Незвычайны і найцікавейшы майстар-клас ад Дар’і Касяковай, настаўніцы гісторыі гімназіі №34 г Мінска і класнага кіраўніка ў 7 класе на Міжнароднай школе медыяграматнасці ў Швецыі пра гарадскую тапаніміку як медыятэкст.
Якія асобы прадстаўляюцца нам у якасці герояў? Чыімі імёнамі названыя нашыя праспекты? Як часта сустракаюцца гістарычныя асобы на вуліцах Беларусі?
Разам з вучнямі Дар’я Касякова вылучыла тры групы назваў вуліц. Першая - звязаная з савецкім перыядам гісторыі Беларусі і, збольшага, гэтыя дзеячы да Беларусі не маюць ніякага дачынення (вуліцы Леніна, Свярдлова, Кірава). Другая група – таксама савецкі перыяд, але гэтыя прозвішчы звязаныя з людзьмі, якія былі выхадцамі з СССР і працавалі тут (Мяснікоў, Машэраў, Прытыцкі). Трэцяя група – уласнабеларускія асобы, якія не маюць дачынення да савецкай улады.
Яшчэ адно цікавае назіранне. Вуліцы з савецкабеларускімі назвамі (першая група) пераважна месцяцца ў самым цэнтры гарадоў – там, дзе самая лепшая забудова, месцы, куды завітваюць турысты. Вуліцы другой групы знаходзяцца далей ад цэнтра (у тых "спальных" раёнах, якія будаваліся ў савецкія часы). І пераважна імены з трэцяй групы (Сапега, Скарына, Шагал) маюць зусім новыя і маладыя вуліцы, якія з нядаўніх часоў будуюцца на ўскраінах.
Яшчэ вытрымкі з майстар-класа.
- Сумарны працяг вуліцы Савецкая па ўсіх гарадах Беларусі – 698 кіламетраў. Для ўяўлення, што азначае гэтая лічба насамрэч, працягласць Беларусі: з поўначы на поўдзень – 560 км, з захаду на ўсход – 650 км.
- Другая па папулярнасці вуліца – Леніна – 440 кіламетраў. На трэцім месцы (382 км) – Кастрычніцкая. Для параўнання: усяго толькі 49 кіламетраў складае сумарная працягласць вуліц Францыска Скарыны, 40 – Незалежнасці і ўсяго 33 кіламетры вуліц, якія названы імём нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага (крыніца: даследаванне Яндэкс Мапаў).