«У доме прарвала дзве трубы: з халоднай вадой і гарачай. З халоднай у кватэру выліваецца 70 літраў ледзяной вады ў хвіліну, а з гарачай — 12 літраў у секунду. Патонуць жыхары гэтай кватэры ў ледзяной вадзе ці «зварацца»?
Як вы думаеце, калі б такое пытанне задалі школьнікам на ўроку па матэматыцы, ці падалася б тэма «Адзінкі вымярэння» ім такой ужо сумнай? Уменне педагога фармуляваць пытанні, якія чапляюць вучняў на кручок і ўтрымліваюць іх увагу ўвесь урок, можна параўнаць з сапраўдным мастацтвам. Закідаць пытаннямі прасцей, куды больш складана трапіць у цэль...
Вольга ЖЫТКАЯ: «Дзякуючы актыўнай ацэнцы ты робішся больш цікавым для сваіх вучняў».
У сусветным трэндзе
Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі, які сабраў каля ста педагогаў з усёй Беларусі — ідэйных прыхільнікаў гэтай тэхналогіі навучання. Цікава, што на дыстанцыйны курс «Стратэгіі актыўнай ацэнкі», які вось ужо шэсць гадоў праводзіць Таварыства беларускай школы, заявак заўсёды паступае больш, чым могуць задаволіць арганізатары. Некаторыя выпускнікі курса прызнаюцца, што ім удалося трапіць на вучобу толькі з трэцяй спробы. Але, паднабраўшыся досведу, многія пазней ужо самі становяцца ментарамі на курсе. Да руху педагогаў, якія пажадалі перагледзець свае метады навучання, далучаюцца ўсё новыя энтузіясты. Адбываецца сапраўдная ланцуговая рэакцыя. Сёлета, напрыклад, пасведчанні аб заканчэнні курса атрымалі 72 педагогі, якія на працягу шасці месяцаў крок за крокам спасцігалі новую філасофію і ўводзілі ў сваю практыку элементы актыўнай ацэнкі.
— У Еўропе гэта тэхналогія вядомая пад назвай Formatіve Assessment (дынамічнае ці фарміруючае ацэньванне). Калі ў 2009 годзе ў Беларусь прыехалі настаўнікі з Варшавы, каб падзяліцца сваім досведам, мы зразумелі, што існуе цэлая сістэма, элементамі якой мы раней карысталіся, але рабілі гэта не сістэмна, а эпізадычна, — кажа прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай ЗАПРУДСКІ. — У нас сфарміравалася свая група трэнераў і паўстала пытанне, як назваць гэту сістэму. Вырашылі, што ў Беларусі будзе актыўная ацэнка (АА). Таварыствам беларускай школы быў створаны адмысловы сайт www.aacenka.by, дзе арганізаваны дыстанцыйныя курсы. У краіне тры гады працавалі 13 інавацыйных пляцовак па ўкараненні актыўнай ацэнкі ў адукацыйны працэс. Каардынацыя іх дзейнасці ажыццяўлялася цэнтрам прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Многімі настаўнікамі быў абаронены вопыт прымянення АА, на падставе якога яны атрымалі катэгорыю «настаўнік-метадыст». Праводзіцца мноства семінараў, трэнінгаў, урокаў для дарослых, майстар-класаў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі. Што мы маем сёння, праз дзевяць гадоў? Калі настаўнікі ўмела прымяняюць актыўную ацэнку, то ў іх вучняў павышаюцца матывацыя, адказнасць за навучанне і, адпаведна, якасць адукацыі.
Эфектыўнасць такога ацэньвання пацвярджаецца не толькі вопытам настаўнікаў, але і навукай. Ёсць вельмі грунтоўныя даследаванні аўстралійскага прафесара Джона Хэці, вучоных з Адкрытага ўніверсітэта Вялікабрытаніі, якія даказваюць, што фарміруючае ацэньванне — мадэль навучання, якая дае вялікі адукацыйны эфект. Яна прызнаная самым эфектыўным сродкам навучання.
