Украінскі EdCamp-2018. Вучымся і вучым.

Паважаныя калегі, партнёры, усе, каму не абыякава адукацыя. 

Просім Вас прачытаць гэты і папярэдні тэксты, каб Вы змаглі прыняць абгрунтаванае рашэнне, ці падтрымліваць Вам гэты адукацыйны праект, ці далучацца да Edcamp Belarus-2018.

Вы ж ведаеце, што ў сістэме адукацыі ў нашай краіне не ўсё адпавядае чаканням  грамадства, бізнесу, бацькоў, ды і саміх настаўнікаў. Часта прымаюцца валюнтарысцкія рашэнні, настаўнікамі становяцца далёка не самыя лепшыя абітурыенты.  Зараз XXI стагоддзе, а многія педагогі вучаць дзяцей так, як вучылі ў мінулым або пазамінулым. Да гэтага часта скіроўвае настаўнікаў закандаўства, нарматыўныя дакументы або проста стэрэатыпы, якія цяжка пераадолець аднаму.  Таму мы збіраем НЕканферэнцыю EdCamp Belarus, каб абмяняцца думкамі і ідэямі, як палепшыць адукацыю.  

Калі Вы педагог, вы можаце далучыцца да EdCamp Belarus 13-14 кастрычніка 2018 г. са сваёй прэзентацыяй, майстар-класам, арганізаваць дыскусію, прагляд і абмеркаванне фільма... Любая Вашая ідэя будзе пачута. Запаўняйце анкету тут

Калі Вы прадстаўляеце арганізацыю, СМІ, або проста неабыякавы чалавек, Вы можаце далучыцца ў якасці спонсара, інфармацыйнага партнёра, спікера, рэкламадаўцы, валанцёра, суарганізатара.  Вашая анкета тут

Ну а цяпер у працяг папярэдняга артыкула пра рух EdCamp прапануем пазнаёміцца з досведам Украіны, куды беларускія настаўнікі былі запрошаны ў якасці спікераў.

Украінскі  EdCamp. Вучымся і вучым.  

(Працяг. Пачатак тут)
Чуткі ў інфармацыйным грамадстве распаўсюджваюцца не з хуткасцю гука, а з хуткасцю святла. Ідэю правесці першую неканферэнцыю EdCamp Belarus мы запазычылі ва Украіне, у Аляксандра Элькіна і яго каманды. Аднак пасля нашага эдкэмпу ўкраінцы ўжо двойчы запрашалі беларусаў на свае неканферэнцыі. Так, сябры! Наш адукацыйны досвед запатрабаваны ў свеце.

Беларускія настаўнікі праводзяць вэбінар падчас Edcamp Ukraine / г. Шостка, 18.11.2017.

Ва Украіне ідзе рэформа адукацыі. Яны цалкам памянялі адукацыйнае заканадаўства, зрабілі яго самым сучасным у Еўропе, напісалі канцэпцыю “Новай украінскай школы”. Украінцам цяпер дапамагаюць фіны, палякі, датчане, эстонцы, амерыканцы… Аднак, гэта рэформа ідзе “зверху”, ад  кіраўніцтва краіны. Яна будзе мець поспех, толькі калі яе ўспрымуць настаўнікі і пачнуць мяняцца самі і мяняць школу.

У Беларусі іншая сітуацыя. У нас рэформа ідзе “знізу”. Наш досвед укаранення сучасных навучальных тэхналогій, якія і дазваляюць фармаваць тыя ж ключавыя кампетэнцыі і скразныя ўменні 21-га стагоддзя ідзе ад настаўнікаў-энтузіястаў і мае вынікі. Украінцы сёння ведаюць ШТО трэба рабіць – гэта ў іх прапісана ў законе, але не заўсёды ведаюць ЯК, а беларусы на працягу 9 год гэта робяць. Мы распрацавалі сваё ўласнае ноў-хаў гэтых зменаў. Пакрокавае выкарыстанне нашых рэкамендацый дае добры адукацыйны эфект. І хай пакуль нашы змены трымаюцца на энтузіястах і не дайшлі да вярхоў, але беларускія настаўнікі-практыкі павінны ведаць, што іх праца – не марная, і яны рухаюцца ў правільным кірунку і маюць перспектыву.

 Украінскі EdCamp  праходзіць пад дэвізам “Будуем супольнасць адказных настаўнікаў!”  Яны сваіх удзельнікаў называюць агентамі змен, або белымі варонамі. Чацвёрты нацыянальны EdCamp нават распачаўся з дэманстрацыі кліпа, дзе белыя вароны спяваюць песню “Черный ворон, я не твой”.

