Сэлфі з сінхрафазатронам. Сяргей Фадзін пра школу для настаўнікаў фізікі ў Дубне

З 24 па 30 чэрвеня 2018 г. у Аб'яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў (Дубна, Расія) праходзіла 11-я Міжнародная навуковая школа для настаўнікаў фізікі .

У гэтым годзе ў ёй прыняў удзел Сяргей Фадзін, настаўнік фізікі СШ № 26 г. Гродна. А ўсяго на праграму было адабрана 22 настаўнікі і 11 старшакласнікаў з Расіі, Украіны, Беларусі. 


Сяргей Фадзін. Сэлфі з сінхрафазатронам. Дубна, 2018 г. 

Папасці на праграму было няцяжка, кажа Сяргей. Для ўдзелу ў школе неабходна зарэгістравацца на сайце teachers.jinr.ru і затым падаць заяўку для ўдзелу ў школе ў пэўны тэрмін. Спіс выбраных аргкамітэтам удзельнікаў школы публікуецца пазней. Усяго такой магчымасцю скарысталіся 6 настаўнікаў з Беларусі. 


Сяргей Фадзін каля дзвярэй у лабараторыю. Дубна, 2018 г. 

Сёлета ўдзельнікі Школы ў Дубне паспелі шмат: пазнаёміліся з усімі лабараторыямі Інстытута, наведалі сучасныя даследчыя ўстаноўкі, праслухалі лекцыі вядучых спецыялістаў АІЯД, падрыхтавалі прэзентацыі творчых праектаў, прынялі ўдзел у практыкумах, зрабілі шпацыр па гістарычных мясцінах горада і ацанілі школьныя даклады. Настаўнікам удалося акунуцца ў міжнароднае навуковае асяроддзе, асабіста пагутарыць з навукоўцамі-фізікамі і даведацца аб перадавых даследаваннях. Пабачыць на свае вочы суперкампутар і адразу некалькі паскаральнікаў: сінхрафазатрон, нуклатрон, фазатрон, фабрыку звышцяжкіх элементаў. Патрымаць у руках метэарыт, разгледзець пад электронным мікраскопам пары трэкавай мембраны. Даведацца, як дэтэктуюць няўлоўныя нейтрына і як з дапамогай нейтронаў зазірнуць унутр прадмета. Праслухаць лекцыю пра цёмную матэрыю і зразумець, што вывучаць навакольны свет неверагодна цікава. Усё гэта можна паспець за тыдзень на навуковай школе ў АІЯД. 

Падобную праграму для школьных настаўнікаў праводзіць і CERN  (Еurореаn Оrgаnіzаtіоn fоr Nuсlеаr Rеsеаrсh, Gеnеvа). Вялікі адронны калайдар, які знаходзіцца на мяжы Швейцарыі і Францыі на глыбіні каля ста метраў, удалося пабачыць на свае вочы настаўнікам фізікі - аўтарам нашага сайта Эле Якубоўскай і Алене Ананчыкавай, якія сталі ўдзельнікамі Навуковай школы для настаўнікаў фізікі ў СЕRN. Падрабязней пра гэта пісала Звязда і Настаўніцкая газета.  

Сяргей Фадзін раіць усім калегам прымаць удзел у падобных праграмах, каб не спыняцца ў прафесійным развіцці. А яшчэ таму, што вось-вось запрацуе Астравецкая АЭС і нам трэба быць пільнымі і абазнанымі ў ядзернай фізіцы. 

Настаўнікі падчас Школы працавалі і адпачывалі. У «пазакласны час» у холе гасцініцы па вечарах удзельнікі самастойна ладзілі «круглыя ​​сталы» і дэманстрацыі эфектных і ў той жа час простых у выкананні фізічных эксперыментаў.
Вось невялічкія відэа-ролікі пра эксперыменты з вадкім азотам, якія зняў Сяргей Фадзін.