Праект «Анлайн-адукацыя для дашкольнікаў» запрашае вас паўдзельчаць у яго развіцці

Чаму ўзнік праект? Ужо не першы год у нашым грамадстве падымаюцца пытанні пра патрэбу мадэрнізацыі нашай адукацыі. Разумныя і дасведчаныя людзі пішуць адкрытыя лісты ў Міністэрства Адукацыі, прапануючы пэўныя крокі, каб зрушыць становішча ў лепшы бок. Але відавочна, што справа рухаецца марудна. Хіба нам толькі застаецца сядзець і чакаць? А нашыя дзеці тым часам атрымаюць зусім маленькі адсотак ад таго неабходнага, што можа даць сучасны свет.
 
Як мы вырашылі рашыць праблему? Каманда адукацыйнага цэнтру «Крочым разам» разумее, што нельга дазваляць, каб час нашых дзяцей марнаваўся. Мы ствараем каштоўную базу для паўнавартаснага развіцця дзетак, якая грунтуецца на лепшых методыках свету. Нашыя педагогі выкарыстоўваюць ужо існуючыя матэрыялы і распрацоўкі вядомага педагога Марыі Мантэсоры, разумна дапаўняючы сваімі ўнікальнымі напрацоўкамі, а таксама годнымі методыкамі іншых лепшых педагогаў свету. Усё адпрацоўваецца на практыцы перад тым, як стаць сапраўдным заняткам для дзетак. На дадзены момант распрацавана ўнікальная методыка на год для дашкольнага ўзросту, а таксама ў распрацоўцы праграма для малодшых класаў.
 
Нашыя дзеткі – нашая надзея! Нам так радасна назіраць, як яны ахвотна ўключаюцца ў працу, як назапашваюць веды пра сусвет, наваколле і пра саміх сябе. Мы ўкладаем нашыя сілы і веды ў іх, і бачым, які плён гэта дае, бо атрымліваем добрыя водгукі ад бацькоў.
 
Дзеткі, якія жывуць недалёка ад Ратамкі ці Мінска могуць прыходзіць у міні-садок адукацыйнага цэнтру «Крочым разам», каб атрымліваць якасную адукацыю па-беларуску з маленства. Што ж рабіць маленькім беларусам, якія не могуць хадзіць у садок, бо жывуць у іншых гарадах ці краінах? Існуе складанае пытанне – як даць усім беларускамоўным дзеткам мажлівасць атрымліваць якасную адукацыю на роднай мове за мінімальныя грошы з мінімальнай падрыхтоўкай? Для вырашэння гэтага пытання быў распачаты праект «Анлайн-адукацыя для дашкольнікаў».
 
Чым вы можаце дапамагчы? На дадзеным этапе збіраецца каманда зацікаўленых спецыялістаў: настаўнікаў, праграмістаў, юрыстаў, мастакоў, музыкаў і іншых неабыякавых дарослых, прафесіяналаў сваёй справы. Ідзе распрацоўка ўрокаў, методык, адукацыйных матэрыялаў.
 
Для таго, каб гэтая справа рухалася, мы прапануем усім, хто зацікаўлены ў навучанні дзяцей на роднай мове і мае жаданне паўдзельнічаць у рэалізацыі праекта, прыняць удзел у арганізацыйнай сустрэчы, якая адбудзецца 14 красавіка ў сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13) з 14:00 да 18:00.
 
Запіс для ўдзелу тут: https://goo.gl/forms/zEXhFlkpSWMd32Uv1
Сустрэча ў фэйсбуку: https://www.facebook.com/events/2366066316740586/
Сустрэча ў вк: https://vk.com/event164317416