«Але, на жаль, прысутнічае і прафанацыя, ёсць прыклады няўмелага прымянення актыўнай ацэнкі, вульгарызацыі ідэі, нерэфлексіўнага выкарыстання знешне прывабных сродкаў тэхналогіі АА, — канстатуе Мікалай Запрудскі. — Таму я лічу, што толькі прафесіяналізм абароніць актыўную ацэнку...»
Танцуем вакол адзнак
Ці можна навучыць таго, каму нецікава? Ці можа нізкі бал матываваць да навучання? Гэтыя пытанні нельга назваць рытарычнымі. Вучыцца — азначае для многіх атрымліваць адзнакі. Ацаніць працу вучня — значыць абавязкова паставіць яму адзнаку.
Актыўная ж ацэнка прынцыпова пазбягае канкурэнцыі. Настаўнікі, якія яе выкарыстоўваюць, перакананыя, што кожны вучань можа дасягнуць многага, і робяць акцэнт на яго поспехах без параўнання з іншымі вучнямі.
Усё навучанне ў межах актыўнай ацэнкі пранізана зваротнай сувяззю: ад настаўніка да вучня, ад настаўніка да бацькоў, ад вучня да другога вучня, ад вучня да бацькоў. Менавіта каментарый ад настаўніка (вусны і пісьмовы), а не адзнака ў балах, з'яўляецца фундаментам актыўнай ацэнкі. Для педагогаў гэта магчымасць вярнуць у адукацыйны працэс найбольш слабых вучняў, бо дзецям нецікава, калі ў класе адбываецца разбор толькі найбольш тыповых памылак. Кожны хоча чуць найперш пра сябе — пра свае поспехі і няўдачы.
— Чаму дзеці часта баяцца адказваць на ўроку? Таму што баяцца негатыўнай рэакцыі на сваю памылку, — разважае настаўнік беларускай мовы і літаратуры Міхалішкаўскай сярэдняй школы Наталля ЯРМАК. — Я лічу, што любая думка мае права на існаванне, галоўнае — яе аргументаваць. І вучні зусім не павінны думаць гэтаксама, як іх настаўнік. Так, у мяне большы жыццёвы вопыт, і я магу накіраваць іх пошукі ў пэўным напрамку, але ўсе маюць права на ўласнае меркаванне. Пры такім падыходзе дзеці смялей пачынаюць выказвацца, дзяліцца ідэямі, агучваць гіпотэзы...
Ва ўсіх павінна быць упэўненасць, што любую іх думку адэкватна успрымуць як настаўнік, так і аднакласнікі. Я пераканалася, што актыўная ацэнка дапамагае вучню расці, галоўнай становіцца не адзнака, а ацэнка яго дзейнасці. Значэнне мае не тое, колькі балаў ты атрымаў на ўроку, а тое, чаму навучыўся. Мы ж вучымся не дзеля адзнак? Ва ўсялякім разе, так павінна быць! Актыўная ацэнка лечыць страх перад выстаўленнем адзнакі...
Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 5 г. Смаргоні настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Ларыса ВАЛЫНЕЦ папярэджвае аб памылках пры забеспячэнні зваротнай сувязі: «Нельга выкарыстоўваць агульныя фразы накшталт «Цудоўна», «Ты малайца!» Зваротная сувязь павінна быць максімальна канкрэтнай і адрасавацца не 6 «А» класу, а Пецю, Васю, Алене і гэтак далей. Трэба паказваць вучню, што ў яго атрымліваецца, а над чым яшчэ трэба працаваць ці што трэба дапрацаваць, даць яму падказку, дзе знайсці патрэбны матэрыял (канкрэтную старонку параграфа, спасылку на інтэрнэт-рэсурс і гэтак далей). І пачынаць трэба са станоўчага: крытыка не павінна быць крыўднай. Безумоўна, забяспечыць зваротную сувязь складана фізічна, да таго ж рабіць гэта трэба не час ад часу, а сістэматычна. Затое ў адрозненне ад адзнакі ў балах актыўная ацэнка — больш інфарматыўная, яна падказвае вучню, у якім напрамку яму рухацца далей, дазваляе эфектыўна матываваць выхаванцаў, прымушае іх браць на сябе адказнасць за сваё навучанне... Прызнаюся, што для мяне самае складанае ў актыўнай ацэнцы — скласці цікавае ключавое пытанне і забяспечыць зваротную сувязь».
