Урокі па гісторыі Беларусі і грамадазнаўству з жывымі інтэрв'ю са сведкамі тых часоў

На сайце беларускага Архіву вуснай гісторыі змешчаны метадычныя матэрыялы на настаўнікаў гісторыі Беларусі і грамадазнаўства. Асаблівасць гэтых планаў да ўрокаў у тым, што да кожнага з іх далучаныя відэаматэрыялы – інтэрв’ю са сталымі людзьмі, сведкамі тых з’яваў, якім прысвечана тэмы ўрокаў.
 
Распрацоўшчыкі ўрокаў зазначаюць, што на занятках выкарыстоўваюцца метады актыўнай ацэнкі, тэхналогія INSERT, актыўныя і інтэрактыўныя прыёмы, самастойная і часткова-даследчая форма дзейнасці вучняў. Падрабязныя планы ўсіх урокаў і відэаматэрыялы да іх тут.
 
Урок 1. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў БССР
Прадмет: гісторыя Беларусі, 10 клас.
На ўроку вучні разгледзяць і параўнаюць погляды на калектывізацыю, якія прадстаўлены ў розных крыніцах, такіх як дапаможнік па гісторыі Беларусі, успаміны пра калектывізацыю сталых людзей (відэазапісы інтэрв’ю), плакаты часоў СССР, артыкулы беларускіх гісторыкаў.
 
Урок 2. Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы. Стан культуры ў Заходняй Беларусі
Прадмет: гісторыя Беларусі, 10 клас.
На працягу двух урокаў вучні знаёмяцца з умовамі жыцця жыхароў Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гадах, параўноўваюць іх з умовамі жыцця ў БССР, робяць высновы аб узроўні эканамічнага і культурнага развіцця рэгіёну. У занятку выкарыстоўваюцца аўдыёзапісы ўспамінаў сведкаў часу.
 
 
Урок 3. Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі
Прадмет: гісторыя Беларусі, 10 клас.
На занятках вучні будуць працаваць з гістарычнымі дакументамі часоў Другой сусветнай вайны і відэазапісамі інтэрв'ю сведкаў эпохі. Падчас урока вучні складуць апорны план-канспект.
 
 
Урок 4. Увядзенне «новага парадку» на акупаваных тэрыторыях
Прадмет: Гісторыя Беларусі, 10 клас
На занятках вучні паглыбяць веды і прыменяць іх для аналізу і ацэнкі злачынных дзеянняў нацысцкага кіраўніцтва праз працу з гістарычнымі матэрыяламі, відэазапісам успамінаў былой вязня канцлагера «Асвенцым» Алены Іосіфаўны Среднёвой, урыўкам з дакументальнага відэафільма «З гісторыі канцлагера "Чырвоны Бераг".
 
 
Урок 5. Сям’я ў сучасным грамадстве
Прадмет: грамадазнаўства, 10 клас
На занятку вучні абмяркуюць сямейныя каштоўнасці, якія існуюць у беларускім грамадстве, зробяць параўнанне стаўлення да інстытуту сям’і маладога і старэйшага пакалення, паспрабуюць знайсці адказ на пытанні: «Як ствараць сям’ю: па каханні ці па разліку?», «Што такое шчаслівая сям’я?» і «Што я павінен зрабіць для таго, каб у мяне была шчаслівая сям’я?». У выніку занятку чакаецца, што вучні сфармуюць першаснае ўяўленне аб тым, якую сям’ю яны хочуць стварыць і як да гэтага імкнуцца.