Падборка практыкаванняў для асваення майстэрства крытычна думаць. Крыніца - naurok.com.ua.
Крытычнае мысленне – гэта здольнасць думаць, аналізаваць і рабіць уласныя незалежныя высновы і рашэнні. Шмат сказана пра тое, наколькі важна навучаць гэтаму дзяцей. Больш за месяц мы шукалі актуальныя для ўсіх узростаў, прадметаў і жаданых вынікаў прыёмы крытычнага мыслення. Прааналізаваўшы рэакцыю на ўсе практыкаванні, склалі рэйтынг самых папулярных прыёмаў крытычнага мыслення па версіі чытачоў часопісу адукацыйнага праекта «На Урок».
Прыём крытычнага мыслення «Плакат думак»
Гэты прыём палюбіўся настаўнікам найбольш. Напэўна, сакрэт у тым, што яго трэба выконваць у поўнай цішыні. Уявіце сабе: клас вучыцца, думае, робіць высновы і шукае ісціну ў поўнай цішыні. Бо апошняя, разам з лістом, зʼяўляецца інструментам для запаволення мыслення, у сваю чаргу гэта магчымасць засяродзіцца на праблемным пытанні і знайсці на яго адказ з улікам меркавання іншага вучня. Школьнікі могуць засяродзіцца на пунктах гледжання іншых. Трэба абʼяднаць вучняў у пары ці групы (3-4). Гэта добрае практыкаванне для інтравертаў, тых, хто не любіць публічна выступаць ці лепш успрымае інфармацыю візуальна.
Абсталяванне: ватман ці аркушы А4, каляровыя ручкі або фламастары.
Прыём крытычнага мыслення «Дыскусійнае кафэ»
Разуменне розных пунктаў гледжання – выдатны спосаб паглыбіцца ў тэму. Клас абʼядноўваецца ў групы па 5-10 вучняў у залежнасці ад колькасці дзяцей. Прыём дапаможа вывучыць і пераасэнсаваць гістарычную падзею, біяграфію чалавека, матывацыю ўчынкаў і лёсавызначальных рашэнняў. Вучні фактычна ўжываюцца ў ролю гістарычнай фігуры, або ўважліва даследуюць тэорыю, формулу, праблемнае пытанне з наступным яго абмеркаваннем і дыскусіяй.
Абсталяванне: лісты паперы, фламастары ці каляровыя ручкі.
Практыкаванне для крытычнага мыслення «Барометр»: выказаўся ў супярэчлівым пытанні
Эфектыўнае практыкаванне вядзення дыскусіі. Дзеці дэманструюць сваю пазіцыю не толькі словамі. Асаблівасць гэтага прыёму заключаецца ў тым, што клас выстраіваецца ля ўмоўных пазначэнняў, якія адпавядаюць іх пазіцыі адносна пэўнага праблемнага пытання. Падчас абмеркавання навучэнцы могуць мяняць свой пункт гледжання, адпаведна і сваё размяшчэнне ў прасторы. Думкам уласціва вагацца, як і стрэлцы барометра.
Абсталяванне: нічога спецыфічнага, ручка і папера для фіксавання высноваў па выніках абмеркавання.
Метад крытычнага мыслення "Думай, збірайся, дзяліся"
Класічны інструмент для пабудовы эфектыўнай дыскусіі і для ўзаемадзеяння паміж аднакласнікамі. Дзеці навучацца думаць перш чым казаць, афармляць думкі ў пісьмовым фармаце, весці канструктыўны дыялог, улічваць чужыя думкі і карэктаваць уласныя высновы на аснове гэтага, выступаць перад публікай, прамаўляючы каманднае рашэнне.
Абсталяванне: лісты для запісаў і ручкі.
Метад для крытычнага аналізу інфармацыі Fishbone
Даслоўна Fishbone перакладаецца як «рыбная костка» або «шкілет рыбы». І сапраўды, у аснове методыкі – схематычная дыяграма ў форме рыбінага шкілета. Такая нестандартная і адначасова простая схема дазваляе правесці хуткі і дакладны аналіз пэўнай праблемы, выявіўшы яе прычыны і наступствы. А потым трэба толькі зрабіць правільныя высновы. Выкарыстанне схемы Fishbone дае магчымасць развіваць крытычнае мысленне, арганізаваць працу вучняў у парах і групах, візуалізаваць прычынна-следчую сувязь, размяркоўваць этапы работы па ўзроўні значнасці.
Абсталяванне: папера і ручкі, можна выкарыстоўваць шаблоны ў выглядзе шкілета рыбы.
Прыём крытычнага мыслення «Рыцары Круглага стала»
Выкарыстоўваючы гэты фармат, вучні могуць раскрыць свае погляды, зрабіўшы высновы з групавой гутаркі. Вынік выкарыстання такога метаду – пашырэнне светапогляду шляхам аналізу розных меркаванняў. Дадаткова дзеці будуць вучыцца каманднай працы. Вучні павінны ўсвядоміць, як адсутнасць дыялогу, аднабокі погляд на праблему могуць абмежаваць цэласнасць успрымання сітуацыі. Слухаючы ідэі іншых, школьнікі пашыраюць межы ўспрымання свету, у якім яны жывуць.