Наталля ЯРМАК: «Ключавым пытаннем можа быць і фатаграфія, і карцінка...»
Інтрыга на ўроку
— Дзякуючы актыўнай ацэнцы ты робішся больш цікавым для сваіх вучняў, — запэўнівае настаўніца біялогіі Ушацкай сярэдняй школы Вольга ЖЫТКАЯ. — А матываваць іх дапамагае якасна складзенае ключавое пытанне. На яго нельга адназначна адказаць «так» ці «не», яно павінна быць адкрытае. Гэта кручок, які не адпускае ўвагу дзіцяці 45 хвілін.
Пытанне павінна звязаць матэрыял, што будзе вывучацца, з жыццём. Каб вучні разумелі, як і дзе ім могуць спатрэбіцца тыя ці іншыя веды. Яно можа ахопліваць адзін урок ці ўвесь раздзел.
Вось некалькі прыкладаў ключавых пытанняў:
«Чалавек і свет». 1 клас.
«Што больш страшна для дзікіх жывёл: холад ці голад?»
Руская мова. 3 клас. Тэма «Утварэнне слоў з дапамогай суфіксаў».
«Як пераўтварыць звычайнага ката ў маленькага ці вялізнага?»
Біялогія. 10 клас. Тэма «Монагібрыднае скрыжоўванне».
«Вы генетык-селекцыянер. Да вас звярнуўся ваш сябар — сабакавод-заводчык. Яму прапанавалі шчанюка хаскі за 400 рублёў, запэўніваючы, што той чыстакроўны. Які спосаб праверкі чыстакроўнасці сабакі вы можаце прапанаваць свайму сябру як генетык?»
Фізіка. 9 клас. Тэма ўроку «Рух па інерцыі. Першы закон Ньютона».
«Як вы лічыце, ці магчыма зрабіць так, каб цела рухалася бясконца?»
— Можна ў якасці ключавога пытання скарыстацца дзвюма супрацьлеглымі думкамі, — прапануе Мікалай Запрудскі. — «Арыстоцель казаў: «Каб цела рухалася, трэба яго штурхаць...» А Ньютан сцвярджаў, што для таго, каб цела рухалася, трэба яму не перашкаджаць. Хто з іх меў рацыю?» Выдатна, калі ключавыя пытанні правакуюць дыскусію, ствараюць праблемную сітуацыю.
Ключавым пытаннем можа быць задача, загадка, гіпотэза, любы прадмет (скажам, цагліна на ўроку матэматыкі ці яблык — на ўроку гісторыі), малюнак, фота, калаж, плакат, відэаролік, лайфхак. Незвычайныя паводзіны настаўніка, калі ён стварае на ўроку пэўную сітуацыю, таксама могуць зачапіць увагу вучняў. Любяць дзеці і чорныя скрыні, якія захоўваюць інтрыгу. Калі ключавое пытанне добра прадумана педагогам загадзя, то на ўроку працуюць усе.
«На занятках у сёмым класе я паказваю навучэнцам разгорнутую далонь, пяро голуба, лісце клёна, каштана, дуба і задаю ім пытанне: «Што агульнага паміж гэтымі аб'ектамі і як яны дапамогуць нам сёння на ўроку?», — прыводзіць яшчэ адзін прыклад са сваёй практыкі Вольга Жыткая.
Цікавае назіранне: дзеці, якія да школы ахвотна распытваюць бацькоў і выхавальнікаў пра ўсё, што яны бачаць, страчваюць такую цікаўнасць у школе. Чаму? Магчыма, гэта вынік таго, што інфармацыю яны атрымліваюць раней, чым паспяваюць ёю зацікавіцца? Да таго ж педагог часцей за ўсё не пакідае ім часу на развагі і роздум. На пытанне «Як доўга чакаеце адказу?» большасць настаўнікаў прызнаецца, што некалькі секундаў — да першай узнятай рукі.
