Напрыканцы мінулага тыдня, 26-27 ліпеня 2018 г., удзельнікі краязнаўчага гуртка “Terra incognita” Пастаўскай гімназіі разам з сябрамі Таварыства беларускай мовы ў межах агульнабеларускай акцыі “Разам да справы” здзейснілі двухдзённую экспедыцыю ў паўднёвую частку Пастаўскага раёна.
Мэта вандроўкі - вывучэнне прыродна-гістарычнага комплекса “Крыжоўкі” каля азёр Доўжа і Варанец, на невялікай тэрыторыі якога змяшчаецца шэраг рэдкіх і ўнікальных для Беларусі аб’ектаў. Удзельнікі экспедыцыі даехалі на аўтобусе да вёскі Чарняты, а потым рушылі па Старамядзельскай дарозе ў напрамку на вёску Пятроўшчына. На шляху давялося фарсіраваць раку Мядзелка, выпрабоўваць моц ног асцём скошанай збажыны, прадзірацца праз беларускія “джунглі” з зарасніку вольхі, лазы і крапівы пад пагрозлівым гулам камароў і аваднёў.
Пасля ўсталявання лагера і абеду група зрабіла радыяльны выхад, падчас якога былі абследаваны руска-германскі могільнік часоў І сусветнай вайны, папуляцыя капавых асін, паміраючы дуб-волат, былая гідратэхнічная сістэма Варанец-Мядзелка з падмуркам млына, бабровая “імперыя”, маляўнічыя берагі возера Варанец.
Вечарам удзельнікі экспедыцыі адпачывалі: гулялі ў валейбол, купаліся, спявалі песні пад гітару, гулялі ў “стратэгію”.
На наступны дзень вывучалася ўсходняя частка прыродна-гістарычнага комплексу “Крыжоўкі”. Былі абследаваны з фіксацыяй дакладных каардынат праз навігатар такія адметныя аб’екты як германскі ўмацаваны раён І Сусветнай вайны з сістэмай траншэй, акопаў і жалезабетонных бліндажоў, месца былога сельскагаспадарчага вучылішча, падмурак маўзалея-капліцы У. Друцкага-Любецкага, помнік на месцы бою часоў ІІ Сусветнай вайны, унікальная сістэма з трох невялікіх рознаўзроўневых Сарочынскіх азёр.
Вечарам група вярнулася ў Паставы.
У выніку праведзеных даследаванняў удалося сабраць дадатковы матэрыял пра цікавыя аб’екты комплекса “Крыжоўкі”, вызначыцца з ніткай турысцка-экскурсійнага маршрута, які плануецца бліжэйшым часам уладкаваць.
Ігар Пракаповіч, кіраўнік экспедыцыі