Абсталяванне: ручка і папера. Заўважым, што практыкаванне патрабуе асаблівай арганізацыі працоўнай прасторы.
Практыкаванне «Акварыум»: для крытычнага мыслення і ўмення весці дыскусію
Практыкаванне дапаможа навучыць рабіць высновы на аснове пункту гледжання суразмоўцаў, пакажа, як пераасэнсаваць свае думкі пасля атрымання новай інфармацыі. Гэтая стратэгія асабліва карысная, калі трэба прыцягнуць да размовы ўвесь клас і важна наладзіць прадуктыўную камунікацыю сярод школьнікаў. Практыкаванне можа стаць пунктам апірышча, падрыхтоўчым этапам выканання больш складанай задачы. У артыкуле ўказаны і варыянты выканання практыкавання.
Абсталяванне: папера і ручкі. Гэта практыкаванне патрабуе асаблівай арганізацыі працоўнай прасторы кабінета.
Прыём крытычнага мыслення "Ведаю-Хачу ведаць-Даведаўся" (ВХД)
Прыём крытычнага мыслення "ВХД" можна адаптаваць да індывідуальнай, парнай або калектыўнай працы. Гэта візуальны ўкладальнік, які дапаможа вучням арганізаваць інфармацыю да, у працэсе і пасля вывучэння пэўнай тэмы. Такі падыход выкарыстоўваецца ў пачатку тэматычнага блока, для актывацыі набытых раней ведаў і для кантролю засваення матэрыялу. Вучні павінны адказаць на пытанне: што я ведаю па тэме, што хачу даведацца і што даведаўся.
Абсталяванне: табліцы для запаўнення
Прыём крытычнага мыслення «Прагулка па галерэі»
Выкананне такога практыкавання патрабуе поўнага пераасэнсавання структуры ўрока, будзьце гатовыя правесці яго ў іншым фармаце. У працэсе гэтай «прагулкі» вучні ходзяць па класе і разглядаюць тэксты ці малюнкі, размешчаныя на сценах кабінета. Практыкаванне навучыць сістэмна аналізаваць інфармацыю, супрацоўнічаць, пераасэнсоўваць высновы іншых. Калі вы хочаце, каб школьнікі вывучылі гістарычныя дакументы, тэксты рознага зместу, сабралі цытаты, прааналізавалі малюнкі, паказаўшы іх характарыстыкі, то звярніцеся да гэтага прыёму. Практыкаванне выдатна адпавядае патрабаванням візуальнага і кінестэтычнага стылю навучання.
Абсталяванне: лісты для запісаў, матэрыялы для вывучэння (экспанаты).
Практыкаванне «Мазаіка» для крытычнага асэнсавання і аналізу інфармацыі
Прыём зробіць з групы вучняў сапраўдных экспертаў у пэўнай тэме, што дазволіць пасля падзяліцца набытымі ведамі з аднакласнікамі. Такі падыход дапаможа школьнікам зразумець і запомніць інфармацыю ў той час, калі яны развіваюць свае навыкі супрацоўніцтва. Паколькі вучні будуць ведаць, што нясуць адказнасць за атрыманне ведаў аднакласнікамі, варта чакаць, што яны адчуюць вялікую адказнасць і патрэбу ў эфектыўнай працы.
Абсталяванне: лісты і ручкі для запісвання.
Прыём крытычнага мыслення «Чытацкі тэатр»
Гэта адзін з самых складаных прыёмаў крытычнага мыслення з тых, што пазначаны ў артыкуле. Мяркуецца, што вучні змогуць пераасэнсаваць сітуацыю, пэўны гістарычны або літаратурны сцэнар, паказаўшы яго перад класам. У адрозненне ад тыповай інсцэніроўкі пʼесы, гэта практыкаванне патрабуе міні-спектакля ў адвольным фармаце. На аснове прадстаўленага матэрыялу дэманструецца канфлікт, раскрываецца тэма, перадаецца пэўнае паведамленне. Вучні самі выбіраюць, на чым зрабіць акцэнты. Такі тып працы мэтазгодна выкарыстоўваць у працэсе вывучэння новай тэмы, на пазакласных мерапрыемствах і тэматычных сустрэчах, прысвечаных пэўным падзеям.
Абсталяванне: раздаткавыя матэрыялы з тэкстамі, фрагментамі дакументаў.
Біяграфічны верш: самаідэнтыфікацыя падлетка
«Хто я?» – гэта пытанне, якое хвалюе практычна кожнага падлетка. Гэта практыкаванне з крытычнага мыслення дапамагае школьнікам зразумець і растлумачыць важныя факты пра сябе. Расказаць пра сябе іншым так, як самі сябе ўспрымаюць. Падлеткі могуць напісаць рыфмаваны ці белы верш, звяртаючы ўвагу толькі на рытм. Таксама гэта адзін з варыянтаў працы, калі трэба ахарактарызаваць гістарычную або літаратурную фігуру.
Абсталяванне: папера і ручкі.
Крыніца тэксту naurok.com.ua. Пераклад – nastaunik.eu.