Прыхільнікі актыўнай ацэнкі называюць яе новай адукацыйнай філасофіяй. Чаму менавіта філасофіяй? Таму што АА патрабуе ад настаўніка прыняць новую ролю і адмовіцца ад стэрэатыпаў, якія склаліся ў традыцыйнай мадэлі. Настаўнік вучыць не для таго, каб злавіць на памылках, а для таго, каб навучыць. Ён не кантралёр, а партнёр у працэсе навучання. У цэнтры ўрока знаходзіцца вучань з яго патрэбамі.
Для педагога актыўная ацэнка — шлях да змен: як унутры сябе, так і навокал. Але любое развіццё — гэта ў пэўнай ступені выхад з зоны камфорту...
Падзяліліся досведам
У кастрычніку мінулага года ў Беларусі прайшла першая неканферэнцыя EdCamp. Гэта міжнародная ініцыятыва нарадзілася ў настаўніцкім асяроддзі ў ЗША ў 2010 годзе і распаўсюдзілася на дзясяткі краін свету. Неканферэнцыя падпарадкоўваецца закону "аб дзвюх нагах": яе праграма загадзя невядомая, удзельніцы і ўдзельнікі самастойна вызначаюць ход мерапрыемства і далучаюцца да той дыскусіі, якая цікавая менавіта ім, праграма фактычна ствараецца разам зыходзячы з інтарэсаў кожнага ўдзельніка. "EdCamp Belarus мы падгледзелі ва Украіне. Аднак пасля нашага "эдкэмпу" ўкраінцы ўжо двойчы запрашалі беларусаў на свае неканферэнцыі, — падкрэслівае старшыня Таварыства беларускай школы Тамара МАЦКЕВІЧ. — У ліпені ў Харкаве прайшла 4-я нацыянальная неканферэнцыя EdCamp Ukraіne з удзелам 1000 настаўнікаў і экспертаў з 11 краін свету. Беларусы прадставілі там свой досвед укаранення актыўнай ацэнкі ў практыку. Тэма "Актыўная ацэнка — тэхналогія, без якой немагчымая рэформа адукацыі" сабрала ў Харкаве поўную аўдыторыю і была запатрабаваная не менш, чым досвед фінаў, ізраільцян, немцаў ці эстонцаў. А ключом да сэрцаў украінцаў была беларуская мова. Яна зразумелая нашым суседзям і ўспрымаецца імі як родная".
Страх дапусціць памылку паралізуе...
Вынікі рэспубліканскага маніторынгу стамляльнасці і працаздольнасці навучэнцаў VII класа, які праводзіўся Нацыянальным інстытутам адукацыі па заказе Міністэрства адукацыі, паказалі, што цікавасць да вывучэння вучэбных прадметаў грунтуецца на патрэбах у новых уражаннях і новай інфармацыі. На думку навучэнцаў, найбольш важнымі ў павышэнні інтарэсу з'яўляюцца знаёмства з новым, цікавыя факты, падзеі, практыкаарыентаванасць навучальных заданняў, выкананне творчых, нестандартных заданняў, правядзенне доследаў і эксперыментаў. Немалаважную ролю мае магчымасць выказаць свой пункт гледжання і атрыманне пахвалы.
А зніжаюць цікавасць да вывучэння вучэбных прадметаў неразуменне вучэбнага матэрыялу і/або неабходнасць запамінання яго вялікага аб'ёму, пачуццё страху, боязь дапусціць памылку пры адказе і выглядаць смешным у вачах аднакласнікаў і/або настаўнікаў, неразуменне тлумачэнняў настаўніка і адсутнасць цікавых заданняў. Адмоўныя эмоцыі, страхі не толькі блакуюць мысленне, але і правакуюць няўпэўненасць, нізкую самаацэнку, моцнае нервовае напружанне. Кожны дзясяты вучань на школьных занятках адчувае напружанасць, гнеў, страх, хваляванне, крыўду і няўпэўненасць у сабе.
Надзея НІКАЛАЕВА, газета Звязда