Сёлета ў Харкаў прыехала больш за 1000 настаўнікаў і экспертаў з розных краін, каб сабраць ідэі і накіраваць рэформу адукацыі ў правільны бок. На EdCamp у Харкаў завітала і міністр адукацыі Украіны Лілія Грыневіч. Яна цэлы дзень знаходзілася сярод настаўнікаў, абмяркоўвала праблемы, адказвала на пытанні. Вядома ж, любая рэформа распачынаецца з перападрыхтоўкі кадраў. За гэтае лета трэнінгі і курсы дыстанцыйнага навучання прайшло больш за 20 тысяч настаўнікаў-пачаткоўцаў. Менавіта яны у 2018/19 навучальным годзе набяруць першы клас, які будзе вучыцца па новых праграмах.

Лілія Грыневіч, міністр адукацыі і навукі Украіны

Лілія Грыневіч у сваім выступе распавяла пра змены ў сістэме павышэння кваліфікацыі педагогаў. Цяпер настаўнікі будуць мець не па 90, а па 180 гадзін павышэння кваліфікацыі, прычым усе гэтыя гадзіны будуць настаўніку аплочаны як вучэбныя. Настаўнікі самі будуць выбіраць, у якой арганізацыі, у якіх выкладчыкаў праходзіць курс, могуць выбраць дыстанцыйны без адрыву ад школы. Грошы пойдуць за настаўнікам у тую арганізацыю, якую яны абяруць, нават калі гэта будзе недзяржаўная арганізацыя. (Я тут падумала, што АПА і НІА маюць спецыялістаў і маглі б выставіць свае адукацыйныя паслугі на ўкраінскі рынак, як гэта робяць іншыя краіны, але не пры гэтай непаваротлівай уладзе. І яшчэ, каб у нас было такое ж заканадаўства, то настаўнікі, якія вучацца на дыстанцыйных курсах ТБШ, атрымалі б дадатковую аплату ад дзяржавы за 90 вучэбных гадзін).

Наша тэма “Актыўная ацэнка – тэхналогія, без якой немагчыма рэформа адукацыі” сабрала ў Харкаве поўную аўдыторыю і была запатрабавана не менш, чым досвед фінаў, ізраіліцян, немцаў ці эстонцаў. А ключом да сэрцаў украінцаў была беларуская мова. Яна зразумелая нашым суседзям і ўспрымаецца імі як родная.

Беларускі майстар-клас падчас ЕdCamp Ukraine / Харкаў, 3.07.2018.

Наогул, украінцам можна пазайздросціць не толькі з рэформай, якой яны нарэшце дачакаліся, але і з фінансавымі ўмовамі. Па-першае, ва Украіне на адукацыю ідзе больш за 7 %  УВП, а ў Беларусі толькі 2,5 %. У ўкраінцаў больш свабоды. І тут гаворка не толькі пра магчымасць выбару падручнікаў, якіх процьма, але і пра эканамічную свабоду. Украінскі эдкэмп меў больш за 80 спонсараў: гэта бізнес-структуры, выдавецтвы, ААН, замежныя фонды і нават першая ледзі Украіны. На шматлікіх сесіях прэзентавалі не толькі ідэі, але і навучальныя прадукты: праграмы, камп’ютарнае абсталяванне для навучання. Настаўнікі сядзелі з калькулятарамі і прыкідвалі, што лепш набыць для сваёй школы. У нас бюджэт школ непразрысты, таму пра такое нават і гаворкі няма.

Бізнес Украіны дапамагае адукацыі, а адукацыя бізнесу. Прыкладам, настаўнікі маюць магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе і атрымаць фінансаванне на правядзенне рэгіянальнага эдкэмпу. Такіх адбылося ўжо 46. Сёлета праз конкурс адабралі і школу з матываваным педагагічным калектывам, дзе ў якасці эксперыменту паспрабавалі ўкараніць фінскую мадэль адукацыі. Да іх прыехалі фінскія настаўнікі і нейкі перыяд вучылі дзяцей па сваіх методыках. Украінскія настаўнікі маглі назіраць, удзельнічаць у працэсе, фіксаваць рэакцыю дзяцей. Калі фіны з’ехалі, паспрабавалі далей працаваць з тым, што ім спадабалася.   

Фінскія эксперты Эса Сінівуоры і Кайсу Хелмінен, цікавяцца у Тамары Мацкевіч, што адбываецца ў школах Беларусі і гатовы  да супрацоўніцтва. Размова пра тое, якія крокі можна рабіць, каб наша школа была не горш за фінскую.

А наогул, украінцы вельмі падобныя да беларусаў, хіба жыццёвых сілаў і аптымізму ў іх крыху больш. Мая маскоўская калега назвала гэта энергіяй маладой нацыі. Агульныя ў нас і хібы, якіх украінцы не хаваюць. Яны змагаюцца з паказухай, якая пакуль цяжка выкараняецца і была заўважна нават падчас эдкэмпу. Не падабаецца ўкраінцам засілле конкурсаў-алімпіяд.  У сацсетках вядзецца змаганне за тое, каб рэлігію прыбраць са школы наогул. Інакш ёсць рызыка замест  патрыятызму і навуковай карціны свету індактрынаваць “скрэпы” і адкінуць школу ў пазамінулае стагоддзе. Настаўнікі адкрыта крытыкуюць і спадчыну “саўка”:  савецкую мадэль камандна-адміністратыўнага кіравання, бюракратычны прэсінг і несвабоду ва ўсім.  Усё гэта моцна перашкаджае рэформе.

Крытычнае мысленне і навыкі XXI стагоддзя - прыярытэт украінскай школы. Выдавецтвы  выставілі свае навінкі: настаўнік мае магчымасць выбару навучальных дапаможнікаў, а канкурэнцыя спрыяе падвышэнню іх якасці. 

Наогул, крытычнае мысленне і індывідуальны падыход да кожнага вучня – скіраванасць не толькі ўкраінцаў. Гэта сусветны трэнд. Прыкладам, ізраільскі эксперт – саветнік міністра адукацыі Ізраіля, зазначыў, што нямецкая адукацыя давала добрыя веды, але пазбаўляла вучняў індывідуальнасці. Гэта стала прычынай таго, што з адукаваных немцаў было лёгка зрабіць статак і накіраваць на мэты Трэцяга рэйха. Асобамі так не пакіруеш. Індывідамі цяжка маніпуляваць. Нямецкую сістэму адукацыі запазычыла Расія і распаўсюдзіла яе на ўвесь сацыялістычны лагер. Вось цяпер Нямеччына сваю сістэму адукацыі даўно змяніла, а мы ўсе доўга будзем перажываць яе наступствы.

Усяго падчас эдкэму адбылося 190 сесій, якія ішлі адначасова ў 21 лакацыі.  Усе сесіі запісваліся на відэа і цяпер іх могуць праглядзець усе, каго цікавіць адукацыя.

Аднак адрозненні ад Беларусі ўсё ж такі ёсць. За часы незалежнасці Україна пачала будаваць сваю нацыю і сваю краіну. Я не сустракала ніводнага настаўніка, які б не разумеў, што краіне патрэбна свая мова – як бы цяжка не было яе вярнуць пасля столькіх год русіфікацыі, яе вяртаюць. Па-другое, дзяржава не варожа ставіцца да народа. Таму ва Украіне больш свабоды, людзі не баяцца пасварыцца з начальствам, агучыць праблемы на самым высокім узроўні, і за іх вырашэнне бяруцца ўсёй супольнасцю.

Падчас Эдкэмпу даследаваліся каштоўнасці украінскіх настаўнікаў. У першую тройку увайшлі Жыццё, Любоў і Свабода. 

Сацыялагічныя службы робяць даследаванні стану адукацыі: не паспелі яны агучць лічбу, што толькі 7% настаўнікаў задаволены падручнікамі, як каманда EdCamp Ukraine (грамадская структура) правяла экспертызу больш за 300 падручнікаў, выдавецтвы (камерцыйныя структуры) пазбіралі аўтарскія калектывы і стварылі новыя падручнікі. Праграмісты напісалі абалонкі, каб гэтыя падручнікі зрабіць інтэрактыўнымі.  Мае калегі з Акадэміі ўкраінскай прэсы на эдкэмп наогул не прыехалі – яны ўсё лета працуюць у камандзе над новым адукацыйным стандартам, дапамагаюць свайму міністэрству. Украінцы не чакаюць, што хтосьці звонку вырашыць іх праблемы.  

Ад іх я пачула анекдот:

- Тук-тук.

- Хто там?

- Твой шанец.

- Няпраўда, шанец стукае адзін раз.

Хочацца верыць, што ўкраінцы свой шанец не прапусцяць. І нам будзе лягчэй.

Тамара Мацкевіч, для Nastaunik.info
Харкаў, 2018.