выдумкі. 

Настаўніца замежнай мовы Вераніка Арлова на пачатку ўрока, прысвечанага Дню святога Валянціна, задала вучням ключавое пытанне «Святы Валянцін - гэта хайп, фэйк або герой?».  (Hype? Hoах? or Hero?) Па ходу ўрока дзеці працавалі па падручніку, запаўнялі табліцу «Хто? Што? Дзе? Калі?», працавалі ў групах са спасылкамі на відэакрыніцы. Цікавым вынікам урока стала тое, што дзеці, даведаўшыся больш інфармацыі пра «свята», змянілі свае першапачатковае меркаванне і сказалі, што ашчадзілі шмат грошай на шарах і паштоўках, бо ўжо не хацелі прымаць удзел у распаўсюджванні гэтага фэйка.

Глядзець відэафрагменты ўрокаў, дзе настаўнікі фармуюць кампетэнцыі медыяграматнасці: